|
|
|
Дзевяносцікі і нулёвікі
Наступ віртуальных інфармацыйных сродкаў робіцца
ўсё мацнейшым, але, як кіно не выцесніла тэатр, відэа не выцесніла
тое ж кіно, так і кнігам не пагражае знікненне. Здавалася б,
інтэрнет стаў агульнадаступным, кожны можа не купляць кнігу,
а зайсці на той ці іншы сайт і такім чынам азнаёміцца з
тэкстам, атрымаць яго па электроннай пошце, ці на дыску.
Быццам, эпоха друкарскага станка скончылася. Аднак, як ні
парадаксальна, сеціва не толькі не шкодзіць распаўсюду друкаванай
прадукцыі, але і ў пэўнай ступені стымулюе яе. Так, часта
даводзіцца сустракацца з жаданнем чытача мець твор не толькі
на "вінце" але і ў "папяровым выглядзе".
Кніга становіцца не столькі носьбітам інфармацыі, колькі
самадастатковым прадметам мастацтва. Атрымліваецца, што
вялікае значэнне мае проста афармленне – вокладка, агульны
дызайн, папера. Важна, наколькі прыемна яе трымаць у руках,
колькі месца яна можа займаць на паліцы і г.д.
Актуалізуецца і праблема прапаганды, рэкламы твора. Некаторыя
аўтары, паасобку і разам, вельмі актыўна гэтым займаюцца.
Напрыклад, цікава, як у сярэдзіне 90-х праводзілі "піар-кампанію"
постмадэрністы, Бум-Бам-Літ. Каб прывабіць чытача, пісьменнікі
сінтэзавалі тэкст-гук-рух-малюнак. Праводзілі перфомансы
і сцэнічныя дзеі, размалёўвалі сваё цела, разбуралі марфалогію,
фанетыку, сінтаксіс тэксту. Часта асацыятыўны "абракадабравы"
тэкст цяжка было адрозніць ад метазашыфраванага "транслагічнага"
ці гіпераналітычнага, "запаліндромленага" твора. Нешта з гэтых
эксперыментаў было пазычана ў Заходняй літаратуры, рускага авангарда...
нешта стала адкрыццём менавіта "тутэйшай" літаратуры.
Можна казаць пра такую з'яву як "дзевяностнікі" ці, як больш
падабаецца Сержу Мінскевічу, "дзевяносцікі" ("дзявяносцікі" –
адна з этымалагічных асацыяцый – ад "зубасцікі").
Аналогія з савецкім "шасцідзесятніцтвам" напрошваецца
сама сабой. Хаця больш актуальным можа быць параўнанне з
літаратурным працэсам пачатку ХХ стагоддзя, калі трэба было
ў сціслыя рамкі маладой нацыянальнай літаратуры "ўкладваць"
буйныя формы сусветнай. Прыблізна тое ж адбылося і ў 90-я
– толькі на гэты раз спатрэбілася засвойваць, вывучаць тэхналогіі
авангарду, постмадэрнізму, іншых "ізмаў", пратэставаць,
разбураць, шукаць, зноў вяртацца да класічных і псеўдакласічных
формаў, пісаць маніфесты і псеўдаманіфесты, перапісваць і
парадыраваць класікаў і псеўдакласікаў постмадэрновай культуры.
Дзевяностнікаў (дзевяносцікаў) можна было любіць ці ненавідзець,
захапляцца іх мужнасцю і нонканфармізмам, ці проста бачыць
у іх літаратурных хуліганаў, якія імкнуліся даказаць, што
існаваць творча і незалежна ад каго б ні было, можна… З
цягам часу ўсе тыя эксперыментальныя творы проста адклаліся
на палічку архіва.
Час сапраўды ляціць даволі хутка.Здаецца, толькі што, колькі
тыдняў, максімум месяцаў таму пачалося бумканне ў тазік,
сталі на слупах развешвацца ўлёткі з "тэкстамі", пачаліся
выступленні, акцыі ў школах, бібліятэках, на свежым паветры,
у псіхіятрычных клініках, на навуковых канферэнцыях, у лесе
"перад звярамі і птушкамі", "белыя" і "чорныя" аркушы паперы,
"тэксты-малюнкі" і "тэкстагукі" ды іншыя
паранармальна-літаратурныя з'явы.
Галоўная мэта была дасягнута – да нацыянальнай літаратуры
і мовы, культуры была прыцягнута ўвага – рэкламны і піараўскі
ход, "раскрутка" і шум зрабілі сваю пачэсную справу.
Зрэшты, пачалі збірацца поўныя залы і творы пісьменнікаў
сталі чытаць не толькі самі літаратары ці тыя, хто хацеў
імі стаць, але і звычайныя "кліенты". Тады было такое
адчуванне, што працэсы глабалізацыі знішчаюць ці заганяюць
у "чырвоную кнігу" ўсё нацыянальна адметнае, і можна было
адчуваць сябе "апошнім з магікан".
Даволі выразна праводзілася мяжа паміж "новымі" і "старымі"
пісьменнікамі, вызначыліся некалькі часопісаў і выдавецтваў,
літаратурных суполак, вакол якіх гуртаваліся "традыцыяналісты"
і "эксперыментатары".
Маладыя літаратары часта адчувалі падтрымку з боку пісьменнікаў
старэйшага пакалення, а не, здавалася б, тыпалагічна блізкіх
"васьмідзесятнікаў", – магчыма, сказвалася канкурэнцыя. Ад
"старых" можна было пачуць: "бурапеньце", "тапчыце траўку",
"з узростам пройдзе", "рабіце хоць што-небудзь" паралельна з
выказваннямі кшталту "гэта хуліганства", "бумбалізм –
не літаратура", "куды падзеліся сучасныя багдановічы
і купалы", "яны разбураюць культуру".
Праўда, "новая літаратура" не была такой маналітнай, як
здавалася на першы погляд. Розніца паміж эстэтычнымі
плынямі "дзевяностнікаў" была дастаткова вялікай.
Напрыклад, паміж "шызатурызмам" і "транслагізмам"
у ідэалагічным плане яна была такая ж, як паміж "капіталізмам"
і "камунізмам". Проста пад агульным сцягам аб'ядноўваліся
розныя аўтары, кожны з якіх утвараў уласную харунгву тэкстаў,
на час пэўнай бітвы, пасля якой невядома было, з якога боку
барыкад яны будуць знаходзіцца падчас наступнай "сустрэчы".
Была гульня дзеля гульні. У межах рухаў і суполак адбываліся
пастаянныя змены, пошукі, ствараліся новыя, "постновыя",
"пост-пост-мадэрновыя" мадэлі і канцэпцыі, стылі і анціметады.
Літаратура "вызвалялася ад паперы". Юрась Барысевіч заявіў,
што беларускі чытач – гэта беларускі пісьменнік... які не мае
знаёмых у выдавецтве. Таму шукаліся "альтэрнатыўныя" формы
літаратуры. Цяжка ўспомніць і пералічыць, каго можна аднесці
да новай плыні... пачынаючы ад Таварыства Вольных Літаратараў
да ... "Вулея", "Другога фронту мастацтваў", "Новага фронту
мастацтваў", "Асацыяцыі сучаснага мастацтва"... Тэксты "новых"
сталі з'яўляцца ў кансерватыўных, "акадэмічных" газетах,
часопісах, выдавецтвах. І праз пэўны час палярнасць і полюснасць
"новай" і "старой" літаратуры змяніліся на шматузроўневасць.
Галоўны парадокс сучаснай сітуацыі заключаецца ў тым, што
літаратура не тое што не памерла і не знікла, а наадварот
яе ўплыў узмацніўся. Аднак, паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў
аднесці да якой-небудзь школы даволі цяжка. Таму няблага
было б сёння больш увагі надаваць літаратурным маніфестам,
самаідэнтыфікацыі, "градацыі" і "маркіроўцы".
Сучаснае пакаленне літаратараў можна назваць "нулёвікамі"
у добрым сэнсе гэтага слова,або "абнуленымі тысячагоднікамі"
(ад пачатку тысячагоддзя)... Пад "абнуленнем"
варта разумець наступнае.
Гэта вялізная колькасць тэкстаў, якая дасталася ў спадчыну
тым, хто актуалізуецца сёння. Бясконцасць рознаўзроўневага
гіпертэкста памнажаецца на "зануленне". У літаратурным
дыскурсе ствараецца нешта шматвектарнае і шматформнае. "Нуль"
пераўтвараецца ў "бясконцасць" і "бясконцасць"
пераўтвараецца ў "нуль". Адначасова суіснуюць розныя
пакаленні, якія ўтвараюць фактычна розныя "цывілізацыі"
– "ад франтавікоў" да "пост-постмадэрністаў".
І тым не менш, калі ў 90-х гадах праводзіліся перфомансы
"белы", "чорны", "празрысты" аркушы паперы, "хвіліна маўчання",
то ў апошнія гады адбываецца перфоманс адсутнасці друкавання,
выступлення, удзелу ў літпрацэсе. Калі ў 95-м годзе было заяўлена,
што кожны, хто чуў пра словазлучэнне "Бум-Бам-Літ" аўтаматычна
становіцца яго ўдзельнікам, уключаецца ў броўнаўскі рух літпрацэса,
то сёння можна заявіць, што ўдзельнікам літпрацэса становіцца і
той, хто не друкуецца, не выступае, не піша...
Алесь Туровіч
|
|
Ларыса Геніюш. Каб вы ведалі
Ларыса Геніюш – не проста таленавітая
паэтка, улюбёная ў Беларусь, бясстрашная змагарка за яе нацыянальнае
адраджэнне, пакутніца, якая прайшла праз савецкія канцлагеры
і да канца жыцця заставалася пад пільным наглядам адпаведных
дзяржаўных органаў. Гэта чалавек-эпоха, сімвал Беларусі.
Не маючы магчымасці асабіста кантактаваць з сынам, аднадумцамі
і сябрамі ў Беларусі і за яе межамі, Ларыса Геніюш вяла ліставанне,
якое стала унікальным фактам беларускай эпісталярнай традыцыі.
У яе лістах да В.Быкава, М.Прашковіча, А.Траяноўскага, А.Белакоза,
З.Верас, М.Танка, М.Ермаловіча, А.Мальдзіса, М.Чарняўскага,
Д.Бічэль, Р.Барадуліна адлюстравалася палітычная, культурная,
грамадзянская гісторыя нашай краіны, выявіліся нязломная духоўная
моц Л.Геніюш і яе высокія чалавечыя якасці. Усе тыя і многія
іншыя лісты, агульнай колькасцю 355, увайшлі ў эпісталярны
зборнік "Каб вы ведалі", складзены Міхасём Скоблам.
І паводле слоў укладальніка, "назва кнігі – "Каб вы ведалі"
– невыпадковая. Кампутар паказаў, што гэтае словазлучэнне
ў розных варыяцыях сустракаецца ў лістах паэткі дваццаць восем
разоў. Яна хацела перадаць свой жыццёвы досвед будучыні, наступнікам,
хацела перакінуць над ракой забыцьця Летай масткі чалавечай
памяці. Чытайма, ведайма і памятайма. Няхай мудрасьць і мужнасьць
Ларысы Геніюш стануць і нашымі навечнымі дарадцамі".
Наталля Капа |
|
|
Беларускі клясычны правапіс
Збор правілаў "Беларускі клясычны правапіс"
стаўся вынікам шматгадовае дзейнасьці працоўнай групы ў складзе
Юрася Бушлякова, Вінцука Вячоркі, Зьміцера Санько ды Зьміцера Саўкі,
ськіраванай на ўдасканаленьне збору правілаў беларускага клясычнага
правапісу, створанага Браніславам Тарашкевічам.
"Беларускі клясычны правапіс" складаўся ў адпаведнасьці
з наступнымі прынцыпамі: захаваньня традыцыі і скасаваньня
разьбежнасьці ды нутраных супярэчнасьцяў у сучаснай практыцы
"тарашкевіцы"; спрашчэньня некаторых правілаў "тарашкевіцы",
"каб клясычны правапіс быў больш канкурэнтаздольны й вымушаў
да зрухаў афіцыйны правапіс", а таксама каб "палегчыць будучае
збліжэньне правапісаў", – "тарашкевіцы" ды "наркамаўкі".
У аснову названага збору правілаў быў пакладзены апублікаваны
ў 1995 годзе праект Вінцука Вячоркі, вынікам шырокага абмеркаваньня
якога сталася Праская канферэнцыя пад эгідаю Беларускае службы
радыё "Свабода" ў 1998 годзе.
Андрусь Богуш |
Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
|
|