|
|
|
Касцюм князя Вітаўта і яго двара
Далучанасць беларускага мастацтва да еўрапейскага — з’ява заканамерная і сведчыць пра высокі ўзровень беларускай культуры, які быў забяспечаны эканамічным, сацыяльна-палітычным пад’ёмам мястэчак і гарадоў Беларусі, што пачаўся ў ХІVст. як вынік аб’яднання беларускіх зямель у Вялікае княства Літоўскае. Актыўныя кантакты з заходнееўрапейскімі дзяржавамі паспрыялі пераходу мастацтва на беларускіх землях ад візантыйскага стылю да готыкі з улікам мясцовых традыцый. Не выключэннем быў і касцюм двара ў ВКЛ.
У перыяд позняга сярэднявечча ўзнік адметны ідэал прыгажосці: рыцара, вернага свайму слову, абаронцы сваёй краіны, свайго караля і сваёй дамы сэрца. Напружанае жыццё ваеннага рыцарскага асяродку ператварала рыцарскія даспехі ў свайго роду форму, з якой рыцар рэдка развітваўся, а паўсядзённы касцюм развіваўся ў цеснай ўзаемасувязі са зменамі рыцарскіх даспехаў. У гэты ж час складаецца своеасаблівая форма пакланення жанчыне — культ Чароўнай Дамы, што ў першую чаргу паўплывала на касцюм, які павінен быў падкрэсліваць яе прывабнасць.
У ВКЛ для пашыву княскага касцюма і касцюмаў двара завозіліся з еўрапейскіх краін розныя гатункі тканіны, якія ўзгадваюцца ў рахунках каралеўскага двара. Даведваемся адтуль назвы тканін, што ўжываліся ў ХІV ст.: тафта, атлас, аксаміт, аррас (лёгкая ваўняная тканіна), ядваб, хамхы (ядвабная турэцкая тканіна), франчэ, сукны разнастайныя: космач, пакачын, футэртух, сукно ангельскае, брухельскае, фламандскае, хіршберскае, чытоўскае, свідніцкае; рознага гатунку палатно: бялёнае, цвіліх (тканка льняная), бархан, бавелніца, парцянка; асобна замаўляліся ніці з ядвабу, да шыцця падрыхтаваныя, званыя едвабніца, залатыя ніці на вузельчыкі для далматык, шнуры. Завозілася баваўняная вата, якую ўшывалі паміж дзвюх тканін для аблягання торсу. Ядвабныя тканіны ўжываліся ў ХІV ст. толькі для княскага і каралеўскага строю, а з 70-х г. ХV ст. — і на строй прыдворных.
Цырыманіяльны касцюм Вітаўта ілюструюць яго пячаткі і выява з Хронікі Бельскага. Мяркуючы па іх, касцюм складаўся з тунікі, моцна фалдаванай унізе, падперазанай шырокім пасам на сцёгнах, круглага гарнастаевага каўняра, доўгага шырокага плашча-мантыі, дзе ўсё стварала дынамічны, уласцівы готыцы сілуэт. На галаве — сімвал улады — мітра, у руках — меч і тарча з Пагоняй. Гэта тыповы агульнаеўрапейскі княскі і каралеўскі касцюм.
Ёсць пісьмовыя ўзгадкі пра цырыманіяльны касцюм Вітаўта. У 1395г. крыжацкі пасол Конрад Кібург, які прыбыў з пасольствам у Вільню, бачыў Вітаўта і быў здзіўлены замкам, горадам, войскам. Крыжакі апісалі пакоі ў замку Вітаўта і яго касцюм: «Вялікі пакой, асветлены з трох бакоў вокнамі, сцены абабіты самымі вытанчанымі ўсходнімі дыванамі. Лавы пакрыты адамашкам на матрацах. Перад галоўнай сцяной стол вялікі, парадны, пакрыты дываном, золатам і срэбрам расшыты; на ім высокае ў 3/4 локця залатое распяцце, перад якім вялікакняская мітра, меч і залаты жэзл або штосьці накшталт скіпетра (берла), не даўжэй двух лакцей; апроч таго, стаяла нешта, каштоўна аздобленае накшталт скарбонкі. Над сталом паміж двума высока прарэзанымі квадратнымі вокнамі вісеў абраз нейкага святога ў сярэбранай рамцы, вышэй яго — барыльеф Св. Панны Марыі, зроблены з золата і срэбра, перад якім гарэла ў залатым вытанчанай у філігранях работы кошыку лампада з рымскага крышталю — яна спускалася са столі на залатым ланцугу... Каля ўваходу стаяў паж, які пазіраў за пясочным гадзіннікам і пры кожным яго абароце біў кійком у шкляны званочак». Далей даецца апісанне Вітаўта і яго касцюма. Трэба заўважыць, што справаздачу крыжакоў Нарбут не падаў у арыгінале, а толькі ў польскім тлумачэнні, прычым перакладчык, не разумеючы даўнейшых строяў і рыштунку, перадае іх выразамі сучаснымі, якія не адпавядаюць тагачаснаму іх значэнню. «Насіў Вітаўт на галаве лёгкае іспанскае самбрэра (гэта азначае капялюш высокі (gora, wazszy), якое ў ХІV-ХV ст. ужывалі князі ў Еўропе), на сабе меў жоўты ядвабны камзол (жупан), зашпілены да самага горла залатымі гузікамі на залатых пятліцах. Сподняя ружовая сукня з татарскай тканіны і чырвоныя скураныя боты з залатымі астрогамі. На жупане пас, золатам гафтаваны, з тасьмы, нешырокі, пры якім кручкі для прышпільвання шаблі віселі, зашпілены на багатую спражку. Зверху кафтан цёмна-сіняга колеру, пашыты па-ліцьвінску, толькі каротка падрэзаны. З-пад засцёжкі камзола над пасам выглядала рукаяць штылета (кінжала pugіnalu), камянямі дарагімі высаджаная». Я.Длугаш сцвярджае, што князь Вітаўт мала ўвагі надаваў уборам, застаючыся пры авечым кажуху, пакрытым сукном, а падчас святочных выхадаў накідваючы плашч. Можна дапусціць, што падчас нярэдкіх пераездаў Вітаўт і не звяртаў увагі на касцюм. Але будучы Вялікім князем Літоўскім, ён замаўляў сабе камплекты па апошняй еўрапейскай модзе, што пацвярджаюць запісы ў рахунках двара Ядвігі і Ягайлы з гадоў 1388–1395 і вытрымкі з кнігі выдаткаў двара Вітаўта.
Насіў Вітаўт кашулю з бялёнага палатна, сукню (tunіca) з каўнерам (torkues), сподні сукенныя і абутак з сукна або скуры. Паверх апранаў сукню верхнюю, якая магла быць падбіта футрам. Насіў кажух (pellіcіum) з лісы, сабалёвы, з папеліц ці з гарнастаяў або сукенны плашч (pallіum) іншага колеру, сукном падшыты. Для розных кафтанаў Вітаўта закупляліся аксаміт, ядваб чорны, франчэ, ён замаўляў сабе «едвабніцу чорную для кафтанаў французскіх (іaccas frankas) і жупанікаў (soppulas)». На адзін кафтан замаўлялася некалькі гатункаў тканіны і ў немалой колькасці, як на кафтан, замоўлены ў 1394 г.: «За штуку аксаміту, з якога кафтан (jakka) для князя Вітаўта выкраены 32 гр.; за 30 лакцей палатна на падшыўку да названага кафтана 2 грошы локаць; за 10 лакцей бархану чорнага пад той жа кафтан 1 гр. 2 грошы 1 локаць; за 6 локцяў покочыну для падлажэння пад аксаміт у тым жа кафтане па 6 грошаў локаць; ядваб чорны для шыцця таго ж кафтана». Да кафтанаў асобна замаўлялася аздоба, як «14 fіltrіs званых pіlsznіj тонкіх, зробленых у Англіі».
Аб вядомасці ў ВКЛ розных падрабязнасцяў моды, пануючай на заходніх дварах, сведчыць узгадка ў рахунках каралеўскіх аб выкананні для Вітаўта ўбору, які хаваў пад шэрым аксамітам і старанна выкананым модным падшыццем з ватавага палатна кальчугу, што ахоўвала ад забойцаў (dobrze chronіla przed skrytobojczym cіosem sztyletu). Такія ўборы былі добра вядомы ў Еўропе і сустракаюцца яшчэ ў ХV ст. на двары князёў бургундскіх.
У канцы ХІV-ХV ст. па меры росту заможнасці, як і пад уплывам моды, распаўсюдзілася ўжыванне футраў, якія насілі не толькі для абароны ад холаду, але яны становяцца аздабленчым элементам касцюма, паказчыкам заможнасці. Футрам падбівалі і абшывалі сукні, кабаты, плашчы, узбагачаючы формы касцюма. З тэстамэнту Андрэя, біскупа віленскага, даведваемся, што ён атрымаў у дар ад Вітаўта чорную футру, падбітую кунамі.
Распаўсюджаным абуткам князя і яго двара былі порткі, якія шчыльна абцягвалі ногі і мацаваліся раменчыкамі да кафтана. У залежнасці ад матэрыялу, з якога яны выконваліся (скура, сукно, футраная падшыўка), яны называліся калігі, сатуларыс і кальсес.
Стопы такіх портак маглі падшывацца падэшвай з выцягнутымі насамі. Святочны скураны абутак выконваўся з дарагога матэрыялу, багата аздабляўся вышыўкай, камянямі, перламі, якія маглі аздабляць усё яго поле. Такога гатунку абутак мог быць нават паднесены ў якасці падарунка ад уладара адной краіны ўладару другой. Так князь Вітаўт з жонкай у 1410 г. паслаў у падарунак Жыгманту Люксембургскаму з жонкай «пары гафтаваных перламі чаравікаў», што ўзгадвае сярод іншых дароў Эбехард Віндэцкі.
На пячатках мы бачым Вітаўта ў галаўным уборы — мітры, якая была сімвалам княскай улады ў Еўропе. Карона-стэма ў выглядзе залатога абруча з металічнай дужкай, пад якую адзета шапачка з чырвонай тканіны, была паказчыкам княскай улады ў Заходніх краінах на працягу ўсяго сярэднявечча. Існавала версія, што князю Вітаўту магла належаць карона, знойдзеная ў Сандамежы, пра што пісалася ў 20-ыя гады. Калі князь ехаў да бою, то на галаве меў рыцарскі шалом з адзнакай свайго стану — каронай. У штодзённым касцюме князь насіў шапку ці барэт чорны, а ўлетку — саламяны капялюш, падшыты белай тканінай. У той час, калі князь не меў на сабе ні цырыманіяльнага касцюма, ні рыцарскай зброі, то выходзіў ва ўборы вялікіх паноў. Двары каралеўскія, княскія ці вялікакняскія ў ВКЛ, як і ў суседзяў, красаваліся ў строях Заходняй Еўропы і служылі за ўзор ўсяму заможнаму люду для калькавання.
Пра еўрапейскага кшталту строі князёў Андрэя Альгердавіча і Свідрыгайлы сведчаць замовы для іх тканін і аздобы, што зафіксавана ў рахунках двара Ягайлы. Пасля вызвалення з палону па просьбе Вітаўта Ягайла ўлашчваў князя Андрэя Альгердавіча вялікай колькасцю рэчаў, сярод якіх рознага гатунку сукны, палотны, ядваб, тушкі з вавёрак для пашыву штодзённых сукенак (protunіka ferіalі), доўгіх сукенак (londa tunіca), плашча (pallіum), атласных жупаноў (zoppam), жупаніка з парцянкі (ad sopulam de parthanіo). Багаты княскі строй і княскія адзнакі князь забіраў з сабою па паганскім звычаі.
Так быў спалены князь Альгерд «разам з найлепшым канём, у жупане рыцарскім, перламі і камянямі дарагімі высаджаным і ў сукне пурпуровай вышытай золатам, з пасам сярэбраным вызалачаным».
Касцюмы двара адрозніваліся ад княскага якасцю матэрыялу, але супадалі з ім па складу і форме. Набываць тканіны і замаўляць касцюмы двор мог там, дзе і князь. Так, віленскі суддзя Бернард прыдбаў для сябе штуку атласу, пра што паведамілі рахункі каралеўскага двара. Найбуйнейшай крыніцай па колькасці і варыянтнасці адлюстравання гатычнага касцюма з’яўляюцца мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, у другой частцы якога адлюстраваны касцюмы часоў напісання летапісу (2 пал. Хyст.). Як і на заходнееўрапейскіх дварах, касцюму ўласцівы 2 сілуэты: аблеглы і свабодны. Галоўныя часткі мужчынскага аблеглага касцюма — кароткі жакет розных відаў, штаны-панчохі, спічасты абутак і розныя віды капелюшоў. Доўгія строі, аблямаваныя футрам, даходзілі да самай зямлі. Дзве крайнасці касцюма — шырокі доўгі ці вузкі кароткі — былі паказчыкамі гатычнай моды.
Княскі абутак не меў адрозненняў ад абутку знаці, акрамя якасці матэрыялу і кошту, што пацвярджаюць звесткі ў рахунках каралеўскага двара: «абутак кальсес ліцьвіну збегламу з няволі прускай», «русіну караля на боты калігі», «абутак каляровы з дзюбатымі насамі Янові з Віцебску». Калігі, сатуларыс, нагавіцы вызначаліся вострымі дзюбамі (напіхвалі рыззём ці мохам), што было характэрнай адметнасцю гатычнай моды. Ужывалася нават назва «ліцьвінскія» боты. Апісання іх няма, але можна дапусціць, што яны былі разлічаны на вайсковыя паходы і зроблены з больш трывалай, чым палацавыя варыянты, скуры. Яны маглі вызначацца нейкімі дэталямі, што пацвярджае запіс у рахунках двара Ягайлы: «за дзве пары скорні — доўгія боты, заходзячыя на голень, тыпу ліцьвінскіх і таварыша яго — 6 ксойцув».
Аздобай і неад’емнай дэталлю касцюма князя і рыцара быў пас. З-за пасаў разгараліся спрэчкі, якія мог вырашыць толькі князь. Так, князь Вітаўт засведчыў па просьбе Зарэмбы, маршалка каралеўскага, што «князь Міхал (Жыгмунтавіч Кейстутавіч) прызнаў пры ім, што не падазрае вышэй узгаданага ў крадзяжы свайго залатога паса».
Варта ўзгадаць, што з прычыны паса «на цэпях з каменнем» разгарэлася сутыкненне князя Васіля Васілевіча Цёмнага (унука Вітаўта) і яго пляменнікаў.
Паўсюдна насілі рукавіцы, якія былі і аховай ад холаду, і неад’емнай дэталлю касцюма рыцара. На двары Ягайлы трымалі рукавічніка русіна, да абавязкаў якога належала не толькі шыццё, але і выпраўленне скуры на рукавіцы і іншых дадаткаў да ўбору.
Ужывалася назва «літоўскія» рукавіцы. Зімовыя рукавіцы шыліся з футра, маглі быць гафтаваныя золатам. Эльбер дэ Лануа атрымаў у падарунак на двары Вітаўта рукавіцы, гафтаваныя перламі.
Вялікія рукавіцы, падшытыя кунамі і сабалямі, гафтаваныя золатам і перламі, пералічвае Эберхард Вендэцкі, апісваючы дары, прывезеныя Жыгмантам Люксембургскім ад Вітаўта.
Пры двары Вітаўта былі і ездзілі разам з ім у пасольствы «лоўчыя, лютністы, флейтысты, Градзяне, Смаляне, пекары і іншыя русіны». Для іх князем набываліся тканіны на адзенне, як «21 локаць сукна чырвонага і жоўтага дадзенага лютністам рускім».
Герольд, якога выбіраў князь і «абавязваў, каб прымалі з належным ды ўшаноўвалі», апранаўся ў геральдычную вопратку. Варыянты касцюма герольда адлюстраваны на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу, сярод якіх і двухколернае адзенне міпарці, калі колеры герба феадала ці сям’і дамы сэрца пераносіліся на адзенне, утвараючы маляўнічыя лоскатныя касцюмы.
Як выглядалі вайскоўцы, звестак мала. Цікавы вопіс войска з ХІV ст. у справаздачы пасольства крыжацкага, што прыязджалі на двор Вітаўта ў 1387 г. Трапілі яны ў Вільню на вайсковыя вучэнні. На іх, акрамя разнамаснага рыштунку, «плашчы кароткія бурыя з каптурамі вузкімі спічастымі, выглядаў той люд як браця Мінарыты, толькі кафтаны і сподняя адзежа рознакаляровая ад тых іх адрознівала».
У жаночы касцюм істотныя змены прынесла ХІV ст. Галоўная змена — дапасаванне строю да фігуры, што падкрэслівала стройную постаць і ідэалізавала вобраз жанчыны-дамы сэрца. Аблягаючая торс сукня з падоўжаным станам, што падкрэслівалася пасам на лініі сцёгнаў, доўгі хвост, трыманне верхняй сукні ў руцэ стваралі вертыкальнасць ліній, характэрных для мастацтва готыкі.
Выяваў жонкі князя Вітаўта няма, але ёсць узгадка, як Вітаўт у суправаджэнні князёў, маршалка і іншых, разам з жонкай князёўнай Ганнай прыехаў на Салінскае возера на сустрэчу з вялікім магістрам.
Князёўна Ганна на піры выйшла ў такім шыкоўным і дарагім строі, што бывалыя еўрапейскія госці былі літаральна ашаломленыя і занатавалі такое здарэнне ў сваіх дзённіках. Князёўну Ганну любілі і захапляліся ёй. Нават Ягайла, як ні адной іншай князёўне, тройчы слаў ёй залатыя пярсцёнкі, пра што напісана ў рахунках яго двара, і нават неаднаразова бочкі з віном.
Модныя на Захадзе жаночыя строі мусілі быць папулярнымі ў ВКЛ. Гатычны стыль, які ўмацаваўся ў часы Вітаўта ў княскім і дворскім жаночым касцюме, квітнеў у 2 палове ХV ст. Мініяцюры Р.Л. паказваюць распаўсюджаны ва ўсёй Заходняй Еўропе тып жаночай сукенкі з глыбокім круглым дэкальтэ спераду і на плячах, дапасаванай ў бюсце, з высока прышытай вельмі шырокай зафалдаванай спадніцай, якая цягнецца па зямлі. Сукенку падбіралі ў рукі высока спераду, што стварала постаць, якая атрымала назву «гатычнай крывой». У руках кабеты насілі хустачкі з далікатнага палатна і рукавічкі.
Княгіні і заможныя шляхцянкі насілі ручніковыя галаўныя ўборы. Для вышыні і аб’ёмнасці пад іх падкладалі шапачку ці рабілі фрызуру з заплеценых і высока ўкладзеных на галаве кос. Такі галаўны ўбор быў на князёўне Соф’і Гальшанскай, што пацвярджае адкрыццё яе труны. Тамсама былі знойдзены кавалкі тканіны, гузікі і гаплікі ад засцёжкі сукенкі.
Крыжакі, якія ездзілі з пасольствам да Вітаўта ў 1397 г., апісвалі, што «ліцьвінкі ўбранне галоў і самі галовы мелі ладныя, а маладыя вясковыя дзяўчыны ніякага пакрыцця на галовах не насілі і тым лепей ім было да твару. Зграбна валасы ўкладзены, а да таго слічней, чым найвычурнае ўбранне».
У жаночым касцюме ВКЛ ХІV-ХV ст. выразна праявіліся рысы візантыйскага стылю. Мяккія плаўныя лініі выразу гарлавіны, шырокая парчовая аздоба ўсіх берагоў касцюма (каўнера, рукавоў, падола), закрытыя сукенкі замужніх жанчын сталага веку, ручніковыя галаўныя ўборы, што адпавядала выпрацаваным уласным эстэтычным поглядам.
Касцюм князя Вітаўта і яго двара яскрава пацвярджае еўрапейскую значнасць ВКЛ. Месцазнаходжанне, палітычная роля, шматлікія сувязі з еўрапейскімі дварамі, у тым ліку і дынастычныя, давалі глебу для распаўсюджвання агульнаеўрапейскай моды. Безумоўна, гатычны касцюм не распаўсюдзіўся б на вялікакняскім двары, калі б свядомасць заказчыкаў не была падрыхтаваная да ўспрыняцця мастацкага вопыту еўрапейскіх краін. Паводле прыведзеных звестак, можна сцвярджаць пра з’яўленне ў ВКЛ у ХІV-ХV ст. адмысловага гатычнага дворскага касцюма, у якім дамінуюць гатычныя рысы, выразна адлюстраваны гатычны сілуэт, шматлікасць відаў еўрапейскага адзення, спосаб іх рашэння. У касцюме ВКЛ адбіліся характэрныя для стылю готыкі каляровыя і пластычныя кантрасты, дынаміка ліній і аб’ёмаў. Гатычныя элементы спалучаліся з мясцовымі асаблівасцямі, з элементамі рамана-візантыйскай спадчыны.
Шматварыянтавы касцюм двара Вітаўта дае магчымасць адчуць сваю годную ролю ў Еўропе, гістарычную сувязь з суседнімі народамі, іх культурнымі і мастацкімі дасягненнямі.
Ганна Барвенава
Старонка < 1 > < 2 > < 3 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
|
|