Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 


Марыя Фралова
"Сярэднявечная цемра"
і музычнае мастацтва Вялікага Княства

Сярэднявечча... Гэта паняцце выклікае супрацьлеглыя і неадназначныя асацыяцыі. З аднаго боку, узгадваюцца жорсткія царкоўныя забароны і полымя інквізіцыі, а з другога – рыцарскія турніры і правансальская паэзія трубадураў. Можна шмат спрачацца наконт таго, наколькі "цёмныя" гэта былі часы ў гісторыі чалавецтва, але відавочна, што сярэднявечная культура, якая існавала на працягу цэлага тысячагоддзя (V-XV стст.), выклікае велізарную цікаўнасць у людзей XXI стагоддзя. Прычым, для сучаснікаў гэтая зацікаўленасць не абмяжоўваецца толькі тэарэтычным досведам – адбываюцца спробы аднаўлення тагачасных культурных традыцый. Дзеля гэтага ладзяцца разнастайныя сярэднявечныя фэсты, адкрываюцца рыцарскія клубы і інш.

Развіццё музычнай культуры Вялікага княства Літоўскага, якое размяшчалася практычна ў цэнтры тагачаснай Еўропы, адбывалася ў непарыўнай сувязі з агульнаеўрапейскімі мастацкімі тэндэнцыямі.
На сённяшні дзень, першымі айчыннымі інструментальнымі калектывамі лічацца вялікакняскія капэлы Гедымінавічаў – Альдоны, Вітаўта і Ягайлы, з якіх і пачалося станаўленне прафесійнай музычнай культуры. Ансамбль Альдоны (Ганны) (1309/10 – 1339), дачкі вялікага князя Гедыміна і жонкі польскага караля Казімежа ІІІ Вялікага, з’яўляецца самай першай вядомай капэлай. З апісанняў польскага гісторыка Яна Длугаша (1415-1480) можна даведацца пра гэту вялікую князёўну, якая "Толькі забавам, танцам і весялосці была аддадзена, і настолькі, што куды б ні выязджала конна ці ў карэце, заўсёды наперадзе суправаджаў яе гурт спевакоў з арфамі, бубнамі, гуслямі, напяваючы песні і розныя мелодыі, што выклікала абурэнне многіх асоб…".
Вітаўт Вялікі падчас свайго панавання (1392-1430) усталяваў цесныя кантакты з прадстаўнікамі заходняй культуры, у прыватнасці з Тэўтонскім Ордэнам. У выніку гэтых сувязяў у ягонай капэле з’явіліся прафесійныя заходнія музыканты, а інструментарый значна папоўніўся перадавымі на той час заходнееўрапейскімі інструментамі. Так, існуюць звесткі аб тым, што ў 1408г. тэўтонцы падаравалі жонцы Вітаўта Ганне клавікорд (найстарэйшая згадка пра клавікорд у Еўропе!) і партатыў.
Значную ролю ў развіцці прафесійнага інструментальнага мастацтва беларускіх земляў эпохі Сярэднявечча адыграў і другі ўнук Гедыміна, кузэн Вітаўта – Ягайла (1386-1434), князь Крэўскі і Віцебскі, Вялікі князь Літоўскі, а з 1385г. – кароль Польскі. Ягоная капэла была сфарміравана адпаведна тагачаснаму еўрапейскаму ўзору. У яе склад была ўключана значная частка прафесійных інструментаў, неабходная для выканання рэпертуару, характэрнага для еўрапейскай музычнай практыкі. Разам з тым, ёсць звесткі, што ў рэпертуар капэлы ўключаліся і арыгінальныя творы мясцовых аўтараў, напісаныя па еўрапейскіх ўзорах (вакальна-інструментальныя творы Мікалая з Радомля і інш.).
Традыцыі прафесійнага інструментальнага музіцыравання, закладзеныя ў капэлах Альдоны, Вітаўта і Ягайлы, падоўжылі ў XVI ст. буйныя магнаты Вялікага княства Літоўскага (Сапегі, Астрожскія, Мікалай Радзівіл Чорны). Яны стваралі пры сваіх дварах высокапрафесійныя капэлы, дзе працавалі як замежныя, так і мясцовыя музыканты. Апрача таго, мецэнаты (каралі Жыгімонт ІІ Аўгуст (1548-1572), Жыгімонт ІІІ Ваза (1587-1632) запрасілі да сябе знаных пры еўрапейскіх дварах музыкантаў і кампазітараў: венгерскага лютніста і кампазітара Валянціна Грэфа Бакфарка (Bakfark, Bekwark 1506/07-1576), лютніста Дыямеда Като (Kato), ці Катона (Katon) або Ката (Kata) (1570 – пасля 1607), прускага кампазітара Сымона Берэнта (1585-1649).
Разам з тым, мясцовыя музыкі (Цыпрыян Базылік, Вацлаў з Шамотул, Крыштаф Клабан, Войцах Длугарай, Андрэй Рагачэўскі, Мікалай Гамулка, Ян Брант) па адукаванасці, прафесійнасці і таленавітасці не саступалі заходнееўрапейскім калегам. Яны папоўнілі скарбніцу агульнаеўрапейскай культуры эпохі Рэнесанса (XV-XVIIстст.) творамі высокага мастацкага ўзроўню, якія сведчаць аб тым, што музычнае мастацтва Вялікага княства Літоўскага мела свае асаблівыя традыцыі і заканамернасці развіцця.
Тое пацвярджае і Ягелонскі (Астрамечаўскі) рукапіс або "Полацкі сшытак" – адзін з найбуйнейшых зборнікаў усходнееўрапейскага барока, які змяшчае як інструментальныя, так і вакальныя творы. У 1962г. ён быў выклеены беларускім вучоным Адамам Мальдзісам з вокладкі ўніяцкага малітоўніка, што захоўваўся ў Ягелонскай бібліятэцы (Кракаў). Згодна з першапачатковай назвай сшытка, пэўны час лічылася, што малітоўнік паходзіць з Полаччыны. Але польскі музыказнаўца Е.Голас высветліў берасцейскае (вёска Астрамечава) ўкладанне рукапісу. Змест сшытка складаюць танцы заходнееўрапейскага (бергамаска, павана, сарабанда) і славянскага (казачок, мазур) паходжання; інструментальныя ансамблі, буйныя сольныя творы (фантазіі, канцоны).
Вядомым помнікам кантавага мастацтва з’яўляецца зборнік "Куранты"(1733), які яднае чатыры сшыткі песень лірычнай тэматыкі. Назва зборніка, хутчэй за ўсё, абумоўлена менавіта тэматычнай скіраванасцю песень, бо курантамі ў XVIII стагоддзі называлі любоўныя песні і свецкія лірычныя канты, як звязаныя, так і не звязаныя з рытмікай старадаўняга танца куранта.
Яшчэ адным яркім прыкладам творчага пераўтварэння агульнаеўрапейскіх тэндэнцый ў музычным мастацтве Вялікага княства Літоўскага з’яўляецца "Віленскі сшытак" (1600) – зборнік свецкай побытавай песенна-танцавальнай музыкі. Творы, змешчаныя ў ім, па часе напісання (прыблізна канец XVI ст.) адносяцца да эпохі Рэнесанса і адпавядаюць тагачасным музычным жанрам, якія мелі агульнаеўрапейскае пашырэнне (рычэркары, такаты, разнастайныя тагачасныя танцы, апрацоўкі канцон і іншых вакальных твораў.) Аўтарам некаторых з іх, а, магчыма, і ўсяго зборніка, быў Дыямед Като (Ката), прыдворны кампазітар і лютніст караля Жыгімонта Вазы. "Віленскі сшытак" дайшоў да нас у двух запісах – арганнай і лютневай табулатурах. Рукапіс захоўваецца ў віленскіх зборах.
У сучаснай музыцы зварот да Сярэднявечча выліўся ў фарміраванне асобнага напрамку – medieval music. На Беларусі адным з першых у гэтым стылі пачаў працаваць у 1992 годзе баранавіцкі гурт "Контрданс", які зараз вядомы пад назвай "Lituus". З гэтага часу на медыевальнай сцэне з’явілася даволі вялікая колькасць гуртоў. Але, уласна, аднаўленнем сярэднявечных музычных традыцый займаюцца толькі некалькі з іх – "Lituus", "Стары Ольса", "Брэвіс", "Ліцвінскі Хмель" і "Artes Liberales". Поруч з сярэднявечнай заходнееўрапейскай музыкай амаль што ўсе названыя гурты (за выключэннем "Ліцвінскага Хмелю") уключаюць ў свой рэпертуар творы музычнай спадчыны Вялікага княства Літоўскага. І не дзіўна! Бо па сваім мастацкім узроўні яны не саступаюць лепшым еўрапейскім узорам тагачаснай музыкі. Ну а тое, што творы музычнага мастацтва Вялікага Княства, створаныя ў так званыя "цёмныя" сярэднявечныя часы, выконваюцца і карыстаюцца поспехам зараз, прайшоўшы выпрабаванне стагоддзямі, гаворыць само за сябе…




Я называю сваю музыку фатаграфіяй
(Гутарка з лідэрам гурта "Князь Мышкін"
Лявонам Нарушэвічам)

– Гурт "Князь Мышкін" быў створаны яшчэ ў пачатку 90-х, і амаль адразу стаў культавым. Тады ж беларускі слухач пашырыў свой досвед новым словазлучэннем – "інтуітыўная імправізацыя". А ці помніш ты, Лявон, свой першы выступ?
– Такое не забываецца. Гэта быў 1991 год, тады мы яшчэ зваліся "Праект 19,91". Бора Штэрн запрасіў нас у "Альтэрнатыўны тэатр" зграць замест нейкай каманды. Нягледзячы на тое, што гэта быў першы канцэрт і нас перла не па-дзіцячаму, людзі паднімаліся з крэслаў і апладзіравалі. У выніку Бора на нас пакрыўдзіўся, бо яго камандзе так не пляскалі. А для нас гэты выступ стаў вызначальным.
– Ці можаш ты назваць сваю музыку адным словам або фразай, так, каб чалавек, які ніколі вас не чуў, зразумеў, пра што ідзе гаворка?
– Складана... бо гэта музыка стану. Стану людзей, якія яе робяць і людзей, якія яе слухаюць. Падчас выступу адбываецца кантакт з публікай, дыялог, часам спрэчка. Калі я адчуваю, што ў чалавека з'явіўся супраціў да музыкі, мы спрабуем пераадолець гэты супраціў, калі, наадварот, чалавек слухае ўважліва, то хочацца граць яшчэ лепш. Пры гэтым мы не ўслухоўваемся ў тое, што граем. Нам падабаецца само спалучэнне гукаў. Тут няма матэматыкі, на якой пабудаваная класічная музыка, тут прысутнічаюць эмоцыі і настрой. Мы ніколі не рэпетуем, а граем тое, што адчуваем у дадзены момант, тут і цяпер. Хтосьці заве нашу музыку медытатыўнай. Я называю сваю музыку фатаграфіяй, бо па запісе часта можна ўзнавіць той стан, у якім знаходзіўся падчас яе стварэння.
– Што ты больш за ўсё шануеш на канцэрце: памеры залі, якасць апаратуры, колькасць слухачоў або атмасферу і настрой?
– Для мяне як для гітарыста вельмі важная якасць апаратуры, і тое, як я гучу. Не менш важная і публіка. Прычым, падрыхтаваная публіка – гэта больш чым пяцьдзесят адсоткаў поспеху канцэрта. Атмасфера і настрой прыходзяць ужо падчас выступу, і гэта таксама вельмі важны фактар.
– Дзевяностыя і двухтысячныя... Калі беларускаму музыку пачувалася ўтульней?
– У дзевяностыя. Гэта бясспрэчна. Было больш творчасці, больш магчымасцяў: клубы, выданні, фонды і г.д.. Гэта быў сапраўдны ўздым, таму што людзі верылі, што ўсё неўзабаве зменіцца да лепшага. А калі мінула дзесяць гадоў, я бачу, што ўсё мяняецца да горшага. Трэба нешта рабіць, мяняць сітуацыю, інакш – смерць. Можна прыехаць у любую беларускую вёску, і ўбачыць, што будзе з намі праз дзесяць гадоў. У нас нават клубы зачыняюць, застаюцца толькі "дыскатэчныя" месцы, якія непад'ёмныя для беларускага андэграунда.
– А ці ёсць выйсце з гэтай сітуацыі? Неяк Лявон Вольскі сказаў, што трэба зноў праводзіць "кватэрнікі"...
– “Кватэрнікі" – добры варыянт. Там можна і пагуляць і нагаманіцца. А што яшчэ?.. Інтэрнэт пакуль не задушаны, ёсць інтэрнэт-радыё, інтэрнэт-тэлебачанне, падкасты. А на месцы зачыненых клубаў, я думаю, павінны з’явіцца нейкія новыя або забытыя старыя формы. Магчыма, сітуацыя зменіцца пазней, калі Беларусь стане еўрапейскай.
– Гледзячы на вашу афішу, заўважаеш, што асноўная частка выступаў адбываецца за мяжой. Робіцца неяк сумна і крыўдна...
– Думаеш, нам не крыўдна?! Час смутны, у Беларусі мала магчымасцяў для выступаў. Вось і прыходзіцца ўсімі праўдамі і няпраўдамі пераадольваць межы і выязджаць у іншыя краіны. Але ў гэтым ёсць і плюс. Прынамсі, еўрапейцы даведаліся, што ў Беларусі ёсць такая музыка.

Даведка. Беларускі гурт інтуітыўнай імправізацыі "Князь Мышкін", заснавальнікам і ідэйным кіраўніком якога з'яўляецца гітарыст Лявон Нарушэвіч, існуе ўжо 17 гадоў. За гэты час каманда запісала паўтара дзесятка альбомаў, прыняла ўдзел у мностве фэстаў ("Сырок-5"(Масква), "Скіф-5" (Санкт-Пецярбург), "Альтэрнатыва"(Прага) ды інш.), выпусціла дыскі на амерыканскім лэйбле Woodrecords і маскоўскіх Geometria ды AKATZIA.

Зміцер Плян


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2008 Вялікае Княства