Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

На паліцы праграмнай рады беластоцкага тыднёвіка “Ніва” з’явілася апошняя кніга з серыі "Штодзённае жыццё жыхароў Беласточчыны". Але распавяду пра ўсю тэтралогію, бо ў серыі выйшлі чатыры тамы, кожны з якіх прадстаўляе асобны перыяд у гісторыі краіны.
Першая кніга серыі – “Бежанства 1915 года” распавядае пра мала асветлены перыяд гісторыі беларускага народа, калі ў часе вайны праваслаўныя людзі былі вымушаныя пакінуць свае сялібы і падацца ўглыб Расіі ў гэтак званае бежанства. Многія, шукаючы паратунку, апынуліся за Ўралам. Шмат хто не вярнуўся з гэтай вандроўкі, злажыўшы галаву на чужыне.
Другая кніга тэтралогіі – “У новай айчыне” апісвае лёсы тых, хто вярнуўся ў родныя мясціны і, трапіўшы на папялішча, мусіў пачынаць усё з нуля. І хаця гэта была свая зямля, але ўжо ў чужой, невядомай дагэтуль краіне, бо тэрыторыя Падляшша ўвайшла ў склад Польшчы.
Трэцяя частка – “Пакаленне вайны. Штодзённае жыццё ў часы нямецкай акупацыі”. І вось выйшла чацвёртая – “Час трывогі і надзеі”. Яна распавядае пра час, калі частка заходняй Беларусі адышла да БССР, а частка – да Польшчы. Зноў пачалася прапаганда, якая шмат намуціла ў чалавечых галовах. Савецкія агітатары заклікалі пераехаць у Савецкі Саюз, пакінуўшы гаспадарку, дабытак, і пачынаць усё з нуля. Шмат людзей выехала. Лёс рэпатрыянтаў падзяліла і мая сям’я. У 46-м пасля ўстанаўлення дзяржаўнай мяжы мой дзед Сяргей, забраўшы жонку, малых дзяцей паехаў шукаць лепшай долі ў Савецкі Cаюз. Пасля, ужо перад самай смерцю, ён пашкадаваў, што пакінуў бацькаўшчыну, бо не знайшоў дабра ў тым нібыта раі.
Усе кнігі асноўваюцца на ўспамінах сведак падзей. Журналісты “Нівы” гадамі па крупінках збіралі размовы, дакументы, сведчанні, успаміны. Большасці з тых, чые словы захаваліся ў кнігах, ужо няма.
Зразумела, сабраны матэрыял быў бы няпоўным без успамінаў тых, хто да 46-га быў жыхаром Беласточчыны, а пасля, па розных меркаваннях пакінуў родны кут і з’ехаў у Беларусь. На дапамогу беластоцкім журналістам прыйшлі журналісты Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Але праца ідзе марудна, а трэба спяшацца, бо людзі адыходзяць беззваротна, трэба паспець запісаць тое, што захавала іх памяць, тое, што змусіла іх выехаць з родных мясцінаў. Тут дазволю сабе звярнуцца да наведвальнікаў “Вялікага Княства” з просьбай дапамагчы сабраць крупінкі чалавечай памяці, каб уз’яднаць іх і ў друкаванай форме пераказаць нашчадкам, каб запоўніць прабелы ў гісторыі. Бо гэта тычыцца кожнага з нас, бо гэта – наша памяць, наша мінуўшчына, нашыя карані, нашая гісторыя.

Наталля Герасімюк




Кніга вядомага каталіцкага філёзафа і актывіста Др. Плініё Карэа дэ Алівейры "Рэвалюцыя і Контррэвалюцыя" была напісана ў 1959 г. і з таго часу перажыла больш дзесятка перавыданьняў па партугальску, італьянску, гішпанску, француску, ангельску, нямецку, румынску, польску.
Папулярнасьць кнігі, найперш у асяродзьдзі кансэрватараў, была выклікана яе надзённасьцю для сытуацыі ад канца 50-х гг. ХХ ст. і да сёньняшняга дня.
У той час, калі камуністычныя рухі трацкісцкага толку імкліва распаўсюджваліся па краінах Лацінскай Амэрыкі, гэтая праца служыла ідэйным фундамэнтам для контррэвалюцыянэраў ва ўсім сьвеце. Пасьля зьменаў 1989 г. на кнігу зьвярнулі ўвагу ў краінах Цэнтральнай Эўропы і былога СССР. Асаблівае значэньне яна мае для жыхароў посткамуністычных краін, паколькі падрабязна разглядае магчымасьць мэтамарфозы камуністычных рэжымаў у псэўдалібэральныя, што і адбывалася ў большасьці выпадкаў на працягу 90-х гг. ХХ ст.
Праца Алівейры зьяўляецца комплексным аналізам рэвалюцыйных працэсаў у краінах заходняй цывілізацыі і сродкаў барацьбы зь імі. Кніга мае несумніўную будучыню, паколькі ўяўляе сабой творчы падыход да падзеяў, які можа быць скарыстаны і ў будучыні, пры апісаньні сытуацыі, якой у дадзены момант няма, але якая можа быць патлумачана на падставе канцэпцыі аб барацьбе Рэвалюцыі і Контррэвалюцыі.
Аўтар кнігі Др. Плініё Карэа дэ Алівейра вядомы таксама заснаваньнем найбольш дзейснай антыкамуністычнай сеткі арганізацый Лацінскай Амэрыкі і Эўропы пад агульнай назвай "Традыцыя, сям’я, уласнасьць" (Tradition, Family, Property), адной з акцыяў якой стаў збор больш як 5 млн. подпісаў у падтрымку незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі ў 1990 г. Да гэтага моманту тая акцыя зьяўляецца найбольшай па зборы подпісаў і занесена ў кнігу рэкордаў Гінэса.

Аляксандар Стральцоў-Карвацкі




"Царскай трызна" – апошняя з кніг, выдадзеных праграмнай радай беластоцкага тыднёвіка "Ніва". Яе аўтар – журналістка "Нівы" Ганна Кандрацюк-Свярубская. Аповеды, сабраныя ў кнізе, чытаюцца лёгка, але пакідаюць у душы сум. Сум па тым, што адыходзіць, што прамінае, што, спяшаючыся паспець за поступам цывілізацыі, губляем назаўсёды.
Беларуская падляшская вёска з яе жыхарамі, якія лічаць сябе праваслаўнымі і ў сэрцах хаваюць язычніцтва... Сапраўднае адлюстраванне гэтай вёскі, яе жыхароў, іх вераванняў і забабонаў...
Кніга насамрэч пра смерць, пра паміранне.
Чаму яна атрымала назву "Царская трызна" патлумачыла сама аўтарка – Ганна Кандрацюк:
"З язычніцкіх часоў існаваў пахавальны абрад – Трызна, своеасаблівае ігрышча вакол смерці, якую спрабавалі абтанцаваць, асвоіць, каб далей жыць на аптымістычнай ноце. Тут трызна царская. Царская, бо гэты прыметнік ва ўяўленні нашых людзей атаясамліваецца з шыкоўнасцю, квяцістасцю..."
Смерць, трызненне з’яўляецца асноўнай тэмай усіх апавяданняў. Людзі пушчанскага краю нібы цывілізаваны этнас, якому тым не менш не бракуе і першабытнасці. Паходзячы з вёсак, ад зямлі, ад лесу, яны толькі там чэрпаюць сілы і энергію. Рэдакцыйная сяброўка Ганны Міра Лукша, распавядаючы пра зборнік, зазначыла, што кожны чалавек, які выйшаў з вёскі, заўсёды памятае пра сваё паходжанне і смокча жыццё менавіта адтуль, са сваёй малой забытай, закінутай, але роднай вёскі, са сваёй зямлі, са свайго лесу.
"Мы ведаем, – кажа Міра, – што, калі б засталіся там, мелі б такі самы лёс. Але мы нясем гэты лёс у сабе. Нашы вёскі адміраюць, нашы людзі спрабуюць жыць марамі, якія больш падобныя на тое, што яны бачаць у тэлевізары. Таму, калі бярэш гэтую кніжку і чытаеш, робіцца сумна, бо мы паміраем разам. Мы чапляемся за жыццё як за карэнне пушчанскіх дрэваў, хочам цягнуць сокі з гэтай зямлі, але самі яе прадаём, ёй здраджваем".
Падзеі, апісаныя ў апавяданнях, адбываюцца ў нейкай мясціне "Н". Але замест гэтай літаркі можна ўставіць назву кожнай падляшскай вёскі, ды і не толькі падляшскай. Пасуе гэта і да вёсак на Берасцейшчыне, на Гарадзеншчыне, ды і на ўсёй Беларусі, бо тое, пра што апавядаецца ў кнізе, адбываецца, на жаль, усюды, дзе жывуць беларусы. У некаторых месцах гэта праяўляецца мацней, у некаторых – слабей, але тое, што гэтае паміранне прысутнічае – няма сумніву. Гутарка з рэдактарам кнігі Яўгенам Вапам таксама пацвердзіла, што працэс, апісаны ў кнізе, вельмі сумны і, на жаль, беспаваротны:
"Гэта свет апошняга дыхання сялянскай культуры і каштоўнасцяў гэтай культуры, якая ў сутыкненні з дэмаграфічным крызісам, паміраннем нашай меншасці стварае настрой ад якога дрыжыкі па спіне ідуць. Гэта – распад традыцыйнай патрыярхальнай сялянскай стыхійнасці вёскі, якая была апірышчам беларускай нацыянальнасці.
Свет, які апісвае Ганна Кандрацюк, гэта свет ужо адышоўшы, свет памінак, апошніх галасоў і стогнаў яго людзей. Гэта іхнія мары, найчасцей пройгрышы, і чаканне аднаго – выгоднай смерці.
Кніжка брутальная, але вельмі чалавечая. Для беларусаў Беласточчыны гэтая кніга – праўда пра нас. Праўда, ад якой мы ўцякаем, якую не хочам бачыць".
Кніга, прачытаная нагбом за адзін вечар, яшчэ неаднойчы з’явіцца на маёй прыложкавай тумбачцы, каб у хвіліны эйфарыі і празмернага лётання ў аблоках хуценька апусціць мяне на зямлю, прыгадаць тое, што губляем, што ўжо страцілі, змусіць задумацца над заўтрашнім днём, памятаючы пра дзень учорашні, бо без мінулага няма будучыні.

Наталля Герасімюк




Том выбраных вершаў паэта, пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша "Іншага канца сьвету ня будзе" – першая паэтычная кніга паэта, выдадзеная на беларускай мове. Прычым, выйшла яна ва Ўроцлаве. Дзіўна. Хаця б таму, што нарадзіўся нобелеўскі лаўрэат у Шатэйнях на беларускай Віленшчыне, скончыў віленскую гімназію імя Зыгмунда Аўгуста, а потым юрыдычны факультэт універсітэта імя Стэфана Баторыя.
Праўда, надалей, з 1937 года, Мілаш звязвае сваё жыццё з Варшавай. Па заканчэнні вайны, служыць аташэ польскай амбасады ў Нью-Ёрку і Парыжы. Пасля прыходу да ўлады камуністаў і з прычыны непрыняцця іх ідэалогіі, атрымоўвае палітычны прытулак у Францыі. Праз 9 гадоў перасяляецца ў ЗША, дзе працуе прафесарам аддзялення славянскіх моваў Каліфарнійскага універсітэта ў Берклі. Памёр Чэслаў Мілаш ва ўзросце 93 гадоў у Кракаве, дзе і пахаваны.
Мілаш лічыцца адным з найвялікшых польскіх паэтаў, а па меркаванні савецкага паэта-эмігранта Іосіфа Бродскага, "гэта, мабыць, самы вялікі паэт нашага часу". Аднак прызнанне Мілашу прынеслі найперш празаічныя творы ды пераклады. І не толькі прызнанне, але і ўзнагароды. У 1953 годзе за раман "Захоп улады" Мілаш атрымоўвае Еўрапейскую літаратурную прэмію. Далей – літаратурную прэмію Марыяна Кістэра (1967), прэмію фонду Южыкоўскага за творчыя дасягненні (1968), прэміі польскага ПЭН-клуба ў Варшаве за паэтычны пераклад, Нойштадскую міжнародную літаратурную прэмію (1978), Гугунхеймскія стыпендыі (1974), ганаровую ступень доктара Мічыганскага ўніверсітэта, і ў рэшце рэшт – Ордэн Белага Арла.
Галоўная ж узнагарода – Нобелеўская прэмія па літаратуры, была прысуджаная Мілашу ў 1980 годзе, як пісьменніку "які з бясстрашнай празорлівасцю паказаў неабароненасць чалавека ў свеце, што раздзіраецца канфліктамі". Паводле ж прамовы чальца Шведскай акадэміі Лары Юленстэна, "свет, адлюстраваны Мілашам – гэта свет, у якім жыве чалавек пасля выгнання з рая". Таму хай вас не здзіўляе і змрачнаватая назва кнігі – "Іншага канца сьвету ня будзе". Кніга цікавая яшчэ і з пункту погляду ацэнкі працы перакладчыкаў, бо паралельна з беларускай версіяй твораў знаходзяцца арыгіналы. А ў якасці пастскрыптума – "POST SCRIPTUM" Чэслава Мілаша, які, дарэчы, напісаны на Віленшчыне:

Біяграфія – тое самае, што выдумка альбо вялікі сон.
На ўскрайку неба паміж бярозаў стос аблокаў адно на адным.
Жоўтыя, іржавыя вінаграднікі падвячоркам.
Быў нядоўга слугой і вандроўнікам.
Адпусцілі мяне, і вяртаюся незнаёмай дарогай.

Ян Мнішак



Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 >


Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2008 Вялікае Княства