|
|
|
Асцярожна, хайкеры!
Вы ведаеце, што калі спыніць імгненне, яно можа
набыць форму хайку(хоку)? Асабліва дасканала гэта ўмеюць рабіць японскія
паэты – хайдзіны. Беларускія літаратары таксама імкнуцца фіксаваць
імгненныя праявы жыцця ў межах трохрадкоўяў, заснаваных на чаргаванні
складоў па схеме 5-7-5. Некаторым гэта добра ўдаецца, але большасць
толькі аўтаматычна пераймаюць форму, пакідаючы ў баку сутнасць.
Такія паэты – хайкеры…
Ля кніжнай шафы
разбіраю паперы, раптам – верш Басё.
(Міраслаў Шайбак)
Спачатку варта разабрацца, што за з’ява
– верш Басё. Гэта вонкава (і толькі вонкава!) простая трохрадковая
паэтычная форма з вышэйназванай колькасцю складоў – адзін з
асноўных відаў японскага верша, народжаны 700 гадоў назад.
Большасць японскіх слоў маюць два ці тры склады. У фразах гэтыя
кароткія словы ствараюць пяціскладовыя або сяміскладовыя спалучэнні,
якія робяць дасканалай рытмічную структуру твора – надаюць
адметную мілагучнасць, прыцягальную мелодыку. Адразу адзначу,
што беларуская мова мае даўжэйшыя і шматзначныя словы, таму
ў нас хоку практычна губляе сваю традыцыйную рытмічную структуру.
Акрамя таго, у японскай паэзіі вялікую ролю адыгрывае меладычны
бок верша, асаблівую прыгажосць якому надае разнастайнае
гучанне галосных. Беларускамоўныя галосныя гучаць інакш.
Хайку(хоку) пабудавана на супрацьпастаўленні дзвюх якіх-небудзь
з’яў (традыцыйна гэта "замалёўкі з натуры", апісанні прыроды),
якія ўзаемадзейнічаюць, што дазваляе дасягнуць максімальнага
паглыблення і пашырэння сэнсу ў мініяцюрнай форме. Славуты
сярэднявечны майстар хайку, класік японскай паэзіі Мацуа
Басё сцвярджаў, што каб пісаць такія вершы, неабходна імкнуцца
да натуральнасці, шчырасці пачуццяў і празрыстасці, лёгкасці
выражэння, а таксама валодаць асаблівым светаўспрыняццем:
бачыць светла-сумную чароўнасць існавання і адзіноты, мець
дар тонкага спасціжэння патаемнай сутнасці рэчаў і з’яў.
Яшчэ ў творах не павінна быць ніякай рацыянальнасці – Басё
быў рамантыкам. Між іншым, японскі паэт пазнейшага часу,
аўтар шэрагу віртуозных хайку, якія належаць да рэалістычнай
плыні ў развіцці гэтага паэтычнага жанру, Масаока Сікі абвясціў
асновай творчасці прынцып "адлюстравання жыцця" і таксама
патрабаваў шчырасці і прастаты. Дарэчы, беларуская паэзія
"на японскі манер" змяшчае ў сабе і рамантызм і рэалізм.
У любым выпадку, сапраўднае хоку – адлюстраванне шматаблічнага
свету праз дробныя дэталі чалавечага жыцця і ўсяго, што яго акаляе.
Праўда якім жа павінна быць майстэрства паэта, каб у межах
семнаццаці складоў стварыць непаўторную карціну існавання!
Аднак вернемся да нашай літаратуры. Калі адкінуць адзінкавыя
і разрозненыя публікацыі беларускіх хайкераў, то асноўнымі
набыткамі "ў стылі хайку" з’яўляюцца: зборнік хоку беларускіх
паэтаў "Круглы год" (1996); кніга хоку і танка Уладзіміра
Сіўчыкава "Высакосны год" (2004). Мімаходзь не магу ўтрымацца
ад наступнай заўвагі: пры перайманні не пашкодзіла б пэўная
доля арыгінальнасці – настольная кніга кожнага японскага
хайдзіна, у якой сабраныя абавязковыя для напісання хайку
словы з тлумачэннямі і прыкладамі іх выкарыстання, называецца…
"Круглы год". Супадзенне? Магчыма… А што спадар Сіўчыкаў?
У яго творчасці ўвогуле шмат супадзенняў з узорамі японскай
класікі, але пра гэта пасля.
Давайце паглядзім, як можна спыніць імгненне па-беларуску:
Па лесвіцы збег
ліст у абдымках ветру, насустрач зіме.
(Уладзімір Сцяпан)
Акрамя строга захаванай формы тут ёсць больш
значнае – тонка перададзенае назіранне, празрыстая "замалёўка з
натуры" – паветрана-лёгкі адбітак адначасова штодзённага і вечнага.
На жаль, так атрымліваецца не заўсёды.
Уяўная лёгкасць напісання хоку прывяла да недаравальнай
вульгарызацыі яго ў беларускай літаратуры, калі для паэтаў
галоўнае падагнаць свае думкі пад вонкавы стандарт. Мабыць,
надоўга, калі не назаўсёды, асабіста для мяне яркім прыкладам
смешна-непрыстойнай, вульгарнай стандартызацыі застанецца
наступны твор:
Сёння болей на
гадзіну спацьмем – пера- ход на зімні час!
(Уладзімір Сіўчыкаў)
Дарэчы, зманлівая лёгкасць і прастата стварэння
хоку спакусіла нават празаікаў, напрыклад, Уладзіміра Арлова або Максіма
Клімковіча (зб. "Круглы год"). Ну а прафесійныя майстры паэтычнага слова
працуюць з пераменным поспехам. Дапусцім, разам з вобразна-сімвалічным
вершам Адама Глобуса ў яго ёсць твор, які за схемай 5-7-5 не змяшчае
дастаткова глыбокага зместу:
Рукі кабеты над дзіцячай калыскаю, чалавечы свет.
Гартаю кнігу, не чытаю, а гляджу рэпрадукцыі.
Даволі часта беларускія паэты пры стварэнні класічнай
японскай формы верша не бяруць пад увагу важнасць і першаснасць
сутнасці, а не знешнасці, тым больш падманлівай. Часам пры
чытанні твораў, якія выйшлі з-пад пяра не надта сумленных аўтараў
– хайкераў, здаецца (і не беспадстаўна), што ў фанатычным
падпарадкаванні прынцыпу "адлюстравання жыцця" яны могуць
укласці ў вершаваную форму ўсё без разбору і нават у чыстцы
зубоў ці наведванні грамадскай прыбіральні ўбачаць высокую
паэзію і глыбока філасофскі сэнс. А ў некага, відаць, бывае,
як у згаданага раней У.Сіўчыкава:
Чытаю Басё, Такубоку – пішуцца Танка і хоку.
Проста і ясна. А як лёгка! Пасля застаецца толькі
разводзіць рукамі, калі сярод падобных твораў з’яўляюцца даволі якасныя…
копіі лірыкі таго ж Басё. Паверце, прыкладаў больш, чым трэба! Мяркуйце самі:
Бабочки полет Будит тихую поляну В солнечных лучах.
Гэта хоку Басё ў перакладзе Веры Маркавай (яе пераклады
былі прызнаныя лепшымі і ўганараваныя медалём у Японіі).
Зараз тое, што стварыў Сіўчыкаў:
Мятлікаў палёт абуджае паляну ў сонечных промнях.
І яшчэ:
Цветы увяли. Сыплются, падают семена, Как будто слезы.
Збуцвелі кветкі. Ападае насенне, нібыта слёзы.
Супадзенне? Наўрад ці! Вось, аказваецца, што бывае, калі начытаешся японскай класікі.
І з якім падтэкстам пасля гэтага гучыць хайку-прызнанне:
У творы чужым угледзеў сваю думку – прыкра і ўсцешна.
Сапраўды прыкра… Аднак тут ёсць рацыянальнае зерне,
або нават мудрасць: пры крадзяжы думак у сучаснікаў можна нарвацца на
абвінавачанне ў плагіяце, таму каб здавацца таленавітым і эрудзіраваным лепш
красці ў класікаў, асабліва чужых.Беларуская паэзія "на японскі манер", хоць
і мае сапраўды выдатныя хоку, не можа быць да канца дасканалай па раней
адзначаных моўных ды, мабыць, і ментальных прычынах. Мы губляем то ў змесце,
то ў форме – што лепш вырашаць нашым хайдзінам і хайкерам. А для роздуму
прапаную глыбокае па змесце і няправільнае па форме (адразу падказваю – ў
другім радку на адзін склад больш, чым патрабуецца) хоку айчыннага класіка:
– У будучыню ды на раскрышаных крылах? – смяецца слімак.
(Максім Танк)
Наталля Якавенка
Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
|
|