Навигация :


Погода:


Яндекс.Погода

Архивы



Голосование


Как Вам объединение России и Белоруссии?

Есть ли шанс ?
Это тревожит многих жителей двух государств, а также тех, кто иммигрировал по разным причинам. Высказывайтесь, пожалуйста, на этом сайте.

За!
Против!
Безразлично


Результаты опроса

Літаратура


XIII – XVIII стагодьдзі сталіся часам росквіту, магутнасьці й вялікай славы нашай Бацькаўшчыны. Гэта было Вялікае княства Літоўскае…


Ілюстраваная каляровымі ды чорна-белымі здымкамі, мапамі й малюнкамі, двухтомная энцыклапэдыя "Вялікае княства Літоўскае" дае магчымасьць дасканала й поўна вывучаць гісторыю Княства. Тут зьмешчаны артыкулы, прысьвечаныя гісторыі ўтварэньня ВКЛ, яго тэрыторыі ды адміністрацыйнаму падзелу, а таксама дзяржаўнаму й палітычнаму ладу. Добра асьвятляюцца тагачасная сымболіка, моўнае пытаньне, літаратура ды мастацтва. Шмат можна даведацца аб сацыяльнай структуры, сялянскай гаспадарцы, рамёствах, гандлі дзяржавы. Нямала матэрыялаў прысьвечана войску, царкве й асьвеце Вялікага княства Літоўскага.

 

Андрусь Богуш

 



 

Практычнай і дзейснай спробай паставіць айчынную літаратуру ў кантэкт сусветнай ёсць падрыхтаваная і ўкладзеная Лявонам Баршчэўскім кніга "Беларуская літаратура і свет: выбраныя тэксты для чытання і аналізу" (ад эпохі рамантызму да сучаснасці).
Крытычныя, празаічныя і паэтычныя тэксты знакамітых асоб, творчасць якіх вырашала і вырашае сёння лёс сусветнай літаратуры, падаюцца ў перакладзе на беларускую мову. Прыкладам, творы (ці ўрыўкі з твораў) Ф.Шлегеля, Дж.Байрана, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, Г.Апалінэра, В.Гюго, Ж.-П.Сартра, Г.Ахматавай, Б.Пастарнака, А.Салжаніцына. Сярод айчынных класікаў і сучаснікаў – Я.Чачот, К.Каліноўскі, Я.Лучына, Цётка, М.Багдановіч, У.Дубоўка, Н.Арсеннева, М.Танк, Я.Брыль, А.Дудараў, М.Стральцоў, У.Караткевіч, В.Быкаў, Г.Бураўкін, Р.Барадулін, У.Някляеў, У.Арлоў, А.Разанаў ды інш.
Ідэю выдання можна назваць глабальнай, але ажыццяўленне яе грунтуецца на суб’ектыўным падыходзе ў ацэнцы сусветнай значнасці ўсёй творчасці, ці пэўных твораў некаторых пісьменнікаў. Асабліва гэта тычыцца беларускіх літаратараў.
Так цалкам мэтазгодным бачыцца размяшчэнне на старонках кнігі быкаўскай "Сьцяны". Няма пярэчанняў наконт таго, што найбольш папулярны з вершаў П.Броўкі – "Пахне чабор". Але дарэмна творчасць У.Арлова прадстаўлена вершам "Божая кароўка з Пятай авеню". Пра лімэрыкі А.Хадановіча і казаць няма чаго. Ён таленавіты перакладчык з французскай мовы, што пацвярджаюць пераклады вершаў Ш.Бадлера, але ўласная паэтычная творчасць А.Хадановіча ніяк не ўпісваецца ў сусветны кантэкст. Дарэчы, гэты пісьменнік тут адзіны з маладых сучаснікаў. Няўжо з пакалення, умоўна кажучы, 30-гадовых літаратараў, прыхільнікаў розных стылёвых накірункаў і плыняў, больш няма каго вылучыць? А пакаленне 40-гадовых зусім "выпала" – хіба гэта "белая пляма" ў гісторыі беларускай літаратуры? Адзначанае яшчэ больш здзіўляе, калі ўлічыць, што рэцэнзентам выдання з’яўляецца аўтарытэтны літаратуразнаўца і крытык Пятро Васючэнка.

Віталь Мінчук

 

Том выбраных вершаў паэта, пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша "Іншага канца сьвету ня будзе" – першая паэтычная кніга паэта, выдадзеная на беларускай мове. Прычым, выйшла яна ва Ўроцлаве. Дзіўна. Хаця б з тае прычыны, што нарадзіўся нобелеўскі лаўрэат ў Шатэйнях на беларускай Віленшчыне, скончыў віленскую гімназію імя Зыгмунда Аўгуста, а потым юрыдычны факультэт універсітэта імя Стэфана Баторыя.
Праўда, надалей, з 1937 года, Мілаш звязвае сваё жыццё з Варшавай. Па заканчэнні вайны, служыць аташэ польскай амбасады ў Нью-Ёрку і Парыжы. Пасля прыходу да ўлады камуністаў і з прычыны непрыняцця іх ідэалогіі, атрымоўвае палітычны прытулак у Францыі. Праз 9 гадоў перасяляецца ў ЗША, дзе працуе прафесарам аддзялення славянскіх моваў Каліфарнійскага універсітэта ў Берклі. Памёр Чэслаў Мілаш ва ўзросце 93 гадоў у Кракаве, дзе і пахаваны.
Мілаш лічыцца адным з найвялікшых польскіх паэтаў, а па меркаванні савецкага паэта-эмігранта Іосіфа Бродскага, "гэта, мабыць, самы вялікі паэт нашага часу". Аднак прызнанне Мілашу прынеслі найперш празаічныя творы ды пераклады. І не толькі прызнанне, але і ўзнагароды. У 1953 годзе за раман "Захоп улады" Мілаш атрымоўвае Еўрапейскую літаратурную прэмію. Далей – літаратурную прэмію Марыяна Кістэра (1967), прэмію фонду Южыкоўскага за творчыя дасягненні (1968), прэміі польскага ПЭН-клуба ў Варшаве за паэтычны пераклад, Нойштадскую міжнародную літаратурную прэмію (1978), Гугунхеймскія стыпендыі (1974), ганаровую ступень доктара Мічыганскага ўніверсітэта, і ў рэшце рэшт – Ордэн Белага Арла.
Галоўная ж узнагарода – Нобелеўская прэмія па літаратуры, была прысуджаная Мілашу ў 1980 годзе, як пісьменніку "які з бясстрашнай празорлівасцю паказаў неабароненасць чалавека ў свеце, што раздзіраецца канфліктамі". Паводле ж прамовы чальца Шведскай акадэміі Лары Юленстэна, "свет, адлюстраваны Мілашам – гэта свет, у якім жыве чалавек пасля выгнання з рая". Таму хай вас не здзіўляе і змрачнаватая назва кнігі – "Іншага канца сьвету ня будзе". Кніга цікавая яшчэ і з пункту погляду ацэнкі працы перакладчыкаў, бо паралельна з беларускай версіяй твораў знаходзяцца арыгіналы. А ў якасці пастскрыптума – "POST SCRIPTUM" Чэслава Мілаша, які, дарэчы, напісаны на Віленшчыне:

Біяграфія – тое самае, што выдумка альбо вялікі сон.
На ўскрайку неба паміж бярозаў стос аблокаў адно на адным.
Жоўтыя, іржавыя вінаграднікі падвячоркам.
Быў нядоўга слугой і вандроўнікам.
Адпусцілі мяне, і вяртаюся незнаёмай дарогай.

Ян Мнішак

 

 

"Прабіла гістарычная гадзіна – гадзіна ўваскрэсеньня нашае быўшае дзяржаўнае сілы, настала гадзіна, калі нашая нацыянальная гордасьць можа распусьціцца лёсым цьветам", – пісаў некалі Ян Станкевіч. А выданьне яго выбраных артыкулаў ці не ёсьць сьведчаньнем адраджэньня, заклікам да таго самага ўваскрэсеньня нацыянальнай годнасьці й аднаўленьня ранейшай, найперш духоўнай моцы Белай Русі?..
Дарэчы, у адным з лепшых, на маю думку, зьмешчаным у кнізе артыкуле "Нацыянальны назоў Беларусоў" Ян Станкевіч падае дасьледаваную ім гісторыю ўтварэньня назоваў Белая Русь, Беларусь, Літва, Крывія ды найменьняў Беларус, Ліцьвін, Крывіч (яны, заўважце, пішуцца нязьменна з вялікай літары!).
Мінуўшчына пакінула глыбокі адбітак на ўсіх праявах нашага сучаснага жыцьця, на нашым сьветаразуменьні, мэнталітэце, ды й на разуменьні пражытага й перажытага нашымі продкамі. Гістарычныя дакумэнты, прынамсі такія, як публіцыстыка Яна Станкевіча, сабраная пад вокладкай кнігі "За родную мову й праўдзівы назоў", каштоўныя тым, што перадаюць веды ды вопыт свайго часу.
Адзначу таксама, што названую кнігу выдаў Віленскі Інстытут беларусістыкі, а зьмешчаныя ў ёй пераклады з польскай мовы выкананыя пры падтрымцы Польскага Інстытуту ў Менску.

Андрусь Богуш

 

Пасля першага падзелу Польшчы славуты французскі філосаф і пісьменнік Жан Жак Русо даў палякам наступную параду: "Калі не можаце перашкодзіць таму, каб вас праглынулі, – пастарайцеся хаця б, каб вас не змаглі пераварыць". Гэту слушную як для палякаў, так і для беларусаў думку можна ўмоўна назваць лейтматывам дзвюх беластоцкіх кніг – зборніка "Беларусь на старонках "Нівы" 1989 – 2005 (выбранае)" і выдання Цэнтра Грамадзянскай Адукацыі Польшча – Беларусь "www.polszsza.com".
У "www.polszsza.com" змешчаны артыкулы беларускіх журналістаў і даследнікаў аб палітыцы, эканоміцы, сацыяльна-грамадскіх пытаннях Польшчы. І тут, чытаючы, да прыкладу, артыкул удумлівага аналітыка Аляксея Лапіцкага "Знаёмства з далёкай і блізкай Польшчай", параўноўваеш часам не на карысць Беларусі. Вось дапусцім: "Свабода СМІ, незалежны суд і рэальны кантроль над дзейнасьцю выбарчых камісіяў прадстаўнікамі розных выбарчых камітэтаў – моцныя перадумовы забесьпячэньня дэмакратычнага выбару ў Польшчы", альбо гэта: "Краіна пакінула ў мінулым цяжар дзяржаўнай прыгнечанасьці й несвабоды, савецкага аўтарытарызму й ідэалягічнага дыктату, плянава-разьмеркавальнай сыстэмы ў эканоміцы, здолела выйсьці са становішча стагнацыі й застою, апатыі й пэсымізму, нейкага суцэльнага грамадзка-палітычнага трансу". Мы можам хоць што-небудзь з усяго пералічанага сказаць пра Беларусь? Не, мы можам толькі спадзявацца, што некалі і ў нас так будзе.
Гісторыя Беларусі і Польшчы шмат у чым пераплятаецца, а з кнігі вынікае, што агульнае – толькі "Мэнтальнасьць беластачанаў, значная частка якіх – тутэйшыя праваслаўныя й каталікі, вельмі падобная на беларускую" (Алесь Бяляцкі "Ад астрогу няма перасцярогу"). Гэта – ці не ўся гістарычная спадчына.
Падляшшу ў кнізе надаецца шмат увагі – распавядаецца пра гісторыю, культуру, адукацыю гэтага краю. Так, прыкладам, Марыя Савушкіна ў артыкуле "Беларуская адукацыя на Беласточчыне", гаворачы пра безабароннасць беларускай адукацыі, справядліва тлумачыць гэтую з’яву праблемамі з нацыянальнай адукацыяй "на духоўнай радзіме, у Беларусі". Увогуле, паводле вызначэння Яўгена Вапы, "Бачна, што беларускія журналісты ў польскай рэчаіснасьці разьбіраюцца ня горш за саміх палякаў".
Кнігу "Беларусь на старонках "Нівы" Яўген Вапа адкрывае развагамі, пра тое, што ёсць Бацькаўшчына: "Бацькаўшчына гэта… калі глядзіш па тэлебачанні перамогу на міжнародным турніры беларускага спартоўца і ведаеш, што праз хвіліну залунае любы кожнаму беларусу бел-чырвона-белы сцяг, а словы і музыка гімна парадуюць веліччу і гістарычнай годнасцю. І радуешся, што тваю духоўную Бацькаўшчыну ведаюць у свеце, як краіну людзей культуры і навукі, як сярэднееўрапейскую дзяржаву, да якой хочацца прыехаць, а не найхутчэй з’ехаць. Краіну гаспадароў і справядлівасці, якую паказваюць у свеце як каштоўнасць усяе нацыі, а не ўласнасць аднаго чалавека…".
"Пакуль што як бы спраўджваецца прадбачанае, выказанае амаль стагоддзе назад Раманам Дмоўскім, ідэолагам наважытнага польскага нацыяналізму: Беларусь не абароніць свайго духа, усходняя яе палова зрусее, а заходняя апалячэе. Уся яе бяда ў ейным мужыцтве, а мужык не шанаваў, не шануе і не будзе шанаваць сябе і сваю Бацькаўшчыну. Навошта галадранцу годнасць?!". На жаль, Раман Дмоўскі не памыліўся і, як ні горка, мусім гэта прызнаць за праўду. А слушную думку польскага нацыяналіста прыводзіць у сваім палкім адраджэнскім артыкуле "Жыве Беларусь!" Сакрат Яновіч.
І вось яна – іронія лёсу: днямі стала вядома – "у інтэрвію для сёньняшніх польскіх газэтаў спадар Яновіч прызнаўся, што ў 1958-1970-м гадах быў "тайным і сьвядомым" супрацоўнікам службы бясьпекі пад псэўданімам "Кастусь". Ягонай задачай было назіраць за супрацоўнікамі тыднёвіка беларусаў Польшчы "Ніва" і актывістамі Беларускага грамадзка-культурнага таварыства" (Радыё "Свабода"). Артыкул "Жыве Беларусь!" быў надрукаваны ў "Ніве" значна пазней – у 1990-м, аднак цяпер найперш супрацоўнікам "Нівы", беларусам Польшчы ёсць над чым падумаць.
Але вернемся да зборніка "Беларусь на старонках "Нівы". Хочаце ведаць, хто мы ў вачах палякаў? Людзі на балоце. Гэтак вызначыў Алег Латышонак у аднайменным артыкуле. "Беларускае грамадства ў сэнсе палітычным напамінае балота", – піша ён, але пры тым заўважае: "Усё-такі на гэтым балоце паволі растуць і мацуюцца астраўкі сушы. Такія астраўкі ствараюць кожная палітычная, культурная ці прафсаюзная арганізацыя, кожны прыход, парафія і збор. Упарта будуюць свае астраўкі сушы прадпрымальнікі. Мільён самых малых, але сваіх стварылі тыя, хто за незалежную Беларусь".
Блізкім па духу можна назваць артыкул Яна Максімюка "Беларусь у пошуках свайго месца". Без падрабязнасцяў зазначу: з часу яго публікацыі ў тыднёвіку (1996 г.), мы, як ні сорамна прызнавацца, усё яшчэ шукаем сваё месца.
Літаратурнае жыццё 1998 года зафіксаванае ў нататках Міры Лукшы "Пегас з торбай?". І зноў жа – артыкул, які пачынаецца фразай "Ці змогуць беларускія пісьменнікі паразумецца з уладай?" вельмі актуальны сёння.
Адметна, што польскія журналісты і аўтары "Нівы" рэалістычна ўспрымаюць беларускую рэчаіснасць. Таму зборнік "Беларусь на старонках "Нівы" карысна пачытаць найперш беларусам, каб ведаць, што пра нас думаюць бліжэйшыя суседзі і якімі мы паўстаем перад усім светам.

Наталля Якавенка

 

"Для нас жа важна тое, што Рэч Паспалітая была створаная паводле тагачасных праўных нормаў носьбітамі грамадзянскіх правоў, якія тады належалі шляхце. І як бы мы ні ацэньвалі далейшы лёс гэтай дзяржавы, якія б рахункі ні выстаўлялі да яе лідэраў і палітыкаў, як бы ні захапляліся культурнымі набыткамі і праявамі патрыятызму, мусім прызнаць: Рэч Паспалітая таксама была дзяржаваю нашых продкаў", – справядліва зазначае Алег Дзярновіч ва ўступе да новага зборніка артыкулаў ды эсэ, друкаваных у "Нашай Ніве", – "Найясьнейшая Рэч Паспалітая: Цывілізацыя-Культура-Рэлігія-Палітыка-Авантура-Героіка-Успамін".
У свой час многія са зьмешчаных тут публіцыстычных твораў выклікалі палеміку, як, прыкладам, артыкул Андрэя Шпунта "600 рублёў золатам і 700 срэбрам. Сімяон Полацкі – выдатны дзяяч беларускай культуры?", у якім асьветнік прадстаўляецца як "беспрынцыпны кар’ерыст" што хаваецца "пад адзеньнем сьціплага законьніка". Аўтар сьцьвярджае: "Калі глядзець на Сімяона Полацкага ў кантэксьце тых падзеяў, а ня так, як вучыла савецкая школа, атрымліваецца, што ў лепшым разе ён быў проста культуртрэгерам, які працаваў на ніве маскоўскае культуры". Мушу адзначыць – у зборніку можна знайсьці шэраг іншых, ня менш цікавых авантурных артыкулаў Андрэя Шпунта, што тычацца гісторыі й выбітных асобаў Рэчы Паспалітай.
Адметна й наступнае: кніга дае магчымасьць азнаёміцца з палярнымі сьцьверджаньнямі адносна разуменьня некаторых, так бы мовіць, "белых плямаў" гісторыі – на карысьць выданьню. Вось Юры Шаўцоў у артыкуле "Радзівілы, больш чым багатыя, больш чым магнаты, больш чым род" між іншым піша: "Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прывёў да краху Рэч Паспалітую". А Януш Тазьбір у эсэ "Партрэты ў плямах. Гісторыя за кратамі суб’ектыўнасці" запэўнівае: "Прыхільнікі караля сьцьвярджалі, напрыклад, што без Станіслава Аўгуста Панятоўскага не было б росквіту польскай асьветы" ды ставіць пытанне – "Можа, цяпер гістарыяграфія выкарыстае шанцы, дадзеныя ёй самой гісторыяй, каб чорную легенду апошняга караля замяніць на аб’ектыўную ацэнку ягонага валадараньня?"
У назове зборніка выразна відаць яго тэматычная разгалінаванасьць, якая набліжае выданьне да своеасаблівай энцыкляпэдыі. З тае прычыны немагчымым ды й непатрэбным падаецца падрабязны аналіз зьмешчаных там твораў, бо кожны з іх варты асабістай чытацкай увагі й асобнага абмеркаваньня. Скажу толькі, што цікаўныя не пашкадуюць, калі натрапяць на артыкулы (акрамя ўжо названых прозьвішчаў аўтараў) Генадзя Сагановіча, Натальлі Гардзіенкі, Яўгена Анішчанкі, Сяргея Рыбчонка.
На завяршэньне прапаную цытату са згаданага артыкула Юры Шаўцова: "Гісторыя – ня тая асоба, якой можна сказаць: "Я вас знаю!". З гэтай асобай у лепшым выпадку можна быць знаёмым, бо хто ж здолее сказаць: "Я ведаю жыцьцё!"?.."

Андрусь Богуш


Реклама на сайте




Друзья и партнёры


Роскошные портативные мобильные телефоны только для VIP клиентов.