Замест прадмовы
У гэтым інтэрв'ю я адказаў толькі на тыя пытанні, якія на працягу апошніх гадоў даводзілася чуць неаднойчы. Большай часткай яны тычацца гісторыі рок-гурта "Мроя". На жаль, шмат цікавых і не менш важных тэм засталося па-за ўвагай. Але ў хуткім часе мы зможам іх абмеркаваць у адкрытым для ўсіх дыялогу. Такім чынам, калі ў вас ёсць пытанні ці прапановы, звяртайцеся. Са свайго боку абяцаю быць шчырым.
Тым не менш, выданне выклікала шмат неадназначных ацэнак і супярэчлівых меркаванняў як з боку крытыкі, так і сярод прыхільнікаў "Мроі"...
Усе шматлікія непаразуменні і праблемы з гэтай кнігай былі выкліканы выключна тым, што аўтар і выдавец памылкова вызначылі яе, як біяграфічную і правялі піар менавіта ў гэтым накірунку – маўляў, першая біяграфічная кніга пра рок-музыкантаў. З тым што першая, згодны. Але не біяграфічная, а мастацкая, з выдуманымі гісторыямі, дзе рэальныя персанажы набываюць насамрэч неўласцівыя ім якасці, у адпаведнасці з пэўнай задумай і задачай аўтара. Напрыклад, ролю галоўнага і пры тым з усіх бакоў станоўчага героя выконвае Лявон Вольскі. Мне выпала роля беларускага шамана, які абярнуў усіх у беларускую веру. Праўда, як толькі шаман развітаўся з галоўным героем, то адразу ж набыў шмат фобіяў, згубіў усю сваю чарадзейную сілу і бясслаўна знік. Ну што ж, у танных серыялах бывае і не такое...
Сапраўды, ваш сыход з "Мроі" апісаны вельмі натхнёна і маляўніча!
Маляўніча, але далёка ад сапраўднасці. Хто цікавіўся беларускай рок музыкай у 80-я, напэўна памятаюць пра ўведзены "Мрояй" тэрмін "Стод-рок" – спалучэнне старажытнай музыкі, паганскай рытмікі і тагачасных хард-энд-хэві накірункаў. У гэтым кірунку і спрабавала рухацца "Мроя" у канцы 80-х. Але ўжо тады існаваў сур'ёзны творчы канфлікт: я схіляўся ў бок сінтэзу са старажытнай музыкай, Зайдель-Вольскі і Оськін (гукарэжысёр, а потым гітарыст (дарэчы, у кнізе няма ніводнага яго фотаздымка і ні разу не названа сапраўднае прозвішча) настойвалі, што трэба рухацца ў накірунку рытм-энд-блюза. У выніку маленькага путчу "Мроя" пайшла па вызначаным Вольскім шляху ў бок забаўляльнай музыкі і па інерцыі, на хвалі былой славы, праіснавала яшчэ каля 4 гадоў. А я працягнуў свае пошукі ў галіне старажытнай музыкі, вынікам якіх стала стварэнне ў 1992 годзе нью-эйдж-медыеваль-гурта "Вялікае Княства" і выхад альбома "Голас Дажджу".
І ўсё ж такі, чаму вы так катэгарычна заяўляеце пра сваё адмоўнае стаўленне да кнігі?
Перш за ўсё таму, што ў ёй выкарыстаны прыёмы чорнага піару. Гэта закладзена ўжо ў самой назве "Іх мроя", што значыць "не наша". Такім чынам, ужо пры першым позірку на вокладку ў падсвядомасці чытача адбываецца адасабленне ад не яго герояў. Далей ідзе фарміраванне адмоўнага вобраза беларускага адраджэнца і незаўважная "разводка" чытачоў (а гэта беларускі свядомы асяродак) на варожыя лагеры. Якім чынам гэта дасягаецца? Напрыклад, далучэнне да нацыянальных каранёў падаецца як спроба вылучыцца, прычым падаецца з вуснаў музыкантаў "Мроі". Маўляў, беларушчына – гэта тое самае, што і булаўка ў вуху. А для таго, каб зацікавіць беларушчынай трэба "весці апрацоўку" людзей, і толькі тады атрымаецца "прыцягнуць да справы" (звярніце ўвагу на лексіку). Прычым, "прыцягненне" іншых людзей, паводле аўтара, "тлумачылася найперш меркантыльнымі інтарэсамі" і схільнасцю гэтых людзей да авантурызму. Кантакты паміж "Майстроўняй" (фальклорнай суполкай) і рок-музыкамі з "Мроі" падаюцца не як творчае супрацоўніцтва, а як "вярбоўка". Фраза з той жа серыі: "Мы вырашылі, што такі чалавек павінен быць нашым" (пра вакаліста "Мясцовага часу"). Аргументы журналістаў ў падтрымку "Мроі" называюцца не інакш як "скляпаныя разам факты", якія мог прапусціць у эфір толькі "ёлупень поўны". Але найбольш адметная рыса гэтай кнігі – інтэрв'ю, у якія аўтарам альбо невядомым "дабразычліўцам" унесены дапіскі і сэнсавыя праўкі, якія часам мяняюць сэнс выказванняў на процілеглы. Найбольш распаўсюджаны з ужытых прыёмаў: у вусны адных людзей укладаюцца абразы іншых, альбо самаабразы. І гэта не толькі маё меркаванне.
Не менш цікава і тое, як пісалася гэтая кніга. Завітаўшы да мяне, Дзятліковіч паведаміў, што "збіраецца зрабіць вялікую бескарысную справу для Беларусі", пры гэтым спаслаўшыся на аўтарытэт Лявона Вольскага. З гэтае нагоды, на некалькі тыдняў я перадаў яму для дублявання ўвесь свой уласны фота і дакументальны архіў 80-х. Следам з'явіўся Вольскі, які зноў жа для дублявання атрымаў унікальныя мроеўскія запісы. Як высветлілася праз два гады, справа Дзятліковіча і Вольскага была не такой ужо бескарыснай, а што тычыцца надзвычай каштоўнага аўдыё і фота архіву, ён папросту знік...
Існуе меркаванне, нібыта кнігу насамрэч пісаў не адзін аўтар, а тры: Віктар Дзятліковіч, Лявон Вольскі і... Адам Глобус.
І да мяне даходзіла падобная інфармацыя... Адам Глобус – выдавец. Хаця прыёмы і форма данясення думкі, якія ён ужыў крыху пазней у сваёй кнізе "Божыя кароўкі", чымсьці нагадваюць выкарыстаныя ў "Іх Мроі"...
Кажуць таксама, што напачатку выдаць кнігу прапаноўвалі некалькім выдавецтвам, але ўсе апрача "Сучаснага літаратара" адмовіліся ад гэтага выдання па этычных прычынах.
Мне пра гэта нічога невядома. Але асабіста я, як выдавец, не стаў бы друкаваць кнігу ў тым выглядзе ў якім яна існуе. Па-першае таму, што аўтар беспадстаўна абражае шэраг людзей і відавочна спрабуе прынізіць значнасць адраджэнцкіх працэсаў, якія адбываліся ў 80-я гады. Па-другое, кнігу, у якой столькі граматычных і стылістычных памылак, выдаваць проста сорамна. Нават за вялікія грошы. І гэта ўжо пытанне прэстыжу. Па-трэцяе, ёсць такое паняцце, як аўтарскія правы. Пра іх выкананне заўсёды трэба памятаць выдаўцу. Добра, што ў нас людзі талерантныя, і на гэты раз сышло з рук. Але ў Еўропе падобнае выданне – патэнцыяльна судовая справа...
На першай старонцы кнігі, падоранай вам аўтарам, стаіць яго аўтограф і подпіс: "Чалавеку, які ўсё ГЭТА распачаў "...
Вельмі сімвалічны, дарэчы. Вядома, што Дзятліковіч жыве ў Маскве і адпаведна па-руску думае. А там у падобным кантэксце ў слова "ГЭТА" (дзякуючы перадачы "Про ЭТО") укладаюць толькі адзін сэнс. І калі аўтар вырашыў менавіта так акрэсліць адраджэнцкія працэсы ў Беларусі і наогул беларускую рок-музыку, гэта сведчыць пра тое, што ён думаў насамрэч, калі пісаў кнігу, і якія задачы ставіў перад сабой. У выніку прыхільнікі "Мроі" атрымалі не біяграфію любімай групы, а кнігу пра ГЭТА. Калі так, то назва кнігі сапраўды трапная, бо гэта "Іх Мроя", не мая. Што ж тычыцца маёй "Мроі", то я ўспрымаю яе як каманду, якая здолела зрабіць тое, у ва што ў 80-я ніхто не верыў – раскрыць рэальныя магчымасці беларускай мовы арганічна і натуральна гучаць у найноўшых музычных накірунках і, такім чынам, паставіць яе ў адзін шэраг з надзвычай дынамічнымі і прагрэсіўнымі ангельскай і расійскай. Прынамсі тут, у Беларусі.
З кнігі вынікае, што ў гурце вы былі абсалютным і вельмі жорсткім лідэрам.
Гледзячы што лічыць жорсткасцю. Я назваў бы гэта наяўнасцю шэрагу непарушных прынцыпаў. У прыватнасці, адносна аўтарства. Так, колькасць супольных песень мрайчукоў перабольшвала напісаныя кожным паасобку. Узнагароды атрымліваў увесь гурт.
А хіба можа быць інакш?
Як высветлілася – можа: пасля майго сыходу першую ж ўзнагароду атрымаў ужо асабіста Лявон Вольскі. Надалей ён пачаў прыпісваць сабе і супольнае аўтарства песень, як, да прыкладу, было з песняй "Я – рок музыкант". Гэта – факт.
Жыццё працягваецца і, несумненна, ёсць нейкія планы на будучыню?
Калі казаць жартам – напалеонаўскія, і дай Бог, калі здзейсніцца хаця частка з іх. У першую чаргу праца будзе ісці ў літаратурна-музычным накірунку. Пераважна ў арганізацыйным плане. Думаю, за маё жыццё зроблена нямала, і прыйшоў час падумаць пра іншых. Пра тых, хто сёння спрабуе сябе ў беларускай літаратуры і сучаснай музыцы. Ведаю, што ісці гэтым шляхам няпроста. Гэтак жа няпроста як і захаваць самастойнае незалежнае меркаванне. Таму справа будзе скіравана якраз на падтрымку людзей, якія маюць адметны светапогляд і не разглядаюць творчасць, як адзін са спосабаў пасоўвання па службовай лесвіцы альбо назапашвання капіталу.
Ці значыць гэта, што музыкант і пісьменнік Уладзімір Давыдоўскі (Влад Давыдов), які некалькі гадоў таму пазіцыраваўся на расійскім кніжным рынку як "адзін з самых таленавітых у жанры дэтэктыва", адыходзіць у нябыт? Прынамсі, гэта выглядае так: усе папярэднія выданні кніг і дыскаў ужо не сустрэнеш на паліцах крам, а новых няма...
Як аднойчы сказаў класік, – чуткі пра мой скон відавочна перабольшаны. Зараз ідзе вонкава незаўважная праца – пошук новых форм, ідэй, складаюцца планы, і, мяркуючы па ўсім, самыя цікавыя і незвычайныя праекты наперадзе.
Пытанні задавала журналіст Ларыса Васіллева
07.10.2006 г.