Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

Беларуская рок-музыка: традыцыі і тэндэнцыі

Калі рок-музыка на Захадзе ўжо трывала заваявала сваю слухацкую аўдыторыю, мае вялікія традыцыі і безліч супер-зорак, то беларускі рок, убіраючы ў сябе найноўшыя дасягненні сусветнай рок-культуры, знаходзіцца ў стане развіцця і выпрацоўкі ўласных традыцый на аснове меладызму і фанетычных асаблівасцяў роднай мовы. Гэтыя працэсы робяць айчынную рок-музыку адной з самых заўважных мастацкіх з’яў сучаснай нацыянальнай культуры.

Для таго, каб гэтая новая з’ява атрымала сваю гістарычную перспектыву, звернемся да заснавальнікаў беларускай рок-музыкі. І тут трэба ўспомніць падзею, з якой, па-сутнасці, і пачалася гісторыя беларускай і, што важна, беларускамоўнай рок-музыкі. Маю на ўвазе першыя канцэрты беларускіх рок-гуртоў "Бонда", "Магістрат" і "Мінск" у Палацы чыгуначнікаў 30 красавіка – 1 мая 1986 года, які арганізатары з рок-клуба "Няміга" назвалі "Тры колеры". Назва канцэрта адлюстроўвала стылістычную разнапланавасць удзельнікаў, якія ўпершыню прадставілі на суд слухачоў свае кампазіцыі ў стылістыцы гітарнай "новай хвалі", "цяжкага металу" і поп-рока.
Неўзабаве гурты "Мроя", "Бонда" і "Магістрат" утварылі касцяк той з’явы, якая пазней атрымала назву "беларуская рок-музыка". Галоўнае адрозненне творчасці гэтых калектываў ад сваіх папярэднікаў ("Шпакі", "Дойліды", "Сузор’е") у тым, што іх рэпертуар поўнасцю складаўся з беларускамоўных песень. Лёс гэтых гуртоў і саміх музыкантаў склаўся па-рознаму, але ў гісторыі беларускага року яны застануцца першымі.
Цікава, што музыканты-пачынальнікі з цягам часу сталі стваральнікамі папулярных сёння гуртоў "Крама", "Ulis" (былы "Бонда") і "N.R.M." ("Мроя"). Некаторыя з іх ствараюць паралельныя музычныя праекты (так званыя сайд-праекты). І лідзіруюць тут музыканты гурта "N.R.M.", якія стварылі аж чатыры: застольны "Крамбамбуля", экстрэмальны "Zet", урбаністычны рок-гурт "Garadzkija" і фолк-мадэрновы "Pete Paff". Музыканты іншых гуртоў таксама не адстаюць. Напрыклад, гітарыст "Крамы" і "Палаца" Сяржук Трухановіч разам з музыкантамі джаз-рокавага калектыву "Apple Tee" папаўняюць сваімі кампазіцыямі інструментальную фанатэку беларускай рок-музыкі. А лідар гурта "Ulis" Слава Корань часцяком выступае як акампаніятар вядомай рок-спявачкі Касі Камоцкай. І ўсе музыканты гэтых і іншых гуртоў разам узятыя – ўдзельнікі многіх супольных праектаў, такіх як "Народны альбом", "Я нарадзіўся тут", "Сьвяты вечар"...
Самымі бліжэйшымі спадкаемцамі "генералаў" беларускага року з’яўляюцца тыя гурты, якіх умоўна адносяць да "сярэдняга звяна" айчыннага рок-руху. Тут трэба ўспомніць найбольш прыкметныя з іх: блюз-рокавы "P.L.A.N.", экстрэмальна-фальклорны "Znich", "металічныя" каманды "Deadmarsh", "Partyzone", панк-рокавыя "Нейра Дзюбель", "Deviation", "Zygimont VAZA", эпатажную "Голую манашку", фолк-рокавы "Postscriptum", праект рэпера Аляксандра Памідорава "Pomidor\off", гурт Зміцера Вайцюшкевіча "WZ-orkiestra".
Але без прытоку свежых сіл любое творчае пачынанне дэградуе. Таму вельмі важна, каб беларускі рок меў падтрымку ў асяроддзі маладых музыкантаў. І калі раней, гадоў 10 таму, гэтая праблема змены пакаленняў у беларускай рок-плыні стаяла вельмі востра, то цяпер сітуацыя памянялася кардынальна: шматлікія маладыя гурты самі могуць скласці даволі моцную канкурэнцыю рок-ветэранам. Такія, як "Тарпач", "Indiga", "Харлі", "Tezaurus", "IQ48", "Zig-Zag" будуюць своеасаблівы мост паміж пакаленнямі музыкантаў і слухачоў. А яшчэ кажуць, што маладыя выканаўцы цураюцца беларускага слова! Іх песні, вобразы – лепшы прыклад адваротнага.
Прыкметная тэндэнцыя апошняга часу – з’яўленне цікавых і музычна неардынарных рок-калектываў з правінцыі: бярозаўскі гурт "B:N", гомельскі "Бан Жвірба", брэсцкая "Сцяна". Яны смела штурмуюць сталічныя канцэртныя пляцоўкі, выдаюць свае музычныя альбомы. Іх музыка – своеасаблівы сінтэз дасягненняў беларускага рока з мясцовымі меладычнымі і гарманічнымі традыцыямі, што надае незвычайны шарм і актуальнасць.
Нельга абмінуць увагай такі значны кірунак працы беларускіх музыкантаў, як адраджэнне скарбаў беларускага фальклору на аснове сучасных музычных плыняў – фолк-мадэрн. Традыцыі яго ў Беларусі ідуць ад стаўшых класічнымі фолк-рокавых эксперыментаў ранніх "Песняроў". Нашы музыканты лічаць Уладзіміра Мулявіна і яго ансамбль сваімі духоўнымі папярэднікамі. Вось якімі думкамі падзяліўся аднойчы Зміцер Вайцюшкевіч: "Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна я лічу выдатным дзеячам Беларускага Адраджэння. І хоць творчы ўзлёт "Песняроў" прыйшоўся на савецкія часы, музыкі шмат што трансфармавалі і рабілі гэта прафесійна. Я лічу сябе, у нейкім сэнсе, прадаўжальнікам іх меладычных тэм, мулявінска-песняроўскай філасофскай ідэі, якая ў той момант толькі нараджалася і дала падставы для нашай сённяшняй працы" ("ЛіМ", 7.12.2001). І таму лагічна, што пад песняроўскім уплывам фолк-мадэрн атрымаў сваё далейшае развіццё на беларускай рок-сцэне.
Піянерам у сінтэзе рок-музыкі, электроннага гучання і фальклору стаў гурт "Палац", лідэрам і творчым рухавіком якога доўгія гады з’яўляецца кампазітар і вакаліст Алег Хаменка. Дарэчы, той жа Уладзімір Мулявін высока цаніў наватарства і шчырасць музыкантаў "Палаца". Вось што аднойчы выдатны музыка сказаў пра сваіх малодшых калегаў: "Я быў на іх сольным канцэрце, яны даюць каласальную экспрэсію. Я атрымаў задавальненне ад канцэрта". ("Музычная газета", №50, 1999).
Крыху пазней саліст гэтага гурта Юрый Выдронак заснаваў фолк-рок-шоу "UR’IA", а былы "палацавец" Зміцер Вайцюшкевіч разам са спявачкай Веранікай Кругловай былі ініцыятарамі стварэння гурта "KRIWI", які і цяпер выконвае world-music. Праўда пазней Зміцер Вайцюшкевіч выйшаў са складу "KRIWI" і, заснаваўшы гурт "WZ-orkiestra", стварае канцэртныя кампазіцыі і альбомы на вершы беларускіх і замежных паэтаў.
Да яркіх прадстаўнікоў нацыянальнага фолк–мадэрну трэба аднесці і такі выдатны сваім прафесіяналізмам калектыў, як этна-трыо "Троіца". Яго ўклад у нацыянальную музычную скарбонку цяжка пераацаніць: лідэр "Троіцы" Іван Кірчук і яго калегі шмат робяць для захавання нацыянальных традыцый і папулярызацыі беларускай народнай музыкі ў свеце, найперш у Еўропе.
Новыя надзеі беларускага фолк-мадэрну звязаны з маладой генерацыяй гэтай плыні рок-музыкі, якая ўсімі музычнымі спосабамі садзейнічае захаванню і аднаўленню сувязі пакаленняў – носьбітаў фальклору і сучасных слухачоў, хоць і ў даволі незвычайным выглядзе. Сярод тых гуртоў трэба адзначыць такія перспектыўныя калектывы, як "Нагуаль", "Яр", "ALTANKA"...
Блізкія задачы па папулярызацыі нацыянальнага фальклору сярод моладзі (хоць стылістычна адрознымі ад традыцыйнага фолк-мадэрну сродкамі) ставяць перад сабой удзельнікі экстрэмальнага адгалінавання рок-музыкі, якое нават займела свой міжнародны тэрмін: pagan-metal ("паганскі метал"). Беларускі варыянт музычнага экстрыму з фальклорным ухілам прапагандуюць гурты "Znich", "Kamaedzitca", "Soncavarot", "Капішча", "Твар" (адны назвы могуць сказаць слухачу так шмат!). Іх апрацоўкі накіраваны на тое, каб "уваскрэсіць" старонкі дахрысціянскага светапогляду нашых прашчураў, рэканструяваць віруючую музычную стыхію, якая спадарожнічала іх жыццю і смерці.
Але не толькі старажытныя мелодыі з’яўляюцца каталізатарамі творчасці "цяжкіх" беларускіх рок-гуртоў. Многія музыканты (напрыклад, з "Zmiaja", "Vir", "SKD", "Кроку") звяртаюцца да традыцыйна "рокавых" тэм: свабода, вайна, каханне, адносіны паміж людзьмі, лёс нацыі і нашай мовы на пераломе эпох... Часцяком гэтыя складаныя тэмы яны імкнуцца гіпербалізаваць, прадставіць у сатырычным ракурсе і ў спалучэнні са звышрытмічнай і агрэсіўнай музыкай. Магчыма, сталым аматарам і знаўцам рок-музыкі гэты імпэт і напор пададуцца празмернымі, але сёння такое гучанне дамінуе ў сусветнай "цяжкай" музыцы і мае шматлікіх прыхільнікаў ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі.
Трэба адзначыць таксама, што беларускія рок-гурты вельмі шчыльна супрацоўнічаюць з калектывамі традыцыйнага фальклорнага кірунку. Успомнім тут спеўны гурт "GUDA", які разам з панк-гуртом "Нейра Дзюбель" запісалі варыянт песні брытанскага гурта "Depeche Mode" "I Feel You" у фальклорным ключы. А гурту "P.L.A.N." у стварэнні апрацовак беларускага фальклору дапамагае лідэр фальклорнага гурта "Ліцвіны", вядомы фалькларыст і дудар Уладзімір Бербераў...
Безумоўна, каб стварыць поўную панараму такой складанай і разгалінаванай з’явы, як беларускі рок-рух, мала ўзгадаць назвы гуртоў і даць іх кароткія стылявыя характарыстыкі. Значна важней нагадаць пра тое, што беларускія рок-музыканты – сапраўдныя прапагандысты, папулярызатары роднай мовы і культуры сярод маладзёжнай аўдыторыі, і прыхільнікаў у іх з года ў год становіцца больш. Гэтаму спрыяе з’яўленне кампаній, якія выдаюць альбомы з беларускай рок-музыкай, дыскі бардаў, айчынную сярэднявечную музыку, запісы музычнай спадчыны Беларусі. І смела можна адзначыць наступнае: беларускімі рок-музыкантамі зроблена столькі, што яны небеспадстаўна прэтэндуюць на сваё месца ў аналах сучаснай нацыянальнай культуры.

Анатоль Мяльгуй


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2007 Вялікае Княства