Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

Вялікае княства Літоўскае

XIII–XVIII стагодьдзі сталіся часам росквіту, магутнасьці й вялікай славы нашай Бацькаўшчыны. Гэта было Вялікае княства Літоўскае…

Ілюстраваная каляровымі ды чорна-белымі здымкамі, мапамі й малюнкамі, двухтомная энцыклапэдыя "Вялікае княства Літоўскае" дае магчымасьць дасканала й поўна вывучаць гісторыю Княства. Тут зьмешчаны артыкулы, прысьвечаныя гісторыі ўтварэньня ВКЛ, яго тэрыторыі ды адміністрацыйнаму падзелу, а таксама дзяржаўнаму й палітычнаму ладу. Добра асьвятляюцца тагачасная сымболіка, моўнае пытаньне, літаратура ды мастацтва. Шмат можна даведацца аб сацыяльнай структуры, сялянскай гаспадарцы, рамёствах, гандлі дзяржавы. Нямала матэрыялаў прысьвечана войску, царкве й асьвеце Вялікага княства Літоўскага.

Андрусь Богуш





Анатоль Сыс. Лён

Кніга "Лён" – найбольш поўнае выданне літаратурнай спадчыны выдатнага беларускага паэта Анатоля Сыса (1959 – 2005). Яго паэзія не пакідае чытача абыякавым, яна нясе ў сабе і эстэтычнае пачуццё, і неўтаймоўны тэмперамент, і нічым не абмежаваную спавядальнасць. У аднатомавік апрача хрэстэматыйных вершаў увайшлі і невядомыя творы, а таксама артыкулы і інтэрв’ю, якія істотна дапаўняюць воблік паэта.
…Анатоль Сыс жыў з адчуваннем дараванай яму ад нараджэння свабоды. Паэзія яго была свабоднай, і сам ён аніякіх вярыгаў на сабе не цярпеў. "Ні грошай, ні славы – я волі хачу". Як гэта рэдка ў жыцці бывае: вызначыць для сябе credo і да апошніх дзён трымацца яго. Сыс трымаўся.

Міхась Скобла (з прадмовы да выдання)





Гісторыя беларускай літаратуры XI-XIX стагоддзяў

"У гэтай працы шырокая і багатая, хоць далёка і не поўная панарама пісьмовай спадчыны Беларусі даўняга перыяду наглядна паказвае вельмі своеасаблівы і няпросты шлях айчыннага мастацкага слова на працягу стагоддзяў. Спачатку, абапіраючыся на грэка-візантыйскія і старажытнарускія традыцыі, літаратура на беларускіх землях у новых культурна-гістарычных умовах позняга Сярэднявечча паступова набіралася вопыту, моцы і набывала ўсё больш адметны характар і выгляд. Пасля, аплодненая і ўзбагачаная жыватворнымі ідэямі рэнесансавага гуманізму і патрыятызму, цесна звязаная з рэальным жыццём, новымі духоўнымі запатрабаваннямі розных слаёў грамадства тагачаснай Беларусі, даўняя беларуская літаратура выйшла на ўласны шлях развіцця, узнялася на новыя ідэйна-мастацкія вышыні і далучылася да агульнаеўрапейскага літаратурнага працэсу, хоць яшчэ доўга, аж да канца ХІХ ст., у сувязі з асаблівасцямі культурна-гістарычнага жыцця беларускага народа заставалася шматмоўнай..."

Вячаслаў Чамярыцкі (з прадмовы да выдання)





Алесь Аркуш. Аскепкі вялікага малюнку

Калі пэўны адрэзак часу, напрыклад, ад 1980-х да пачатку ХХІ стагоддзя, разбіць на важныя для сябе часткі рознага памеру і колеру, то атрымаюцца стракатыя аскепкі рэчаіснасці… Гэта метафарычная філасофская думка ляжыць у аснове аўтабіяграфічнай кнігі Алеся Аркуша “Аскепкі вялікага малюнку”. Як падаецца ў анатацыі да зборніка, тут сабраныя асноўныя канцэптуальныя эсэ і артыкулы аўтара, напісаныя ім за апошнія пяць гадоў і выдадзеныя ў часопісах “Калосьсе”, “ARCHE”, “Дзеяслоў”, газеце “Наша ніва”.
Паэт і час – так можна вызначыць тэматычную скіраванасць “Аскепкаў вялікага малюнка”, дзе А.Аркуш узгадвае пачатак свайго творчага шляху ў 1983 годзе і далейшую працу на літаратурнай ніве. Пры гэтым пісьменнік ацэньвае пройдзенае, вызначае ўласнае месца і ў жыцці, і ў літаратурным працэсе: “… мой літаратурны псэўданім зьявіўся, напэўна, дзеля таго, каб схавацца ад сумнай будзёншчыны, пазбавіць уяўнага паэта Аркуша ад непажаданых сутыкненьняў з жорсткай таталітарнай навакольнай рэчаіснасцю… Аркушу ня трэба было прыстасоўвацца да хцівага жыцьця. Яму ня трэба было думаць пра ганарары. Ён проста пісаў вершы. Сёння хтосьці іх называе філязафічнымі, хтосьці эстэцкімі. Ён аказаўся вышэйшым за падзел на вёску і горад…”

Зміцер Пісарэнка





Ваяры Белай Русі

Прыземістыя коні іржуць пад седакамі,
Трапеча сцяг з пагоняй над Вітаўта палкамі.
Яшчэ забрал узняты і меч не затупелы,
Патрапіць праміж латаў яшчэ не мецяць стрэлы…

Такой ва ўвасабленні паэта і барда Эдуарда Акуліна паўстае славутая Пагоня – сімвал магутнай і велічнай дзяржавы. А вось жывое ўяўленне і фантазія мастака, выдаўца Валерыя Мішчанкі падштурхнулі яго да стварэння незвычайнай кнігі – першай малой энцыклапедыі-размалёўкі "Ваяры Белай Русі".
Выданне распавядае пра гісторыю беларускай вайсковай формы ад старажытных часоў да нашых дзён. У ім поруч з цікавай і даступнай для людзей розных пакаленняў і прафесій даведачнай інфармацыяй ды фотаздымкамі змешчаны маляванкі для дзяцей – будучых ваяроў зямлі нашай. Адметна таксама, што тэксты ў кнізе падаюцца на трох мовах: беларускай, рускай і ангельскай.
Гісторыя Беларусі налічвае нямала славутых ваенных перамог і пры тым – да гонару нашай краіны – тое былі справядлівыя, вызваленчыя, а не захопніцкія перамогі. Таму гісторыя вайсковай формы, ваеннай справы – гэта гісторыя гонару і годнасці Белай Русі.

Вольга Жуковіч





Адам Шостак. Спатканне Не

Калі б ён запэцкаў штаны рознымі фарбамі, то не стаў бы хлусіць, але стварыў бы такое ўражанне, быццам выпэцкаўся, калі скатваўся з вясёлкі", – гэтымі словамі Марка Твена аб сваім героі можна сказаць і пра Адама Шостака. Чаму? Ну, хаця б таму, што ён аматар перформансаў і ў жыцці, і ў літаратуры: Адам – адзін са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў перформанс-суполкі "Яна – тры-ён", заўзяты постмадэрніст, творы якога ў аснове сваёй маюць дастаткова складаныя асацыяцыі і падтэкст. Зрэшты, яго зборнік "Спатканне Не", куды ўвайшлі вершы і проза, – зноў жа свайго роду перформанс…
Чаму такая назва? –
"бо не выпадае // ніколі спаткацца // ў момант астатні // з забытаю мрояй…"
А яшчэ ў жыцці ёсць шмат такога, што Не хочацца бачыць, ёсць людзі, з якімі Не хочацца сустракацца, ды й увогуле, на жаль, часта знаходзяцца падставы для "Не". Думаеце, Адам Шостак – песіміст? – Ніколькі. Проста ён абвострана ўспрымае рэчаіснасць. Але гэта не перашкаджае бачыць і сцвярджаць лепшае, што ёсць на свеце, – гаварыць "Так" каханню, сяброўству, дабрыні, радасці, натхненню. Адам сам стараецца Не парушаць законы чалавечнасці ды выступае за Не-парушэнне іх іншымі. І ён можа не толькі сумаваць па няспраўджаных марах, але весела "скаціцца з вясёлкі", тым больш, што ўжо "намаляваў" сваё "Рознакаляровае сонейка"…

Наталля Якавенка



Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 >


Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2008 Вялікае Княства