Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

Чэрвень

30.06.2008. У амбасадзе Чэхіі ў Беларусі адбылася прэзентацыя кніг чэшскіх аўтараў, якія выйшлі на беларускай мове ў мінскім выдавецтве "Логвінаў" у 2005-2008 гадах: раманаў Ганы Андронікавай "Гук сонечнага гадзінніка", Антоніна Баяі "Зваўчэньне", Яраслава Рудзіша "Неба пад Бэрлінам", аповесцяў і п'есы Яхіма Топала і яго сыноў Ёзэфа і Філіпа "Анёл".

29.06.2008. Каля будынка ААН у Нью-Ёрку Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі правеў дэманстрацыю ў падтрымку беларускага моладзевaгa актывістa Івана Шылы, выключанага са школы за грамадскую дзейнасць, і настаўнікаў, якія адмовіліся падпарадкоўвацца загаду камісіі аддзела адукацыі Мінрайвыканкама ануліраваць вынікі іспытаў Івана Шылы.

29.06.2008. Ва ўрочышчы Курапаты на паўночна-ўсходняй ускраіне Мінска адбылося традыцыйнае памінанне ахвяраў сталінізму, якое праводзяць прадстаўнікі грамадскасці 29-га дня кожнага месяца.

29.06.2008. Грамадскія актывісты з Мінска і Чэрвеня ўшанавалі памяць ахвяраў сталінізму, расстраляных супрацоўнікамі НКУС 26 чэрвеня 1941 года ва ўрочышчы Цэгельня Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці.

29.06.2008. Літаратурнае аб’яднанне "Белавежа" (Польшча) ўрачыста адзначыла сваё 50–годдзе. У мерапрыемствах, якія доўжылася два дні (28-29 чэрвеня), прынялі ўдзел літаратары і навукоўцы з Беларусі, Расіі ды Польшчы.

28.06.2008. У Стакгольме пачаўся Сусветны кангрэс пісьменнікаў "Wooltic – 2008", які будзе доўжыцца чатыры дні і завершыцца 2 ліпеня. У кангрэсе, які праводзіцца пад патранатам ураду Швецыі, прымае удзел і дэлегацыя Саюза беларускіх пісьменнікаў.

28.06.2008. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліў праект закона аб сродках масавай інфармацыі.

28.06.2008. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліў праект закона "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". Законапраект уступіць у сілу 1 верасня 2010 года.

27.06.2008. Закончыўся XVI Міжнародны фестываль духоўнай музыкі "Магутны Божа", які з 24 чэрвеня праходзіў у Магілёве. Названыя яго лаўрэаты: дыпломам "За развіццё і захаванне культурнай спадчыны" ўзнагароджаны францысканскі манах з ЗША Нікалас Фартунас, дыпломы першай ступені атрымалі ўзорны дзіцячы хор з Мінска "Верасок" ды акадэмічны хор "Асана" з Падмаскоўя. Адзначаныя выканаўцы з Беларусі, Расіі, ЗША ды Кітаю.

27.06.2008. Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Міклаш Харашці заклікаў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі не прымаць законапраект, які можа яшчэ больш абмежаваць свабоду сродкаў масавай інфармацыі ў краіне.

27.06.2008. Лаўрэатамі прэміі "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава, заснаванай лідэрам аргкамітэта па стварэнні руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам, названыя пісьменнікі Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў і палітык Павел Севярынец.

27.06.2008. На мінскіх Вайсковых могілках адбылося ўскладанне кветак да магілы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, прымеркаванае да дня смерці паэта, які загінуў пры нявысветленых абставінах 28 чэрвеня 1942 года ў маскоўскім гатэлі "Масква".

26.06.2008. У Мінску ў пасольстве Літвы адбылося падвядзенне вынікаў агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове. Ганаровыя прызы ўручаныя паслам Балгарыі, Ізраіля, Літвы, Польшчы, Славакіі, ЗША, Украіны і Чэхіі. Прызамі за мужнасць адзначаныя Сяргей Вітушка, Барыс Хамайда і... легендарны Мірон.

26.06.2008. Рэспубліканская праваабарончая грамадская арганізацыя "Беларускі Хельсінкскі камітэт" заклікала Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі не прымаць законапраект аб СМІ і адправіць яго на дапрацоўку.

26.06.2008. Раніцай 26 чэрвеня з Мінска пачалося XVIII пешае паломніцтва вернікаў у санктуарый Маці Божай Будслаўскай (Мядзельскі раён Мінскай вобласці), прысвечанае 10-годдзю каранацыі іконы Маці Божай Будслаўскай.

25.06.2008. Падчас канферэнцыі "Кітай: гісторыя, традыцыі, вопыт, перспектывы" абвешчана аб выданні Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ кітайска-руска-беларускага размоўніка.

25.06.2008. Па ініцыятыве Беларускай асацыяцыі журналістаў шэраг беларускіх інтэрнет-рэсурсаў правялі 25 чэрвеня з 12.00 да 13.00 "гадзіну маўчання" у сувязі з прыняццем у другім чытанні Палатай прадстаўнікоў законапраекта аб СМІ.

24.06.2008. У Паставах пачаўся міжнародны конкурс юных вакалістаў “Bella voice”. У ім удзельнічаюць навучэнцы дзіцячых музычных школ, школ мастацтваў, вакальных студый, сярэдніх спецыяльных музычных устаноў гарадоў Беларусі, Расіі, ЗША — Мінска, Полацка, Магілёва, Гродна, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Екацярынбурга, Кірава, Уфы і Нью-Йорка.

24.06.2008. У Магілёве адбылося ўрачыстае адкрыццё XVI Міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа", у якім сёлета ўдзельнічаюць музыкі з васьмі краінаў свету: Украіны, Балгарыі, Польшчы, ЗША, Кітаю, Германіі, Беларусі ды Расіі.

24.06.2008. Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні законапраект "Аб сродках масавай інфармацыі".

24.06.2008. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў другім чытанні законапраект "Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі".

22.06.2008. Дакументальны фільм беларускага кінарэжысёра Міхала Жданоўскага "Ва ўсе дні" атрымаў гран-пры IV міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм "Магніфікат-2008", які праходзіў з 17 па 21 чэрвеня ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці.

22.06.2008. 21, 22 чэрвеня ў мінскім мікрараёне Кунцаўшчына ладзіўся IX мастацкі пленэр "Легенда з пяску".

21.06.2008. У мястэчку Белавежа (Польшча) прайшлі ІІІ Белавежскія сустрэчы з арыяй, у якіх прынялі ўдзел оперныя спевакі і музыканты з Беларусі ды Польшчы.

21.06.2008. У сталічным парку "Дрымлэнд" адбылося свята беларускай паэзіі. Да ўдзелу ў ім былі запрошаныя Анатоль Вярцінскі, Васіль Жуковіч, Сяргей Законнікаў, Міхась Скобла, Галіна Дубянецкая, Алесь Пашкевіч, Віка Трэнас, Зміцер Вішнеў, Арцём Кавалеўскі, Сяржук Мінскевіч.

20.06.2008. У мінскім клубе "Рэактар" прайшоў II міжнародны фестываль "Купальскае кола – 2008", у якім прынялі ўдзел гурты з Беларусі ды Літвы.

20.06.2008. Міністэрства юстыцыі ў другі раз адмовіла ў рэгістрацыі сацыяльнага грамадскага аб'яднання "Беларуская хрысціянская дэмакратыя".

19.06.2008. У Вільні адбыўся абмен нотамі аб завяршэнні ўнутрыдзяржаўных працэдур зацвярджэння дэмаркацыйных дакументаў дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Літвой.

19.06.2008. Прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні Інстытута нацыянальнай памяці і секцыі "Мемарыял" Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнуліся з лістом да Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у якім прапануюць абмеркаваць сітуацыю вакол мемарыяльнага крыжа ў вёсцы Дражна Старадарожскага раёна, устаноўленага грамадскасцю і дэмантаванага мясцовымі ўладамі.

19.06.2008. Міністэрства юстыцыі ў трэці раз адмовіла ў рэгістрацыі праваабарончага грамадскага аб'яднання "Рух "За Свабоду". Кіраўніцтва руху мае намер абскардзіць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе.

18.06.2008. Міністэрства культуры адхіліла прапанову Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

18.06.2008. Мінскі гарадскі савет на 10-й сесіі прыняў рашэнне аб наданні назваў вуліцам, якія праектуюцца, і безыменным скверам у Мінску. Вуліцам, якія з’явяцца ў жылым раёне Каменная Горка, прысвоеныя назвы Каменнагорская, Нёманская, Казіміраўская, Дамброўская. На ўчастку ад вуліцы Янкоўскага да вуліцы Гарэцкага з’явіцца вуліца Рыгора Шырмы. Сквер на вуліцах Чыгуначнай і Мініна атрымае імя Георгія Жукава, сквер на вуліцы Берасцянскай – горада-пабраціма Чанчунь, сквер на скрыжаванні вуліц Захарава і Першамайскай – Сымона Балівара.

18.06.2008. У гарадзенскім грамадскім музеі Васіля Быкава, адбылася прэзентацыя ўзнагароды яго імя "За свабоду думкі", заснаванай рухам "За Свабоду". 26 чэрвеня яна будзе ўпершыню ўручаная тром беларусам на радзіме пісьменніка – у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.

18.06.2008. Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч звярнуўся з лістом ў Міністэрства культуры ў сувязі з планамі рэстаўрацыі Лошыцкага сядзібнага дома, у якім выказвае занепакоенасць тым, што ў выніку плануемых работ старадаўні будынак можа быць разбураны, а на яго месцы з’явіцца муляж з газасілікатных блокаў.

18.06.2008. У Мінск з афіцыйным візітам прыбыў дзяржаўны сакратар Папы Рымскага Бенедыкта XVI кардынал Тарчызіо Бертоне. Візіт будзе доўжыцца да 22 чэрвеня. Падчас яго Бертоне плануе сустрэнецца з прэзідэнтам Беларусі, міністрам замежных спраў, упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, выступіць з лекцыяй у БДУ, правесці святую імшу ў мінскім Архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, асвяціць вуглавы камень касцёла святога Яна Хрысціцеля, ускласці кветкі да манумента на плошчы Перамогі, сустрэцца з членамі Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, наведаць Пінск і Гародню.

18.06.2008. Прэзідыум Палітсавета Аб'яднаных дэмакратычных сіл выступіў з заявай адносна прыняцця Палатай прадстаўнікоў законапраекту "Аб сродках масавай інфармацыі", у якой асудзіў дзеянні ўлады, "скіраваныя на ўдушэнне свабоды слова".

17.06.2008. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні законапраект "Аб сродках масавай інфармацыі", які прадугледжвае шэраг новаўвядзенняў: забарону на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі, прававую рэгламентацыю дзейнасці ўсіх інтэрнэт-выданняў ды інш.

16.06.2008. Згуртаваньне Беларускай Моладзі ў Амэрыцы і Беларуска-Амэрыканскае задзіночаньне моладзі правялі ў Нью-Ёрку ля штаб-кватэры ААН мітынг у падтрымку свабоды веравызнання ў Беларусі і змагання моладзі за незалежную і дэмакратычную Беларусь.

15.06.2008. На Пастаўшчыне ў вёсцы Лучай устаноўлены помнік Папе Рымскаму Бенедыкту XVI. Яго адкрыццё прымеркаванае да візіту Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Бенедыкта XVI кардынала Тарчызіо Бертоне, які наведае Беларусь 18 чэрвеня.

 

 

Гістарычны каляндар

01.07.1569
Падпісаная Люблінская ўнія – міжнародна-прававы акт аб’яднання Вялікага княства Літоўскага з Польшчай у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую.

01.07.1812
Напалеон абвясціў узнаўленне Вялікага княства Літоўскага і стварыў часовы ўрад Вялікага Княства.

03.07. 1660
Войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі ад расійскіх войскаў горад Мінск і тэрыторыю ракі Беразіны.

06.07.1253
Вялікі князь літоўскі Міндоўг каранаваны ў Наваградку.

07.07.1796
Нарадзіўся Ян Чачот (в.Малюшычы, цяпер Карэліцкі р-н), асветнік, паэт, фалькларыст, філамат.

10.07.1795
У Гародні заснаванае Вярхоўнае літоўскае кіраванне.

11.07.1496
Гародня атрымала поўнае магдэбургскае права.

11.07.1660
Войска Міхала Казіміра Паца вызваліла Вільню ад маскоўскага войска.

11.07.1705
У Полацкім Сафійскім саборы расійскі цар Пётр І закатаваў 5 манахаў-базыльян.

13.07.1260
Войска Вялікага княства Літоўскага разграміла крыжакоў ля возера Дурбе.

13.07.1704
Каралём Рэчы Паспалітай і вялікім князем ВКЛ абраны Станіслаў Ляшчынскі.

14.07.1500
На рацэ Вядроша (каля г.Даргабуш, цяпер Смаленская вобл.) адбылася бітва паміж войскамі Вялікага Княства і Маскоўскай дзяржавы.

15.07.1410
Адбылася Грунвальдская бітва і разгром Тэўтонскага ордэна пераважна войскамі Вялікага Княства.


 Архіў 2008 года :   06 | 05 | 04 | 03 | 02 | 01

 
Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2008 Вялікае Княства