|
|
|
Беларуская літаратура і свет
Практычнай і дзейснай
спробай паставіць айчынную літаратуру ў кантэкт сусветнай ёсць
падрыхтаваная і ўкладзеная Лявонам Баршчэўскім кніга "Беларуская
літаратура і свет: выбраныя тэксты для чытання і аналізу" (ад
эпохі рамантызму да сучаснасці).
Крытычныя, празаічныя і паэтычныя
тэксты знакамітых асоб, творчасць якіх вырашала і вырашае сёння
лёс сусветнай літаратуры, падаюцца ў перакладзе на беларускую
мову. Прыкладам, творы (ці ўрыўкі з твораў) Ф.Шлегеля,
Дж.Байрана, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, Г.Апалінэра, В.Гюго,
Ж.-П.Сартра, Г.Ахматавай, Б.Пастарнака, А.Салжаніцына.
Сярод айчынных класікаў і сучаснікаў – Я.Чачот, К.Каліноўскі,
Я.Лучына, Цётка, М.Багдановіч, У.Дубоўка, Н.Арсеннева,
М.Танк, Я.Брыль, А.Дудараў, М.Стральцоў, У.Караткевіч,
В.Быкаў, Г.Бураўкін, Р.Барадулін, У.Някляеў, У.Арлоў,
А.Разанаў ды інш.
Ідэю выдання можна назваць глабальнай, але ажыццяўленне яе
грунтуецца на суб’ектыўным падыходзе ў ацэнцы сусветнай
значнасці ўсёй творчасці, ці пэўных твораў некаторых
пісьменнікаў. Асабліва гэта тычыцца беларускіх літаратараў.
Так цалкам мэтазгодным бачыцца размяшчэнне на старонках
кнігі быкаўскай "Сьцяны". Няма пярэчанняў наконт таго, што
найбольш папулярны з вершаў П.Броўкі – "Пахне чабор". Але
дарэмна творчасць У.Арлова прадстаўлена вершам "Божая кароўка
з Пятай авеню". Пра лімэрыкі А.Хадановіча і казаць няма чаго.
Ён таленавіты перакладчык з французскай мовы, што пацвярджаюць
пераклады вершаў Ш.Бадлера, але ўласная паэтычная творчасць
А.Хадановіча ніяк не ўпісваецца ў сусветны кантэкст. Дарэчы,
гэты пісьменнік тут адзіны з маладых сучаснікаў. Няўжо з
пакалення, умоўна кажучы, 30-гадовых літаратараў, прыхільнікаў
розных стылёвых накірункаў і плыняў, больш няма каго вылучыць?
А пакаленне 40-гадовых зусім "выпала" – хіба гэта "белая пляма"
ў гісторыі беларускай літаратуры? Адзначанае яшчэ больш здзіўляе,
калі ўлічыць, што рэцэнзентам выдання з’яўляецца аўтарытэтны
літаратуразнаўца і крытык Пятро Васючэнка.
Віталь Мінчук
|
Ян Станкевіч. За родную мову й праўдзівы назоў
"Прабіла
гістарычная гадзіна – гадзіна ўваскрэсеньня нашае быўшае дзяржаўнае сілы,
настала гадзіна, калі нашая нацыянальная гордасьць можа распусьціцца лёсым
цьветам", – пісаў некалі Ян Станкевіч. А выданьне яго выбраных артыкулаў
ці не ёсьць сьведчаньнем адраджэньня, заклікам да таго самага ўваскрэсеньня
нацыянальнай годнасьці й аднаўленьня ранейшай, найперш духоўнай моцы
Белай Русі?..
Дарэчы, у адным з лепшых, на маю думку, зьмешчаным у кнізе артыкуле
"Нацыянальны назоў Беларусоў" Ян Станкевіч падае дасьледаваную ім гісторыю
ўтварэньня назоваў Белая Русь, Беларусь, Літва, Крывія ды найменьняў Беларус,
Ліцьвін, Крывіч (яны, заўважце, пішуцца нязьменна з вялікай літары!).
Мінуўшчына пакінула глыбокі адбітак на ўсіх праявах нашага сучаснага жыцьця,
на нашым сьветаразуменьні, мэнталітэце, ды й на разуменьні пражытага й
перажытага нашымі продкамі. Гістарычныя дакумэнты, прынамсі такія, як
публіцыстыка Яна Станкевіча, сабраная пад вокладкай кнігі "За родную мову й
праўдзівы назоў", каштоўныя тым, што перадаюць веды ды вопыт свайго часу.
Адзначу таксама, што названую кнігу выдаў Віленскі Інстытут беларусістыкі,
а зьмешчаныя ў ёй пераклады з польскай мовы выкананыя пры падтрымцы
Польскага Інстытуту ў Менску.
Андрусь Богуш |
 |
Сяргей Балахонаў. Імя грушы
"Ты беларусаў не аскарбляй. Мы ўсе
добрыя, рахманыя і працавітыя. Нам проста з гісторыяй не пашэнціла", –
гаворыць адзін з герояў Сяргея Балахонава. Сам жа пісьменнік спрабуе выправіць
гэту памылку лёсу – па-мастацку перапісвае гісторыю Беларусі…
Адкрываючы свой першы празаічны
зборнік "Імя грушы", Сяргей Балахонаў папярэджвае: "Шаноўны чытач!
У сваіх рукох ты трымаеш дужа стракатую кнігу. Кнігу тысячы настрояў і
падставовага перакананьня – праўда не адна." А пасля абяцае: "Ты адчуеш
водар і смурод беларускага постмадэрнізму. Ты зацэніш гэта сам. І сам
скажаш, як гэта было і як магло б быць". Я "зацаніла" і магу сказаць,
што аўтар не падмануў – зборнік сапраўды стракаты па настраёвасці,
тэматыцы, сюжэтнай будове, ды й без постмадэрновага водару і смуроду
тут не абышлося.
"Ёсць тэксты, нагэтулькі перасычаныя свежымі ідэямі, што
колькасць інтрыгуючых думак не толькі перашкаджае іхняму
належнаму развіццю, але й стварае пагрозу мастацкаму ўзроўню",
– пісаў раней Даніла Жукоўскі адносна творчасці Сяргея Балахонава
(ARCHE, №2, 2005). Папрок не беспадстаўны. Прэтэнзіі на
арыгінальнасць у С.Балахонава настолькі вялікія, што ледзь
змяшчаюцца ў рамках твора, а гістарычная праўда… хаця, канечне,
"праўда не адна", асабліва ў мастацтве.
"Тэксты Балахонава выглядаюць правакацыйна, бо ён прыдумляе
"крыніцы", недасяжнасць якіх нельга патлумачыць экзатычнасцю,
а хіба толькі зачыненасцю, – слушна сцвярджае крытык. –
Мастацкі здзек з гістарычнае навукі магчымы толькі таму,
што навука тая мала што можа супрацьпаставіць літаратурнай
містыфікацыі і стэрэатыпам грамадскае думкі." Трэба дадаць,
што С.Балахонаў не проста перайначвае гісторыю – яго "мастацкі
здзек" даходзіць часам да "вычварэнняў", калі у творах з'яўляюцца
неверагодныя, фантастычныя істоты кшталту такой: "Быў ён
большым ад іншых парсюкоў ды меў… голаў малпы… Акром гэтага
ў вырадка былі вялізныя лыпатыя вочы, а вушы нібы ў кажана,
а з лоба зьвісаў мярзотны атожылак, што нагадваў надцятую
кішку." Гэта, так бы мовіць, персанаж апавядання "Паляваньне
на пачварнага парсюка", што ўваходзіць у названы зборнік.
Думаецца, спадар Балахонаў у свой час зачытваўся славутым
творам Я.Баршчэўскага "Шляхціц Завальня, або Беларусь у
фантастычных апавяданнях" – творчая пераемнасць відавочная, што
ўвогуле і не кепска. Праўда, нястрыманая фантазія пісьменніка
часам выклікае раздражненне – вядома, густы розныя. Вось,
напрыклад, той жа Даніла Жукоўскі заўважае: "Свавольствы
гомельскага літаратара вызначаюцца адчайнай зухаватасцю…
але неяк задумваешся: а што ж далей? Што яшчэ будзе ўжыта,
каб нагнаць сорам на беларускіх гісторыкаў? І ці не выкліча
гэты раздражняльны сродак неадэкватнае рэакцыі ў чытача?
Гледзячы па тэкстах, варта чакаць базылішкаў і НЛА, трытонаў
і палтэргейст…"
Крытык як у ваду глядзеў – НЛА ўжо ёсць. Я маю на ўвазе
апавяданне "Ня руш майго страху", у якім малады сяржант
Куцалапаў нечаканага становіцца спадарожнікам прадстаўніка
іншай цывілізацыі. Твор напісаны на ўзроўні "сцёба", дзе
парадаксальна спалучаюцца рэалізм і фантастыка, а вобраз
дасціпнага іншапланетнага госця, які сыпле беларускімі прыказкамі
і прымаўкамі, падкупае сваёй абаяльнасцю.
Аднак найбольш арыгінальным з'яўляецца гістарычны (наколькі
гэта магчыма ў С.Балахонава) дэтэктыўны раман "Імя грушы",
што даў назву ўсяму зборніку. Твор складаецца з трох рознастылёвых
частак, у якіх аповед вядзецца ад імя розных гераінь: "Успаміны
Натальлі Клыкоўскай", "Ліст Камілы Сьвентажэцкай…", "Дзёньнік
Ірэны Галавацкай". Адпаведна падаюцца тры погляды на асноўныя
падзеі рамана, пры чым мяняюцца "злачынцы" і "ахвяры", бо,
перафразуючы аўтара, у кожнага свая праўда. "Перанасычанасць
свежымі ідэямі" і "колькасць інтрыгуючых думак" дасягаюць тут
крытычнага ўзроўню, але пісьменнік яшчэ можа ўчас спыніцца…
Наталля Якавенка
 |
Аляксандр Адзінец. Паваенная эміграцыя. Скрыжаваньне лёсаў
У кнізе Аляксандра Адзінца "Паваенная эміграцыя. Скрыжаваньне лёсаў" сабраныя 73 ўспаміны прадстаўнікоў беларускай дыяспары — тых, хто пасля 1944 года апынуўся ў Аргенціне, Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Нямеччыне, Польшчы, Францыі, Чэхіі ды Швецыі.
У аповедах адлюстраваныя падзеі Другой сусветнай вайны, перыяд станаўлення беларускага жыцця на чужыне і сведчанні пра тое, як беларусы пачуваюць сябе за мяжой сёння.
Сярод аўтараў успамінаў — Надзея Касмовіч, Барыс Кіт, Міхась Лужынскі, Ганна Мерляк, Барыс Рагуля, Вітаўт і Вера Рамукі, старшыня Рады БНР (1982-1997) Язэп Сажыч, Юры Туронак, Анатоль і Іван Хрэноўскія, Антон Шукелойц, Лявон Шыманец, Юрка Станкевіч... У асобным раздзеле змешчаныя "Успаміны Барыса Кіта пра вядомых людзей", а ў біяграфічным паказніку — кароткія звесткі пра беларускіх эмігрантаў, імёны якіх узгадваюцца ва ўспамінах.
На 704-х старонках кнігі больш за дзве сотні фотаздымкаў. Многія з іх друкуюцца ўпершыню.
Ян Мнішак
|
Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
|
|