Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

Беларусь на старонках "Нівы" 1989–2005
www.polszsza.com

Пасля першага падзелу Польшчы славуты французскі філосаф і пісьменнік Жан Жак Русо даў палякам наступную параду: "Калі не можаце перашкодзіць таму, каб вас праглынулі, – пастарайцеся хаця б, каб вас не змаглі пераварыць". Гэту слушную як для палякаў, так і для беларусаў думку можна ўмоўна назваць лейтматывам дзвюх беластоцкіх кніг – зборніка "Беларусь на старонках "Нівы" 1989–2005 (выбранае)" і выдання Цэнтра Грамадзянскай Адукацыі Польшча – Беларусь "www.polszsza.com".

У "www.polszsza.com" змешчаны артыкулы беларускіх журналістаў і даследнікаў аб палітыцы, эканоміцы, сацыяльна-грамадскіх пытаннях Польшчы. І тут, чытаючы, да прыкладу, артыкул удумлівага аналітыка Аляксея Лапіцкага "Знаёмства з далёкай і блізкай Польшчай", параўноўваеш часам не на карысць Беларусі. Вось дапусцім: "Свабода СМІ, незалежны суд і рэальны кантроль над дзейнасьцю выбарчых камісіяў прадстаўнікамі розных выбарчых камітэтаў – моцныя перадумовы забесьпячэньня дэмакратычнага выбару ў Польшчы", альбо гэта: "Краіна пакінула ў мінулым цяжар дзяржаўнай прыгнечанасьці й несвабоды, савецкага аўтарытарызму й ідэалягічнага дыктату, плянава-разьмеркавальнай сыстэмы ў эканоміцы, здолела выйсьці са становішча стагнацыі й застою, апатыі й пэсымізму, нейкага суцэльнага грамадзка-палітычнага трансу". Мы можам хоць што-небудзь з усяго пералічанага сказаць пра Беларусь? Не, мы можам толькі спадзявацца, што некалі і ў нас так будзе.
Гісторыя Беларусі і Польшчы шмат у чым пераплятаецца, а з кнігі вынікае, што агульнае – толькі "Мэнтальнасьць беластачанаў, значная частка якіх – тутэйшыя праваслаўныя й каталікі, вельмі падобная на беларускую" (Алесь Бяляцкі "Ад астрогу няма перасцярогу"). Гэта – ці не ўся гістарычная спадчына.
Падляшшу ў кнізе надаецца шмат увагі – распавядаецца пра гісторыю, культуру, адукацыю гэтага краю. Так, прыкладам, Марыя Савушкіна ў артыкуле "Беларуская адукацыя на Беласточчыне", гаворачы пра безабароннасць беларускай адукацыі, справядліва тлумачыць гэтую з’яву праблемамі з нацыянальнай адукацыяй "на духоўнай радзіме, у Беларусі". Увогуле, паводле вызначэння Яўгена Вапы, "Бачна, што беларускія журналісты ў польскай рэчаіснасьці разьбіраюцца ня горш за саміх палякаў".
Кнігу "Беларусь на старонках "Нівы" Яўген Вапа адкрывае развагамі, пра тое, што ёсць Бацькаўшчына: "Бацькаўшчына гэта… калі глядзіш па тэлебачанні перамогу на міжнародным турніры беларускага спартоўца і ведаеш, што праз хвіліну залунае любы кожнаму беларусу бел-чырвона-белы сцяг, а словы і музыка гімна парадуюць веліччу і гістарычнай годнасцю. І радуешся, што тваю духоўную Бацькаўшчыну ведаюць у свеце, як краіну людзей культуры і навукі, як сярэднееўрапейскую дзяржаву, да якой хочацца прыехаць, а не найхутчэй з’ехаць. Краіну гаспадароў і справядлівасці, якую паказваюць у свеце як каштоўнасць усяе нацыі, а не ўласнасць аднаго чалавека…".
"Пакуль што як бы спраўджваецца прадбачанае, выказанае амаль стагоддзе назад Раманам Дмоўскім, ідэолагам наважытнага польскага нацыяналізму: Беларусь не абароніць свайго духа, усходняя яе палова зрусее, а заходняя апалячэе. Уся яе бяда ў ейным мужыцтве, а мужык не шанаваў, не шануе і не будзе шанаваць сябе і сваю Бацькаўшчыну. Навошта галадранцу годнасць?!". На жаль, Раман Дмоўскі не памыліўся і, як ні горка, мусім гэта прызнаць за праўду. А слушную думку польскага нацыяналіста прыводзіць у сваім палкім адраджэнскім артыкуле "Жыве Беларусь!" Сакрат Яновіч.
І вось яна – іронія лёсу: днямі стала вядома – "у інтэрвію для сёньняшніх польскіх газэтаў спадар Яновіч прызнаўся, што ў 1958-1970-м гадах быў "тайным і сьвядомым" супрацоўнікам службы бясьпекі пад псэўданімам "Кастусь". Ягонай задачай было назіраць за супрацоўнікамі тыднёвіка беларусаў Польшчы "Ніва" і актывістамі Беларускага грамадзка-культурнага таварыства" (Радыё "Свабода"). Артыкул "Жыве Беларусь!" быў надрукаваны ў "Ніве" значна пазней – у 1990-м, аднак цяпер найперш супрацоўнікам "Нівы", беларусам Польшчы ёсць над чым падумаць.
Але вернемся да зборніка "Беларусь на старонках "Нівы". Хочаце ведаць, хто мы ў вачах палякаў? Людзі на балоце. Гэтак вызначыў Алег Латышонак у аднайменным артыкуле. "Беларускае грамадства ў сэнсе палітычным напамінае балота", – піша ён, але пры тым заўважае: "Усё-такі на гэтым балоце паволі растуць і мацуюцца астраўкі сушы. Такія астраўкі ствараюць кожная палітычная, культурная ці прафсаюзная арганізацыя, кожны прыход, парафія і збор. Упарта будуюць свае астраўкі сушы прадпрымальнікі. Мільён самых малых, але сваіх стварылі тыя, хто за незалежную Беларусь".
Блізкім па духу можна назваць артыкул Яна Максімюка "Беларусь у пошуках свайго месца". Без падрабязнасцяў зазначу: з часу яго публікацыі ў тыднёвіку (1996 г.), мы, як ні сорамна прызнавацца, усё яшчэ шукаем сваё месца.
Літаратурнае жыццё 1998 года зафіксаванае ў нататках Міры Лукшы "Пегас з торбай?". І зноў жа – артыкул, які пачынаецца фразай "Ці змогуць беларускія пісьменнікі паразумецца з уладай?" вельмі актуальны сёння.
Адметна, што польскія журналісты і аўтары "Нівы" рэалістычна ўспрымаюць беларускую рэчаіснасць. Таму зборнік "Беларусь на старонках "Нівы" карысна пачытаць найперш беларусам, каб ведаць, што пра нас думаюць бліжэйшыя суседзі і якімі мы паўстаем перад усім светам.

Наталля Якавенка




Найясьнейшая Рэч Паспалітая

"Для нас жа важна тое, што Рэч Паспалітая была створаная паводле тагачасных праўных нормаў носьбітамі грамадзянскіх правоў, якія тады належалі шляхце. І як бы мы ні ацэньвалі далейшы лёс гэтай дзяржавы, якія б рахункі ні выстаўлялі да яе лідэраў і палітыкаў, як бы ні захапляліся культурнымі набыткамі і праявамі патрыятызму, мусім прызнаць: Рэч Паспалітая таксама была дзяржаваю нашых продкаў", – справядліва зазначае Алег Дзярновіч ва ўступе да новага зборніка артыкулаў ды эсэ, друкаваных у "Нашай Ніве", – "Найясьнейшая Рэч Паспалітая: Цывілізацыя-Культура-Рэлігія-Палітыка-Авантура-Героіка-Успамін".
У свой час многія са зьмешчаных у кнізе публіцыстычных твораў выклікалі палеміку, як, прыкладам, артыкул Андрэя Шпунта "600 рублёў золатам і 700 срэбрам. Сімяон Полацкі – выдатны дзяяч беларускай культуры?", у якім асьветнік прадстаўляецца як "беспрынцыпны кар’ерыст" што хаваецца "пад адзеньнем сьціплага законьніка". Аўтар сьцьвярджае: "Калі глядзець на Сімяона Полацкага ў кантэксьце тых падзеяў, а ня так, як вучыла савецкая школа, атрымліваецца, што ў лепшым разе ён быў проста культуртрэгерам, які працаваў на ніве маскоўскае культуры". Мушу адзначыць – у зборніку можна знайсьці шэраг іншых, ня менш цікавых авантурных артыкулаў Андрэя Шпунта, што тычацца гісторыі й выбітных асобаў Рэчы Паспалітай.
Адметна й наступнае: кніга дае магчымасьць азнаёміцца з палярнымі сьцьверджаньнямі адносна разуменьня некаторых, так бы мовіць, "белых плямаў" гісторыі – на карысьць выданьню. Вось Юры Шаўцоў у артыкуле "Радзівілы, больш чым багатыя, больш чым магнаты, больш чым род" між іншым піша: "Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прывёў да краху Рэч Паспалітую". А Януш Тазьбір у эсэ "Партрэты ў плямах. Гісторыя за кратамі суб’ектыўнасці" запэўнівае: "Прыхільнікі караля сьцьвярджалі, напрыклад, што без Станіслава Аўгуста Панятоўскага не было б росквіту польскай асьветы" ды ставіць пытанне – "Можа, цяпер гістарыяграфія выкарыстае шанцы, дадзеныя ёй самой гісторыяй, каб чорную легенду апошняга караля замяніць на аб’ектыўную ацэнку ягонага валадараньня?"
У назове зборніка выразна відаць яго тэматычная разгалінаванасьць, якая набліжае выданьне да своеасаблівай энцыкляпэдыі. З тае прычыны немагчымым ды й непатрэбным падаецца падрабязны аналіз зьмешчаных там твораў, бо кожны з іх варты асабістай чытацкай увагі й асобнага абмеркаваньня. Скажу толькі, што цікаўныя не пашкадуюць, калі натрапяць на артыкулы (акрамя ўжо названых прозьвішчаў аўтараў) Генадзя Сагановіча, Натальлі Гардзіенкі, Яўгена Анішчанкі, Сяргея Рыбчонка.
На завяршэньне прапаную цытату са згаданага артыкула Юры Шаўцова: "Гісторыя – ня тая асоба, якой можна сказаць: "Я вас знаю!". З гэтай асобай у лепшым выпадку можна быць знаёмым, бо хто ж здолее сказаць: "Я ведаю жыцьцё!"?.."

Андрусь Богуш





Чэслаў Мілаш. Іншага канца сьвету ня будзе

Том выбраных вершаў паэта, пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша "Іншага канца сьвету ня будзе" – першая паэтычная кніга паэта, выдадзеная на беларускай мове. Прычым, выйшла яна ва Ўроцлаве. Дзіўна. Хаця б таму, што нарадзіўся нобелеўскі лаўрэат у Шатэйнях на беларускай Віленшчыне, скончыў віленскую гімназію імя Зыгмунда Аўгуста, а потым юрыдычны факультэт універсітэта імя Стэфана Баторыя.
Праўда, надалей, з 1937 года, Мілаш звязвае сваё жыццё з Варшавай. Па заканчэнні вайны, служыць аташэ польскай амбасады ў Нью-Ёрку і Парыжы. Пасля прыходу да ўлады камуністаў і з прычыны непрыняцця іх ідэалогіі, атрымоўвае палітычны прытулак у Францыі. Праз 9 гадоў перасяляецца ў ЗША, дзе працуе прафесарам аддзялення славянскіх моваў Каліфарнійскага універсітэта ў Берклі. Памёр Чэслаў Мілаш ва ўзросце 93 гадоў у Кракаве, дзе і пахаваны.
Мілаш лічыцца адным з найвялікшых польскіх паэтаў, а па меркаванні савецкага паэта-эмігранта Іосіфа Бродскага, "гэта, мабыць, самы вялікі паэт нашага часу". Аднак прызнанне Мілашу прынеслі найперш празаічныя творы ды пераклады. І не толькі прызнанне, але і ўзнагароды. У 1953 годзе за раман "Захоп улады" Мілаш атрымоўвае Еўрапейскую літаратурную прэмію. Далей – літаратурную прэмію Марыяна Кістэра (1967), прэмію фонду Южыкоўскага за творчыя дасягненні (1968), прэміі польскага ПЭН-клуба ў Варшаве за паэтычны пераклад, Нойштадскую міжнародную літаратурную прэмію (1978), Гугунхеймскія стыпендыі (1974), ганаровую ступень доктара Мічыганскага ўніверсітэта, і ў рэшце рэшт – Ордэн Белага Арла.
Галоўная ж узнагарода – Нобелеўская прэмія па літаратуры, была прысуджаная Мілашу ў 1980 годзе, як пісьменніку "які з бясстрашнай празорлівасцю паказаў неабароненасць чалавека ў свеце, што раздзіраецца канфліктамі". Паводле ж прамовы чальца Шведскай акадэміі Лары Юленстэна, "свет, адлюстраваны Мілашам – гэта свет, у якім жыве чалавек пасля выгнання з рая". Таму хай вас не здзіўляе і змрачнаватая назва кнігі – "Іншага канца сьвету ня будзе". Кніга цікавая яшчэ і з пункту погляду ацэнкі працы перакладчыкаў, бо паралельна з беларускай версіяй твораў знаходзяцца арыгіналы. А ў якасці пастскрыптума – "POST SCRIPTUM" Чэслава Мілаша, які, дарэчы, напісаны на Віленшчыне:

Біяграфія – тое самае, што выдумка альбо вялікі сон.
На ўскрайку неба паміж бярозаў стос аблокаў адно на адным.
Жоўтыя, іржавыя вінаграднікі падвячоркам.
Быў нядоўга слугой і вандроўнікам.
Адпусцілі мяне, і вяртаюся незнаёмай дарогай.

Ян Мнішак





Міхась Андрасюк. Белы конь

"Вайна заўсёды жыла побач, як блохі і хваробы, кармілася людзьмі, вызначаючы адных у жывыя ахвяры, іншых у мёртвыя героі. Пры тым, якая б ні была, сусветная ці суседская, завяршалася нязменнай цырымоніяй – падзелам вялікіх краін або малых загонаў", – у пэўнай ступені афарыстычная цытата з выдадзенай у Беластоку аповесці Міхася Андрасюка "Белы конь"…

Па сённяшнім часе рэдка з'яўляюцца літаратурныя творы, якія яшчэ могуць здзівіць, бо за вялікую гісторыю сусветнай, ды й немалую гісторыю нацыянальнай літаратуры, здаецца, усе магчымая тэмы і фабулы неаднаразова "пракручаныя". Аднак, усё магчыма.
Прызнаюся: даўно не чытала з такім захапленнем і жаданнем цытаваць (тым больш празаічны твор). Што асаблівага ў аповесці "Белы конь"? Адначасова ўсё і нічога. Безумоўна, не абышлося тут без "алхіміі слова" – Міхась Андрасюк, відавочна, знайшоў сакрэт пісьменніцкага майстэрства – пісаць пра тое, што і іншыя, але так, як ніхто, наноў адкрываючы даўно вядомае. Да таго ж, яго шлях у літаратуру быў доўгім і пакручастым, дзе назапашваўся неабходны празаіку жыццёвы вопыт.
Нарадзіўшыся ў 1959 годзе ў Войнаўцы, атрымаўшы сярэднюю адукацыю ў Гайнаўскім ліцэі з беларускай мовай навучання, Міхась Андрасюк працаваў настаўнікам, каменацёсам, цяпер – журналіст. Ён з'яўляецца сябрам Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа", старшынёй неўрадавай арганізацыі "Беларускі форум самакіравання ў Польшчы" (Гайнаўка). Аўтар празаічных зборнікаў "Фірма" (2000г.) і "Мясцовая гравітацыя" (2004г.). Аповесць "Белы конь" – новы твор празаіка, новае асэнсаванне гісторыі, свету і сябе ў ім.
Пісьменнік па-мастацку асэнсоўвае гісторыю грамадзянскай вайны, падзелу Беларусі на ўсходнюю і заходнюю часткі, калі "час забіваў у зямлю камяні новых фундаментаў", а "мясцовы свет быў вельмі малады, і лёсы людзей пісаліся ад рукі, не зважаючы на рэкамендацыі ранейшых пакаленняў, а нават і універсітэцкія дыпломы".
У час вайны велічная гісторыя магутнай дзяржавы была скасавана, а геаграфія сапраўды звузілася да малога сялянскага загона: "Сёння ніхто ўжо не ведае, чаму найвялікшая ў свеце імперыя дайшла да маленькай вёсачкі, якую называюць Вялікая Апака і, лізнуўшы задыханым языком стадолу Андрэя Саўчука, не схрумкала яе, не каўкнула, а спынілася, тут якраз размяжоўваючы свет на польскі і рускі?". Нашчадкі Сапегаў і сяляне, маладыя і старыя, мужчыны і жанчыны – жыццё ўсіх было парэзана на кавалкі, як тая краіна, сімвалам якой з'яўляецца белы конь пана Драгабыцкага Султан: "Белы, як з восеньскай імглы выліты. А як падрываў капыты, як раскідваў грыву! Глядзіш і не ведаеш – дзе канчаецца конь, а дзе пачынаецца вецер… Пана Драгабыцкага першыя саветы расстралялі, а Султана зварылі і пасяклі на гуляш другія саветы".
А вось той, хто зваўся Бацькам народаў і меў абсалютную ўладу над пэўнай часткай свету, у тым ліку і над Белай краінай: "… ён не закончыў духоўнай семінарыі. Але не шкадаваў. Замест беспрадуктыўнага махання крапілам, сціскаючы ў руках аловак і лінейку, мог дзяліць свет на свой і чужы. Прыкладаў лінейку да вялікай мапы Еўропы, алоўкам вызначаў доўгія граніцы: гэта нам, а гэта вам!". Вянчаў народы, даваў ім новыя імёны, а калі хто запіраўся, не гуляючы ў залішнія паніхіды, выпраўляў оптам на іншы свет."
Нехта з вялікіх сказаў, што філасофія з'яўляецца скопішчам памылковых думак, а гісторыя – памылковых учынкаў. Чытаючы М.Андрасюка, у гэтым можна пераканацца. А таксама ўпэўніцца ў абсурднасці існавання скіраванай на самазнішчэнне чалавечай супольнасці, дзе глупства не мае межаў, а неверагодныя амбіцыі палітыкаў, генералаў – усіх, хто бярэ на сябе права вырашаць быць альбо не быць краінам і народам, могуць разбурыць свет. Але хто задумваецца над лёсамі звычайных смяротных у той час, як аловак генералісімуса рухаецца па карце?..
Над гэтым чытач аповесці проста вымушаны зноў і зноў разважаць. А калі ён яшчэ не канчаткова страціў пачуццё патрыятызму, то яму, магчыма, стане балець прыкладна так, як баліць аўтару, напісаўшаму ў канцы твора роспачныя і тужлівыя радкі: "У далёкай будучыні, калі гэтай маленькай краінай зацікавяцца археолагі і раскапаюць старыя фундаменты, разграбуць зарослыя травой сцежкі, зазірнуць у студню з недапітай вадой, яны занясуць у свае вучоныя кніжкі фантастычныя гісторыі: пра эпідэмію чумы, што раптоўна змяла ў нябыт жыццё, пра магічную моц планет, якія, склаўшыся ў непаўторную канфігурацыю, перавялі людзей з аднаго месца ў другое, пра лакальную вайну, без пераможцаў і пераможаных. Бо ўсе загінулі."

Наталля Якавенка


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 >


Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2008 Вялікае Княства