Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

Між дэтэктывам і леґендамі

"Вялікае Княства" – "The Best", Мн., 2004

Калі ў беларускіх музычных крамах упершыню зьявіўся першы дыск "Леґенды Вялікага Княства" ў дыхтоўных сувэнірных дыґіпаках, вырабленых на эўрапейскіх заводах фірмы "Sony" (2001), увагу шматлікіх прыхільнікаў мэдыевальнай музыкі прывабіла творчасьць гурта з амаль гэткаю ж назваю – "Вялікае Княства". Прызнацца, і мне спадабаліся на тым зборніку песьні "Каралеўна" ды "Сьвіцязь", але ніякіх зьвестак пра гурт я тады ня меў.

Потым высьветлілася, што калектыў заснаваў былы гітарыст і заснавальнік леґендарнай "Мроі" Ўладзя Давыдоўскі. Менавіта яму ў тым зорным складзе належыць аўтарства песьні "Ён яшчэ вернецца" (гл. 2LP "Гіт-парад Беларускай Маладзёжнай", М., 1990, "Мелодия"), а "Стары храм" і знакаміты "Я рок-музыкант" ён пісаў разам зь Лявонам Вольскім. Тэксты й музыку ён піша таксама ў гурце "Вялікае Княства", дый на гітары ня кінуў граць, толькі пераважае ўжо акустычная. А яшчэ тут ён сьпявае, што ня надта прыкмячалася ў "Мроі". І як сьпявае: Уладзімір бярэ слухача не нэрвовым драйвам напружанага вакалу, як Вольскі, а якраз наадварот – мяккімі, збалянсаванымі пералівамі інтымных інтанацыяў. Адно бяда: цяпер музычную творчасьць захіліла для яго напружаная літаратурная праца. Самае цікавае яшчэ й тое, што папулярнейшы брэнд расейскай дэтэктыўнай літаратуры Влад Давыдов – гэта таксама наш Уладзя Давыдоўскі.
Стаць папулярнейшым і ў музыцы (прынамсі ў плыні new age або medieval) ён таксама мае ўсе шанцы, бо невыпадкова ж яшчэ ў сярэдзіне 90-х прэса назвала яго піянэрам у сфэры новага веку пераасэнсаваньня нацыянальных барочных традыцыяў. Уладзя й пісаў першыя свае творы пад уплывам натхненьня ад самага старажытнага помніка ўсходнеславянскага барока – "Полацкі сшытак". Але не забывайце: у яго – new age, новы век беларускага барока.
Дык вось і сталася, што літаратара даставалі музычнымі камплімэнтамі ня толькі старыя знаёмыя (кшталту мяне), але й цэлая армія мэляманаў. У рэшце рэшт ён здаўся і... зноўку паверыў у сябе як музыку, сабраў у адно ўсе песьні, пісаныя эпізадычна ў 90-х. Атрымаўся клясны канцэптуальны зборнік "The Best". Амаль альбом, бо песьні ў ім дэталёва падабраныя паводле настрою, паводле гуку, паводле сюжэту: "Тэатар Ценяў", "Голас Дажджу", "Памежная песьня", "Сьвіцязь", "Каралеўна", "Зіма", "Рэквіем".
Гэтыя сем песень запісвалі ў студыі Дзяржтэлерадыё сем леґендарных асобаў: апроч самога Ўладзі Давыдоўскага гэта басіст Валер Бажкоў (экс-"Зарціпо" й "Сястра"), бубнар Юрась Паўлоўскі ("Троіца", "Князь Мышкін"), скрыпалька Ліля Сіманава (аркестра Дзяржтэлерадыё), яшчэ адзін бубнар Аляксей Зайцаў (тое ж "Зарціпо") і майстар пузону Міхась Сапожнікаў, які знайшоў за мінулы час лепшы музычны лёс у далёкім замежжы. А запісваў усё гэта ды граў на альту вядомы з многіх беларускіх праектаў адмысловец гуку Валер Бяляеў (гл. "The Best Of Вальжына Цярэшчанка", альбомы "Дзеці чорнага гораду" гурту "Новае неба", "Галуб на чарэшні, галубка на вішні" ды "Неба і Земля" гурту "Ліцьвіны" і г.д.).
З прыведзеных згадак, натуральна, няцяжка ўжо здагадацца, што аналёґіяў музыкі "Вялікага Княства" можна шукаць у творчасьці такіх вядомых калектываў, як "Камэлот", "Стары Вольса", але шэраг дасьледчыкаў сьцьвярджае, што яна бліжэй да камэрных ансамбляў кшталту "ContreDance", "Lituus". Дык мо й ня трэба шукаць аналёґіяў, бо невыпадковая ж была тая згадка пра спробы асэнсаваньня Ўладзем усходнеславянскіх барочных традыцыяў (маўляў, нават барока таго ж піцерскага Б.Г. зь ягоным "вогнегрывым лесам" сягае хутчэй да далёкаўсходніх або заходнеэўрапейскіх традыцыяў, а той жа "Стары Вольса" больш схільны да готыкі). Дык вось, паспрабаваўшы сьпярша па-свойму перарабляць згаданы "Полацкі сшытак", Уладзя Давыдоўскі ня мог не прыйсьці да ўласных ідэяў і тэмаў у гэтым накірунку.
Структура ягонага альбома ўяўляе сабой асэнсаваньне паступовага працэсу пазнаньня жыцьця, які сьпярша натыкаецца на татальныя таямніцы ("Тэатар Ценяў", "Голас Дажджу"), потым сьвядомасьць ратуе рамантызацыя рэчаіснасьці ("Каралеўна"), але нават калі надыходзіць холад расчараваньняў ("Зіма"), жыцьцё не правальваецца ў пэсымізм, бо заўсёды ёсьць надзея ("Рэквіем") і ўсё можна пачынаць спачатку. У тым ліку й слуханьне дыска.
Праўда, выдаўцы, спасылаючыся на непрацяглы мэтраж гэтага канцэпту, палічылі патрэбным дадаць у праґраму дыска яшчэ й "мроеўскую" песьню Ўладзі Давыдоўскага, якая, зрэшты, не зьбянтэжыла слухача, а толькі дапамагла яму больш дакладна зразумець асобу лідэра калектыва пад рамантычнай назвай "Вялікае Княства" – Уладзю Давыдоўскага.

Вітаўт Мартыненка




Легенды Вялікага Княства

Легенды Вялікага Княства. 1999
Легенды Вялікага Княства. Старажытная зямля. 2003

"Легенды Вялікага Княства" – першы з серыі дыскаў, аб'яднаных унікальнай канцэпцыяй – праз голас ды гукі інструментаў данесці да слухача дух Сярэднявечча й Рэнесансу. Яго з'яўленне сталася ў пэўным сэнсе рэвалюцыйнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі і паклала пачатак шырокага прызнання музыкі напрамку медыеваль.
На дыску былі прадстаўленыя ўзоры музычнага фальклору і музыкі часоў Вялікага Княства, а таксама творы сучасных аўтараў. Адметна і тое, што дзякуючы гэтаму альбому неўзабаве набылі папулярнасць тады яшчэ мала каму вядомыя маладыя музыканты.
Працаваць над гэтым альбомам было цікава, гэтак жа як ісці сцежкай, якой яшчэ ніколі ніхто не хадзіў. Альбом меў некалькі пілотаў, працяглы час апрабоўваўся, перарабліваўся. У выніку колькасць музычнага матэрыялу пераўзышла фармат дыска. Таму многія з "легенд" цяпер можна пачуць толькі на нешматлікіх "пілотах", якія з цягам часу набылі вартасць рарытэтаў.

Альбом "Легенды Вялікага Княства. Старажытная Зямля" рабіўся па слядох першага надзвычай паспяховага праекта, і ў поўнай меры яго можна было б назваць, як і кінастужкі, што выходзяць пасля нашумеўшага бестселера, "Легендамі Вялікага Княства – 2". "Старажытная зямля" не засталася не заўважанай ў колах аматараў старажытнай музыкі, але (як тое найчасцей бывае і ў кіно) не змагла паўтарыць поспеху першага праекту. Чаму? Па-першае, таму, што ад пачатку была запраграмавана на паўтарэнне ідэй, закладзеных у папярэднім альбоме, бракавала "свежых" рашэнняў, ды і само стварэнне яго адбывалася ў надзвычай экстрэмальных умовах, зморанымі няпростым існаваннем ў Беларусі творчымі людзьмі. Што далей? У кіно зазвычай выходзіць стужка "Як мы здымалі Цітанік-1 і Цітанік-2", у якой актыўна выкарыстоўваюцца кадры, што не ўвайшлі ў фінальны варыянт. Калі "Легенды" пойдуць гэткім жа шляхам, то нічога кепскага ў тым не будзе, бо, паверце, "за бортам" засталося шмат вартых твораў. Хаця, наколькі я ведаю, у прадзюсера гэтай серыі Арыны Вячоркі ёсць ідэі лепш...

Уладзімір Давыдоўскі


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2008 Вялікае Княства