Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

Менестрэлі XXI

Музыка ў сучасным жыцці – гэта не толькі настрой. Гэта асобна абраны стыль існавання, філасофія, непаўторная эстэтыка чалавечых пачуццяў. Менавіта таму, не гледзячы на стракатасць сучасных плыняў і напрамкаў музычнай творчасці, не знікае цікаўнасць да фальклору, архаікі, замкавай і еўрапейскай старажытнай музыкі.

Сярэднявечча – гэта час менестрэляў, вольных вагантаў, час куртуазнага кахання і рыцарства. Для Беларусі – эпоха перамог і дабрабыту. У часы Вялікага княства Літоўскага былі створаны такія помнікі нацыянальнай культуры, як "Віленскі сшытак", "Полацкі сшытак", "Куранты". Пры дварах заможных магнатаў існавалі аркестры, да нас ехалі еўрапейскія кампазітары, музычныя навінкі з Захаду хутка асіміляваліся, ператвараючыся ў папулярныя танцы ды канты.
І калі, напрыклад, для Амерыкі сучасная хваля захаплення старажытнай музыкай – зварот да экзотыкі, то для нас гэта адраджэнне традыцый, гістарычна абргунтаваны працэс. Таму не дзіва, што старадаўнія творы і аўтарскія, стылізаваныя пад сярэднявечча кампазіцыі знайшлі свайго слухача ў Беларусі. Больш за тое, штогод пашыраецца кола прыхільнікаў падобнай музыкі. Музыкі, якая сёння абагульненая назвай "медыеваль".
Адным з першых на Беларусі ў 1992 годзе ў межах "медыевалю" пачаў працаваць гурт "Вялікае Княства". Ягоныя творы – пяшчотная, прыгожая, інтымная, стылізаваная музыка, якая захапляе сваёй завершанасцю, самадастатковасцю, адчыняе шлях у падсвядомасць, надае атмасферу прыгожых стасункаў са светам. На жаль, гурт стварыў толькі адзін альбом...
У хуткім часе паўстае гурт "Камэлот", які прапануе цікавую, вырашаную сучаснымі сродкамі (электрагітара, сінтэзатар, бас-гітара) аўтарскую музыку. У экс-саліста гурта Зміцера Сідаровіча і дагэтуль ёсць прыхільнікі.
Пасля невялікай паўзы, на мяжы стагоддзяў, ў Беларусі ўзнікае цэлы шэраг гуртоў, якія ў сваёй творчасці звяртаюцца да старажытных матываў, што дае падставы разглядаць іх творчасць у кантэксце асобнага стылю – "медыеваль". У межах якога вылучаюцца тры плыні: рэканструкцыя, стылізацыя і апрацоўка старажытных фальклорных твораў.
З'явіўшыся ў 2000 годзе, гурт "Artes Liberales" за шэсць год здолеў адзначыцца ва ўсіх напрамках "медыевалю". Прыгожы вакал салісткі Іны Перасецкай, прафесійнасць музыкаў і творы кампазітара Андрэя Сакалова стварылі захапляючую атмасферу канцэрта пад назвай "Затаемны свет".
Гурт "Стары Ольса" на сённяшні дзень самы камерцыйны медыеваль-праект. Музыка гурта прываблівае моцнай энергіяй, запалам, створанай на пляцоўках дзеяй, прыгожымі строямі музыкаў. Лідэр калектыву Зміцер Сасноўскі добра грае на вялікай колькасці беларускіх інструментаў. Але памылкова было б адносіць гэты гурт да рэканструкцыі старажытнай беларускай музыкі. "Стары Ольса" – хутчэй аўтарская апрацоўка і вольны погляд на беларускую музычную гісторыю.
А вось малады "Ліцвінскі хмель" можна аднесці да стылізацыі. Праўда, варта зрабіць зноску на тое, што музыкі толькі вучацца, засвойваюць старажытныя інструменты, знаёмяцца з сярэднявечнай і фальклорнай музыкай.
Наступная плынь "медыевалю" – рэканструкцыя – патрабуе ад музыкаў прафесійнасці ў выкананні, дакладнага ведання гісторыі музыкі, фантазіі і фінансаў. Асноўная ідэя напрамку – адрадзіць сапраўднае гучанне старажытнай музыкі, карыстаючыся аўтэнтычнымі інструментамі, і зрабіць стыльнае відовішча на пляцоўцы. Умовы дастаткова складаныя для нашых музыкантаў, таму сёння ў Беларусі існуюць толькі тры калектывы, якія займаюцца рэканструкцыяй. Самы сталы з іх – гурт "Lituus" (экс-"Кантраданс") – вядомы ўжо больш за чатырнаццаць гадоў. Прафесійныя музыкі сур'ёзна ставяцца да традыцыі выканання і апрацоўкі старажытных твораў. У рэпертуары гурта – "Полацкі сшытак", "Куранты". На сцэне "Lituus" стварае атмасферу балю ў старажытным замку. Прыгожа, гістарычна, але тыпова статычна, і як вынік – невялікая колькасць прыхільнікаў сярод моладзі.
Гурт "Брэвіс" – будучыня рэканструкцыі. Ён створаны ў 1998 годзе ў сярэдняй школе з музычным ухілам № 13. Прыемна бачыць стасункі кіраўніка калектыву і яго маладых калег – вучняў. На пляцоўцы ў строях замкавых музыкаў яны разам ствараюць прыгожы ды інтэлігентны вобраз. Цікава яшчэ й тое, што маленькія музыкі вельмі вольна адчуваюць сябе ў жорсткіх межах старажытнай музыкі. Рэпертуар "Брэвіса" – старажытныя беларускія, еўрапейскія ды ірландскія творы.
Летась да рэканструкцыі далучыўся і "Artes Liberales". Музыкі робяць ухіл на еўрапейскую старажытную музыку XII - XIV стагоддзяў.
Апрацоўка старых твораў на сучасны лад у Еўропе вылучаецца ў асобны стыль "этна-фьюжн", але ў нашай невялікай краіне такая музыка гучыць на "медыеваль"-пляцоўках. Старажытная музыка і фальклор, пераасэнсаваныя і апрацаваныя ў стылях джаз, рок, рэггей, псіхадэлік, спалучэнне розных этнакультур надаюць адметнасць гэтай самай простай для ўспрымання плыні. Яе вызначальныя рысы – музычная эклектыка, інтуітыўнасць, вольны імправізацыйны падыход да музычнага матэрыялу. Тыповы прадстаўнік накірунку – гурт "Герфункер". Музыкі выконваюць нарвежскі, беларускі, ірландскі фальклор на сучасных інструментах у стылях рок, рэггей, ска. Яскравы дуэт салістаў Вольгі Сырыч і Івана Тумаша надаюць асабісты каларыт гурту. Усё разам – прывабна і весела. Але самы вядомы прадстаўнік гэтага накірунку ў Беларусі – бліскучае этна-трыо "Тройца", якое спалучае аўтэнтычную манеру спеву Івана Кірчука з сучаснай трактоўкай архаічных твораў, што выконваюцца як на старажытных, так і сучасных інструментах. Таксама цікавы праект Кірчука "Руны", у якім "Тройца" эксперыментуе са спалучэннем фальклору ды сучаснай электроннай музыкі.
Самы містычны гурт на "медыеваль"-сцэне – "Нагуаль". "Музыка сусвету" – у поўным сэнсе гэтага слова. Спалучэнне інструментаў розных этнакультур, імправізацыя, добрае валоданне голасам і незвычайная манера сцэнічных паводзін саліста Леаніда Паўлёнка зачароўваюць слухача, які трапляе ў свет падсвядомасці і незвычайных пачуццяў. Гэта музыка інтуіцыі ды сучаснага шаманства. Вынікам працы музыкаў летась стаў дыск пад назвай "У Зямлі пад спадніцай".
Марна было б пералічваць усіх выканаўцаў, бо сёння "медыеваль"-накірунак не толькі перажывае росквіт, але і дынамічна развіваецца, узнікаюць новыя гурты. Істотна тое, што гэтым разам, беларускі "медыеваль" як накірунак не стаў калькай заходніх "раскручаных" узораў. Ён узнік натуральна, своечасова і рушыць сваім адметным шляхам, грунтуючыся на нацыянальнай глебе. Хай сабе не лепшай, чым на Захадзе, але, адназначна, – не горшай.

Міхась Петрашэвіч




Дуда: міфы і рэчаіснасць

Ужо некалькі дзесяткаў гадоў незалежных даследнікаў, майстроў народных інструментаў і фолк-музыкі асабліва цікавіць адзін з самых таямнічых і незвычайных музычных інструментаў – беларуская дуда.

У чым жа яе ўнікальнасць? Вось як на гэтае пытанне адказвае майстар і музыка Тодар Кашкурэвіч: "Беларуская дуда вылучаецца ў Еўропе не толькі канструктыўнымі асаблівасцямі, але і сваёй унікальнай міфалогіяй. Фактычна яна не з'яўляецца музычным інструментам у прамым сэнсе слова, таму што вельмі моцна звязаная з абрадавай сферай, з мадэллю светабудовы дахрысціянскага свету. Захавалася палеская песня, у якой гаворыцца, што дуда выраблялася з ахвярнай казы. Як вядома, каза вельмі часта выкарыстоўвалася ў рытуалах ахвярапрынашэння розных народаў. Відавочна, што ігра на дудзе з прынесенай у ахвяру казы мела магічны сэнс, як і ўсе рэчы, звязаныя з гэтым паганскім рытуалам. Сэнсам яго было перараджэнне і адраджэнне свету ў новай якасці...".
У старажытнасці на тэрыторыі Беларусі існавалі тры асноўных віды гэтага народнага музычнага інструмента — аднабурдонная, дзвюхбурдонная дуды і дуда-мацянка. Цяпер яны папоўнілі інструментальны арсенал фолк-выканаўцаў, музычных гуртоў медыевальнай скіраванасці, рок-выканаўцаў. Дуда вывучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і нават стала сольным інструментам у Дзяржаўным акадэмічным народным аркестры імя І.Жыновіча. Адроджаныя беларускія дуды адрозніваюцца ні на што не падобным тэмбрам, экспрэсіўным гукам, незвычайнымі выканальніцкімі магчымасцямі і арыгінальным знешнім выглядам, што прынамсі пацьвярджае штогадовы "Дударскі фэст".
Сёлета на "Дударскім фэсце – 2007" удзельнікі свята азнаёміліся не толькі з беларускай, але і з іншымі нацыянальнымі школамі ігры на дудзе (па міжнароднай тэрміналогіі – bagpipe). Асаблівую цікавасць выклікалі выканаўцы з Польшчы. Наша суседка мае векавыя традыцыі ігры на гэтым інструменце. З імі беларускіх слухачоў пазнаёміла капэла "Dudziarzy Wielkopolski" з Познані. Яна прадставіла польскую дуду, што мае істотныя адрозненні ад беларускай. Асноўная асаблівасць польскага інструмента ў тым, што паветра ў яго корпус падаецца пры дапамозе адмысловага мяшка, накшталт кавальскага горна, прымацаванага да локця музыкі. Гэтая канструктыўная асаблівасць дазволіла музыкам не толькі выконваць палымяныя мелодыі, але і спяваць. Менская публіка прыхільна сустрэла і польскіх выканаўцаў Шымона Бафія ды Тамаша Кіціньскага. Агульнае захапленне выклікаў бліскучы выступ калектыва "Kapela Kozlarska" з заходняга рэгіёна Польшчы, дзе bagpipe называюць па-свойму – "казёл".
Сенсацыяй фэсту стаў японскі выканаўца на балгарскай гайдзе Ютакі Бан, які, між іншым, выказаў зацікаўленасць у тым каб навучыцца іграць і на беларускай дудзе. Запомніўся слухачам сэт госця з Санкт-Пецярбурга Стаса Зубцова, які на галісійскай дудзе выканаў некалькі яркіх старажытнаеўрапейскіх мелодый.
Адсутнасць каларытных валаводнікаў з Шатландыі было кампенсаванае музыкамі айчыннымі: чальцы гурта "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі, Андрэй Апановіч, Алесь Чумакоў на шатландскіх дудах (хайлендах) выканалі класіку, якая зрабіла гэты інструмент сусветна вядомым. А затым А.Чумакоў і гурт "Келіх кола" далі слухачам адчуць узнёсла-рамантычны стыль ірландскай музыкі.
Нацыянальную выканальніцкую школу сёлета прадставілі і такія вядомыя калектывы, як "Лiцьвiны", "Testamentum Terrae", "Старая Лiтва". Іх натхнёная ігра і высокае выканальніцкае майстэрства былі ўспрынятыя як своеасаблівае адкрыццё. Увогуле беларускія музыкі спаўна прадэманстравалі ўвесь патэнцыял, закладзены нашымі продкамі ў легендарны інструмент. Гэта найперш датычыць Дзяніса Сухога, Юрася Панкевіча (які выконваў яшчэ і шведскую музыку на шведскай дудзе), Сяргея Тапчэўскага, Аксаны Касцян (адзінай у Беларусі жанчыны-выканаўцы на дудзе), музыкі і танцора Аляксея Бурносенкі, майстра і музыкі Алеся Сурбы, што прадэманстраваў публіцы новую дуду-мацянку ўласнага вырабу.
З вялікім поспехам прадставілі вынікі сваіх творчых шуканняў маладыя салісты і калектывы: гурты старажытнай музыкі "Лiцьвiнскi хмель", "Гальярда", "Джамбiбум", "Яварына", фолк-гурт "Радая" (Заслаўе), капэла К.Трамбіцкага (БГУК). Адмысловым напалам вылучыўся выступ маладога medieval-metal-гурта "Лiтвiн-троль", які сінтэзуе ў сваёй творчасці асаблівасці модных экстрэмальна-музычных кірункаў і гучанне беларускай дуды. Высокі выканальніцкі ўзровень маладых музыкаў, іх прадуманы і збалансаваны рэпертуар гавораць аб тым, што на нашай постфолкавай і медыевальнай сцэне ветэранам ёсць годная змена, якая бачыць у старажытнай дудзе арыгінальны сучасны музычны інструмент.

Анатоль Мяльгуй


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2007 Вялікае Княства