Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

Дзеля Бога і Вялікага Княства
Мой край і яго людзі ў Вялікім Княстве

Гэтую кнігу склалі працы вядомых навукоўцаў і даследчыкаў даўніны Беларусі і Польшчы: Анатоля Грыцкевіча, Валерыя Пазднякова, Ганны Дылаговай, Віктара Слівоўскага, Аляксандра Стральцова-Карвацкага, Вячаслава Шведа, Аляксандра Радзюка, Андрэя Вашкевіча, Ігара Кузняцова, Леаніда Ваўчка і інш. Галоўная тэма іх доследаў – становішча шляхты, духавенства і сялянаў каталіцкага веравызнання на землях Вялікага Княства Літоўскага ў XVIII – першай палове XX стагоддзя.
Паводле слоў укладальніка і рэдактара выдання А. Стральцова-Карвацкага, яно неабходна для таго, "каб досьвед мінулых пакаленьняў польска-літоўскай эліты быў знаны, каб быў тыражаваны і каб гэтыя матэрыялы трапілі да свайго чытача на палічку і ў бібліятэку, і выхавалі яшчэ не адно пакаленьне патрыётаў і каталікоў".

Праект "Мой край і яго людзі ў Вялікім Княстве" вылучаецца сярод іншых тым, што ў ім прымалі ўдзел навучэнцы школ, ліцэяў, гімназій, каледжаў, ПТВ і тэхнікумаў з розных абласцей Беларусі. У адвольнай форме (сачыненняў, эсэ, інтэрв’ю, малюнкаў, калажаў) яны выявілі ўласнае веданне і разуменне гісторыі Вялікага княства Літоўскага, а найперш ролі сваёй малой радзімы і яе выбітных асоб у лёсе гэтай магутнай дзяржавы.
Праца вымагала не проста добрага валодання фактычным матэрыялам – гістарычнымі звесткамі, але і ўмення глыбока пранікнуць у сутнасць падзей, што адбываліся ў пэўнай мясцовасці, убачыць іх перадумовы і наступствы, звязаўшы са шматвяковай гісторыяй Вялікага Княства.
Сярод агульнай колькасці вучнёўскіх работ (больш за тры дзесяткі) адзінаццаць атрымалі вышэйшую ўзнагароду – дыплом першай ступені, і менавіта яны складаюць гэты зборнік.

Андрусь Богуш





Яўхім Карскі. Беларусы

Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў вышэйшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі сталася энцыклапедыя беларусазнаўства Яўхіма Карскага "Беларусы" - грунтоўны даведнік па гісторыі і духоўным развіцці беларусаў, які па тых часах быў настольнай кнігай кожнага адукаванага чалавека. Не менш значным ён застаецца і сёння. Гэта рэдкае бібліяграфічнае выданне, недаступнае шырокаму колу чытачоў, выйшла ў серыі "Помнікі гістарычнай думкі Беларусі" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя". "Беларусы" пісаліся ў межах расійскай навуковай сістэмы, на рускай мове, і на сродкі, выдаткаваныя віленскім генерал-губернатарам князем П.Святаполк-Мірскім, - адзначаецца ў прадмове да першага тома энцыклапедыі. – Аднак высновы, да якіх Я.Ф.Карскі прыходзіў як сумленны навуковец, сведчылі, што расійскай навуковай грамадскасці патрэбна карэкціраваць свой погляд на Беларусь і беларусаў. Я.Ф.Карскі па-акадэмічнаму грунтоўна паказаў і даказаў, што беларусы існуюць як самастойны і самабытны народ, які мае сваю мову, багатую гісторыю і культуру. Сваё навуковае крэда прафесар Я.Ф.Карскі выклаў ў першым томе "Беларусаў" – "патрэбна заўсёды сыходзіць з фактаў, а не падганяць факты да прадузятай тэорыі".

Віталь Мінчук





Манеты Беларусі

Даведнік "Манеты Беларусі (да 1707 года)" – выданьне ўнікальнае. Яно прымеркаванае да 300-годьдзя з часу як была выбітая апошняя манэта Вялікага княства Літоўскага.
Манэтамі на Беларусі карысталіся з глыбокай старажытнасьці, але на пачатку яны былі "пазычаныя" ва ўсходніх ды заходніх краінах. А вось у ХІІ стагодьдзі ўзьніклі ўласна беларускія. У XIV стагодьдзі, дакладней у яго другой палове – падчас ВКЛ, з’явіліся манэты са старабеларускімі надпісамі. У 1707 годзе выйшла з-пад варштату апошняя манэта гэтай магутнай дзяржавы…
Даведнік распавядае гісторыю нумізматыкі, што курсавала на Беларусі ў тыя далёкія часы. Ён аздоблены выдатнымі фотаздымкамі асноўных тыпаў манэтаў ды, што адметна, а разам з тым карысна для нумізматаў-калекцыянэраў, змяшчае нават кошты манэтаў на адпаведных кірмашах.

Андрусь Богуш





Слуцкі збройны чын 1920 г.

"У момэнт самаадзначэньня ўсіх народаў і барацьбы іх за сваю самастойнасьць і свабоду Беларусі Рада Случчыны... падымае сьцяг барацьбы за свабодную незалежную Беларусь і заяўляе ўсяму міру: Беларусь павінна быць вольнай незалежнай Народнай Рэспублікай у яе этнаграфічных межах...
...Воляю народа заложана першая беларуская брыгада войск Беларускай Народнай Рэспублікі. Паўстаўшая люднасьць тысячамі зьбіраецца пад беларускія штандары, каб бараніць незалежнасьць Беларусі".
Гэта толькі некалькі цытат са шматлікіх сьведчаньняў, якія ўвайшлі ў зборнік "Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах".
У аснове кнігі – дакумэнтальныя матэрыялы з архіваў Літвы, Польшчы, Расіі і Беларусі, у тым ліку з архіваў КДБ: дакумэнты, паведамленьні прэсы, успаміны слуцкіх паўстанцаў, а таксама паказаньні былых удзельнікаў паўстаньня, "здабытыя" сьледчымі ГПУ-НКВД. Увесь гэты, рупліва сабраны матэрыял, дазваляе з розных бакоў зірнуць на адначасна вялікую і трагічную падзею 1920 года, пераасэнсаваць яе.

Ян Мнішак



Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 >


Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2008 Вялікае Княства