Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

Неяк напачатку года ў вас прамільгнула абвестка пра стварэнне незалежнага інтэрнэт-Radio&TV Вялікага Княства. Гэта быў навагодні жарт?
Калі мы вырашылі быць максімальна адкрытымі – мушу адказаць. Гэта быў не жарт. Тэарэтычны этап даўно пройдзены, вызначаныя фармат вяшчання, канцэпцыя, зараз вырашаюцца тэхнічныя пытанні па стварэнні такога інтэрнэт-радыё. Адкрываць яго летам – немэтазгодна, гэтак жа як, напрыклад, прадаваць мадэмы альбо кампутарныя прылады. Людзі адпачываюць. Рэальны час адкрыцця: кастрычнік-лістапад. З інтэрнэт-TV – складаней. Яно патрабуе фінансавых выдаткаў, якія не пад сілу Вялікаму Княству, і пытанне не можа быць вырашана самастойна. Але гэта не значыць, што мы адмовіліся ад гэтай ідэі.

Як вы ставіцеся да ліста часткі родных апазіцыйных лідэраў у Міністэрства замежных спраў Польшчы адносна "не беларускасці" таксама не чужых вам "Радыё Рацыя" і "Белсата"?
Такі захад і ў той форме, у якой ён быў здзейснены, мог мець наступствам найперш узнікненне недаверу і напружанасці ў адносінах паміж апазіцыяй і апазіцыйнай прэсай. Таму я лічу яго не ўзважаным. Больш эфектыўным мне бачыцца памяркоўны і канструктыўны дыялог паміж палітыкамі-прафесіяналамі і прафесіяналамі-журналістамі. З другога боку, апазіцыйным лідэрам ніхто не замінаў і не замінае стварыць уласныя дзейсныя сродкі масавай інфармацыі, не горшыя і нават лепшыя, чым тыя, на кіраванне якімі яны прэтэндуюць.

Як часта абнаўляецца выданне?
Праз кожныя тры дні. У крызісны перыяд – раз на тыдзень. Пры ўзнікненні надзвычай важных падзей абнаўленне інфармацыі можа адбывацца штодня і нават у рэжыме рэальнага часу.

27.03.2008. У офісах грамадскіх арганізацый, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і кватэрах беларускіх журналістаў прайшлі ператрусы. У гэты ж дзень партал "Вялікае Княства" быў пазбаўлены кампутарнай тэхнікі.
Аднак для нас важна іншае. У гэты крытычны для часопіса момант адгукнуліся звычайныя грамадзяне, якія не толькі выказвалі падтрымку рэдакцыі, але і прапаноўвалі ўласныя кампутары. Дзякуй, Мінчане, за салідарнасць!

Куды падзеўся артыкул пра "Мрою"?
Шукайце там  

Ці шмат народу цікавіцца сайтам?
Пасля першых шасці месяцаў працы (чэрвень 2007-га) на партал заходзілі каля тысячы разоў штомесяц. Цяпер (роўна праз год) набліжаемся да стабільных трох. Пры гэтым колькасць наведванняў расце, што найперш сведчыць пра рост даверу і запатрабаванасць. Калі меркаваць па дасланых лістах, найчасцей бывае моладзь. Прыемна і тое, што наведваюць "Вялікае Княства" не толькі жыхары Беларусі, але і тыя, хто жыве ў Польшчы, ЗША, Канадзе, Расіі, Галандыі.

Расейскія пошукавікі (Yandex, Mail.ru, а з імі і Tut.by) перасталі адказваць на запыт "Вялікае Княства". У чым справа?
Сапраўды, гэткая дыскрымінацыя расійскімі пошукавікамі "Вялікага Княства" (і не толькі яго) існавала дзесьці з 20-22 лістапада 2007-га да другой паловы лютага 2008-га. Аднак пасля таго, як на партале "Вялікае Княства" (і не толькі) было ўзнятае гэтае пытанне, дзён праз 5-7 "недарэчнасць" ліквідавалі. Цяпер усе расійскія пошукавікі (за рэдкім выключэннем) зноў бачаць Вялікае Княства.

Як вы ставіцеся да ідэі аднаўлення манархіі ў Беларусі?
Я бачу Беларусь парламенцкай краінай.

Вашыя адносіны да блога "Лім"а і з'яўлення на ім дубля артыкула ВК пра Скарыну?
Вельмі добрыя адносіны. Мікола Анішчанка – цікавы і варты ўвагі журналіст. Асабліва цешыць тое, што аўтары блога аддалі перавагу не першай лімаўскай рэдакцыі і афармленню артыкула, а афармленню і рэдакцыі "Вялікага Княства".

Было б няблага, калі б "Вялікае Княства" існавала не толькі ў Інтэрнеце, але і ў друкаваным выглядзе...
І такое магчыма. Але пакуль найбольш даступным і перспектыўным бачыцца засваенне інтэрнэт-тэхналогій.

Ці магу я размясціць на вашым сайце свае вершы?
Цягам бліжэйшага часу – не. Але ў планах "Вялікага Княства" стварэнне і размяшчэнне на партале электронных кніг як асобных аўтараў, так і калектыўных зборнікаў. У тым ліку і зборнікаў вершаў.

Падобна на тое, што ў вас цяпер іншыя цікаўнасці... Ці значыць гэта, што музыкант і пісьменнік Уладзімір Давыдоўскі (Влад Давыдов), які некалькі гадоў таму пазіцыраваўся на расійскім кніжным рынку як "адзін з самых таленавітых у жанры дэтэктыва", адыходзіць у нябыт? Прынамсі, гэта выглядае так: усе папярэднія выданні кніг і дыскаў ужо не сустрэнеш на паліцах крамаў, а новых няма...
Як аднойчы сказаў класік, – чуткі пра мой скон відавочна перабольшаны. Апрача працы над парталам я заняты яшчэ ў шэрагу праектаў. Што ж да дэтэктываў і музыкі, то ў гэтым рэчышчы пакуль ідзе вонкава незаўважная праца – пошук новых форм, ідэй, складаюцца планы, і, мяркуючы па ўсім, лепшыя творы яшчэ наперадзе.

Што вы думаеце пра сучасны беларускі дэтэктыў?
На жаль, той стан, у якім знаходзіцца сучасны беларускі дэтэктыў шмат у чым нагадвае цяперашняе становішча Беларусі ў Эўропе. Быццам мы гэткія ж, але ў адрозненні ад іншых маем нікому незразумелую эканамічную і палітычную сістэму. А тлумачыцца ўсё тым, што, маўляў, шукаем сваю мадэль дзяржавы. Гэтак жа і дэтэктыў, які ў свеце мае трывалыя традыцыі, у Беларусі ўсё яшчэ шукае сваю мадэль. А ў выніку атрымоўваем – прыгодніцкі гісторыка-фантастычны дэтэктыўны трылер з эсэістычнымі развагамі і прызнаннем у палітычнай лаяльнасці ды любові да Радзімы. Абсурд.
Па-другое. Ці можаце вы ўявіць сучасны беларускі палітычны дэтэктыў альбо дэтэктыў-дослед эканамічных злачынстваў ды карупцыі ў вярхах? Ці хаця б кнігу пра злачынствы, якія спараджае знітаванасць пракуратуры і міліцыі? Не. Сёння ў Беларусі існуе і развіваецца толькі самы бяспечны жанр – гістарычны дэтэктыў (з ахопам падзей да 1994 года).
Наогул жа вартасць кнігі масавага попыту (а дэтэктыў менавіта такім і з'яўляецца) зазвычай вызначае рынак. У нас гэта робяць чыноўнікі. І таму не дзіва, што ў дзяржаўных выдавецтвах галоўны крытэрый не мастацкая альбо камерцыйная вартасць, а лаяльнасць аўтара да ўладаў, альбо пэўная пасада ў дзяржсістэме. Казаць пра нейкую незалежную выдавецкую дзейнасць пакуль не выпадае, бо ўся дзейнасць такога кшталту пільна кантралюецца Міністэрствам інфармацыі і не толькі. Магчыма таму наш дэтэктыў часткова мусіў падацца ў эміграцыю, што, дарэчы, не робіць яго менш нацыянальным. А гэта значыць, што беларускі дэтэктыў (гэтак жа як і шматмоўная літаратура Вялікага Княства) – паняцце больш размаітае і патрабуе разгляду ў больш шырокім кантэксце. Спадзяюся, калі-небудзь прыйдзе "час збіраць камяні"...

Зараз выдаецца шмат кніг. Але не ўсе трапляюць на ваш сайт. Чаму?
Мы не ставім перад сабой задачу адлюстраваць увесь літаратурны працэс. Перавага аддаецца тым кнігам, якія з’яўляюцца знакавымі альбо па-свойму адметнымі: нясуць у сабе новыя ідэі, знаёмяць з малавядомымі гістарычнымі падзеямі, вылучаюцца неардынарным аўтарскім поглядам і стылем, маюць мастацкую, гістарычную каштоўнасць.

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2008 Вялікае Княства