Вялікае Княства
Гэты праект тых і для тых, хто атаясамлівае сябе грамадзянінам Вялікага Княства – краіны росквіту культуры, заканадаўства, ашчадных адносін да сваёй гісторыі, культуры і духоўнай спадчыны. І наўрад ці такі сайт калі-небудзь узнік бы, калі б на сваім шляху я не сустрэў людзей, якія, хаця і паасобку, свядома ці падсвядома, усё сваё жыццё ішлі да Вялікага Княства. Людзей мэтаскіраваных, захопленых, апантаных ідэяй бачыць сваю краіну годнай. І прыемна ўсведамляць, што іх шмат. А гэта значыць, што Вялікае Княства існуе. Сёння на ўзроўні духоўнай еднасці, а заўтра...
Адпаведна задуме, некамерцыйны рэсурс "Вялікае Княства" – перш-наперш уяўляе віртуальную інтэрактыўную літаратурна-музычную і наогул культурніцкую супольнасць, якая жыве на сваёй незалежнай тэрыторыі, мае ўсе прыкметы самастойнай інтернет-дзяржавы і заканадаўча абаронена. Від на жыхарства ў Вялікім Княстве, гэтак жа як і права на свабоду слова, мітынгаў і шэсцяў, мае кожны, хто лічыць сябе грамадзянінам Вялікага Княства і нават той, хто не лічыць – Вялікае Княства – адкрытая дзяржава (што, дарэчы, можа дазволіць сабе толькі моцная краіна).
Адносіны паміж суграмадзянамі ў межах Вялікага Княства здзяйсняюцца на чатырох мовах: беларускай, расійскай, польскай і ангельскай. Натуральна, вітаецца дзяржаўная – беларуская (у любым выглядзе – тарашкевіца, наркамаўка, лацініца).
Галоўная мэта рэсурса – папулярызацыя адметных гістарычных і авангардных накірункаў літаратуры, музыкі і мастацтва, падтрымка творчых людзей, якія па сваім фармаце не ўпісваюцца ў заангажаванае дзяржавай мастацтва і праекты камерцыйнага кшталту.
Вялікае Княства – тэрыторыя асоб, якія ідуць сваім адметным трэцім шляхам і, адпаведна, усе разам уяўляюць трэцюю сілу. У гонар іх рэсурс і мае найменне 3force.info
Каардынатар праекта
Уладзімір Давыдоўскі
пісьменнік, журналіст
Зваротная сувязь:
vk@3force.info
belarus@3force.info