Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

"Праз рок-прызму" да
"222 альбомаў беларускага року і ня толькі…"

У канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя беларуская эміграцыя ЗША і Канады аказала вялікую паслугу, ці кажучы эканамічнай тэрміналёгіяй, зрабіла значныя інвэстыцыі ў сучасную беларускую культуру мэтраполіі. У 1989 годзе ў выдавецтве Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Нью Ёрк) пабачыла сьвет першая беларуская рок-энцыкляпэдыя "Праз рок-прызму".

Аўтары кнігі – вядомыя журналісты, пачынальнікі нацыянальнай плыні рок-крытыкі ў Беларусі Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй – прайшлі ня мала шляхоў і зрабілі шмат спробаў выдаць гэтую кнігу на Радзіме. Але ў той час ажыцьцявіць такое выданьне ў Беларусі не было магчымасьцяў…
І толькі дзякуючы шчырай дапамозе і ахвяраваньням такіх вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі, як Кастусь Акула, Янка Запруднік, Адам Акуліч, Павел Янкоўскі, аўтаркі ўступнага артыкулу Паўліны Сурвіллы і іншых, кніга "Праз рок-прызму" стала набыткам маладых беларусаў з розных краінаў сьвету. Гэтаму спрыяла слушнае рашэньне выдаўцоў зарэгістраваць выданьне ў Бібліятэцы Кангрэсу ЗША (Library of Congress Catalog Cards Number 89-62683).
У Беларусі, якая цягам часу набыла незалежнасьць, кніга "Праз рок-прызму" заставалася асноўнай крыніцай зьвестак пра найбольш цікавыя плыні ў беларускай рок-музыцы, ейныя самыя ўплывовыя гурты і постаці. І цяперака многія маладыя беларусы прызнаюцца, што гэтая кніга сталася для іх сваеасаблівым падручнікам і гідам у музычным сьвеце. У Беларусі, некаторых эўрапейскіх краінах (Польшчы, Чэхіі) і ЗША "Праз рок-прызму" атрымала досыць станоўчыя водгукі ня толькі чытачоў, але і адмыслоўцаў. Урыўкі з кнігі перадрукоўваліся маладзёвымі пэрыядычнымі выданьнямі, а згадка пра кнігу-эмігрантку, дзякуючы руплівай салідарнасьці знанага беларусазнаўцы, прафэсара Адама Мальдзіса, трапіла ў аналы дзяржаўнай "Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі" (т.1, ст.434).
Безумоўна, посьпех і ўплыў гэтага выданьня ня мог не натхніць аўтараў на працяг працы ў галіне музычнай крытыкі. Увесь гэты час Вітаўт і Анатоль выступалі ў беларускіх і замежных выданьнях з матар’яламі, прысьвечанымі айчыннай рок-музыцы і, шырэй, сучаснай беларускай культуры. Жанрава іх творчасьць была прадстаўлена аналітычнымі артыкуламі, эсэ, інтэрв’ю, рэцэнзіямі… Колькасьці рэцэнзіяў аказалася дастаткова, каб скласьці новую кнігу пра беларускі рок. Так Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй задумалі, а пасьля ажыцьцявілі працяг справы, распачатай кнігай "Праз рок-прызму": пры чыннай дапамозе прадусэра Віталя Супрановіча (ён, дарэчы, прызнаецца, што з захапленьнем чытаў менавіта "Праз рок-прызму") яны падрыхтавалі і выдалі новую беларускую рок-энцыкляпэдыю "222 альбомы беларускага року і ня толькі…"
І вось-жа самае заўважнае адрозьненьне ад першага выданьня: цяперака новыя кнігі аналягічнага зьместу ўжо выдаюцца на сродкі беларускіх дабрадзеяў айчыннымі прадусэрамі. Другое, аўтары вырашылі абмежаваць сябе толькі рэцэнзіямі на беларускамоўныя выданьні, якія пабачылі сьвет як у Беларусі, так і за яе межамі.
Што-ж тычыцца структуры, то першая кніга В. Мартыненкі і А. Мяльгуя была падпарадкаваная дэвізу "Слухаць і разумець" і пабудаваная па прынцыпу "ад простага да складанага", а значыць, мела ў некаторай ступені і дыдактычныя мэты. Айчынным выканаўцам у ёй быў адведзены адзін (хоць і найбуйнейшы раздзел – "Беларусь"). Тагачасная сытуацыя ў краіне вымагала менавіта такіх падыходаў.
Новая кніга В. Мартыненкі і А. Мяльгуя "222 альбомы беларускага року і ня толькі…" таксама энцыкляпэдычнага зьместу ў поўным сэньсе гэтага вызначэньня і прысьвечаная, у асноўным, беларускай музычнай тэматыцы. На яе старонках чытач можа знайсьці зьвесткі ці не пра ўсе больш-менш значныя айчынныя аўдыё-выданьні паводле строгіх крытэраў: сэрыйныя дыскі, легальныя ў Беларусі ліцэнзійныя выданьні, супольныя праекты. На старонках новай музычнай энцыкляпэдыі сабраныя рэцэнзіі на шматлікія (хоць далёка ня ўсе!) дыскі з нацыянальным фальклёрам і фольк-мадэрнам, на альбомы з беларускай рок-музыкай, водгукі на дыскі бардаў і выканаўцаў сярэднявечнай музыкі.
Аўтары ўжо не даказваюць бясспрэчныя ісьціны, а імкнуцца данесьці да чытачоў слушнасьць таго, што рок-музыка, як і іншыя сучасныя музычныя напрамкі (рэканструкцыя гістарычных сьпеваў і мэлёдыяў, бардаўская песьня, рэп…), спрыяюць захаваньню роднай мовы. Гэта адбываецца праз выданьне і распаўсюджваньне беларускамоўных твораў. Але каб патэнцыяльныя слухачы беларускамоўных альбомаў не згубіліся ў моры інфармацыі, ім прапануецца спачатку пазнаёміцца з тым ці іншым дыскамі ці сэрыйнымі выданьнямі паводле рэцэнзіяў В. Мартыненкі і А. Мяльгуя.
На пераемнасьць зьместу гэтых кнігаў працуе і тое, што і "222 альбомы беларускаго року…" нясуць чытачам і аматарам беларускай рок-музыкі шмат дадатковых зьвестак. Напрыклад, звязаных з сацыяльнымі асьпэктамі зьяўленьня таго ці іншага фанаграфічнага артэфакта, з датамі народзінаў многіх беларускіх музыкаў, з віртуальнай прасторай інтэрнэту, у якой, таксама, сёньня жыве беларуская рок-музыка…
Аўтары засвоілі ўрок, які далі ім дзеячы беларускай эміграцыі падчас падрыхтоўкі кнігі "Праз рок-прызму": мова кнігі, якая прэтэндуе на адлюстраваньне нацыянальнага кантэксту, павінна быць сапраўды беларускай – г. з. "тарашкевіцай", якой усе гады пасьлядоўна прытрымліваецца беларуская эміграцыя. Цікава, што няпростыя для чытачоў ў Беларусі "моўныя акалічнасьці" не аддалілі іх, а, наадварот, наблізілі да кнігі. Пра гэта аўтары даведваюцца падчас шматлікіх прэзэнтацыяў, якія ладзяцца ў Беларусі ў падтрымку новай рок-энцыкляпэдыі.
Акрамя гэтага, у кнізе ёсьць рэцэнзіі на дыскі, зьмест якіх павінен засяродзіць увагу кожнага сьвядомага беларуса. Так, як у кнізе "Праз рок-прызму" адным з самых яскравых, важных у сэнсе гістарычнай праўды, стаў артыкул, у якім зь першых вуснаў распавядалася праўдзівая гісторыя знаходкі "Полацкага сшытка" – аднаго з унікальных музычных помнікаў сьвецкай (цяпер-бы сказалі – папулярнай) музыкі Беларусі мінулых стагодзьдзяў. У новай кнізе чытач, упэўнены, зверне ўвагу на рэцэнзію да дыска з прамовамі Васіля Быкава на Радыё Свабода. Здавалася, імя славутага пісьменьнка не стасуецца са зьместам згаданай кнігі. Але гэта толькі павярхоўны погляд. Бо пасьля прачытанага ў кнізе ўзьнікае жаданьне ня толькі захапляцца сучаснымі рытмамі, але і асэнсаваць тую глыбінную філязофскую спадчыну, якую пакінуў нам Васіль Быкаў. Да таго-ж, як распавядаў адзін з аўтараў "222 альбомаў…" Анатоль Мяльгуй у інтэрвію для менскага "Аўта Радыё", Васіль Быкаў у час стварэньня першага ў Беларусі рок-клубу "Няміга" асабіста заклікаў маладых беларускіх рокераў спадзявацца найперш на свае маладыя сілы, самім шукаць выйсьце са складаных сытуацыяў, ствараць сучасную музыку, абапіраючыся на здабыткі беларускай культуры мінулага.

Уладзімер Цярохін




Купальскае кола

Беларускае Купалле прайшло праз стагоддзі неспакойнай і супярэчлівай нацыянальнай гісторыі, на працягу якой змянялася ў залежнасці ад патрабаванняў часу, але дагэтуль захавала прыгожую і рамантычную сістэму абрадавых дзеянняў, павер’яў, варажбы, ігрышчаў ды песень. Сёлета ў Мінску гэта дахрысціянскае свята набыло незвычайнае ўвасабленне – вылілася ў І Міжнародны фестываль "Купальскае кола", у якім прынялі ўдзел беларускія, украінскія і расійскія музычныя гурты так званага pagan-metal стылю.

Ідэя pagan-metal-фэсту належыць лідэру гурта "ZNICH" Алесю Таболічу, які, дарэчы, падчас святкавання ўзяў на сябе ролю князя Купаліша. Ну а першым калектывам, што распачаў фэст, стаў беларускі гурт "ЛЮТАВЕР’Е", які ў сваёй творчасці прытрымліваецца ідэі славянскага адзінства. І таму назвы песень гурта адпаведныя: "Рось", "Рускі ўдзел", хоць і выконваюцца яны па-беларуску.
Купальскае свята маладыя музыкі іншага гурта "ПЯРЭВАРАЦЕНЬ" віталі адпаведнай "Купальскай песняй". Былі ў выступленні калектыва і новая песня-візітоўка "Пярэварацень" ды кавер на твор гурта "Цемназор" з назвай "Сокалы ляцяць". Гэтыя кампазіцыі далі падставу гаварыць пра новы ўзровень выканаўчага майстэрства, стылявога сінтэзу і вядомасці гурта.
Слухачы горача віталі сваіх фаварытаў – гурт "LITVINTROLL" і яго харызматычнага лідэра Андрэя Апановіча. Але цяпер гераіняй сцэны стала беларуская дуда Андрэя – без гэтага інструмента нельга ўявіць філасофію дахрысціянскага светапогляду нашага народа! І што б там ні казалі крытыкі, спасылаючыся на падабенства "LITVINTROLL" да зоркі сусветанага pagan-metal "IN EXTREMO", беларускі гурт дэманструе адметнасць гучання, у першую чаргу праз адмысловыя малюнкі музычных твораў і незабыўны тэмбр беларускіх дудаў. Нават іх "Шатландзец" пад гукі тамтэйшай валынкі - хайленда мае "беларускі акцэнт". Адметнасць стылю можна было адчуць таксама падчас выканання песняў "Лысы верабей", "Змрок", "Дуброва". Ну а візітоўку гурта – песню "Пахне чабор" на вершы Петруся Броўкі – спявалі разам усе прысутныя.
Падзеяй стаўся выступ гурта з Украіны "ТІНЬ СОНЦА". "Гарны ўкраінскі парубкі" прапанавалі вельмі меладычны і тэхнічна дасканалы "хуткі" metal-rock. Музыкі добра вядомыя ў Беларусі па ўдзеле ў трыб’юце (прысвячэнні) легендарнаму беларускаму гурту "GODS TOWER". Беларускія слухачы і крытыкі ў адзін голас адзначылі запамінальную інтэрпрэтацыю песні "Twilight Sun", якая ўвайшла на трыб’ют пад назвай "Пісня Чугайстра". Уразіў таксама інструментарый украінцаў, дзе была шыкоўнага выгляду бандура з запаленымі на грыфе пахучымі зёлкамі. Надзвычай ярка і запамінальна гучала яна ў сольных партыях і разам са скрыпкай ды гітарай. Да таго ж артыстычныя ўкраінцы падчас свайго выступу паказалі сапраўднае рок-шоу: яны ўвесь час мяняліся месцамі на сцэне, танчылі гапак з інструментамі, здзіўлялі віртуознымі гітарнымі "трукамі" і вялі нязмушаны дыялог з публікай. Героіка-патрыятычная тэматыка песень гурта "ТІНЬ СОНЦА" хутка знайшла падтрымку ў сэрцах яго беларускіх прыхільнікаў, якія раскупілі ўсе дыскі, прывезеныя калектывам у Мінск.
Больш просталінейны па структуры, але энергічны pagan-metal адыгралі на "Купальскім Коле" расійскія госці – гурт "ALKONOST". Іх стылёвая адметнасць – "цяжкі" саунд, над якім лунае магутны і высокі, класічна пастаўлены голас вакалісткі. Музыкі выконваюць шмат кампазіцый славянска-фэнтэзійнай, ваяўнічай тэматыкі (war-pagan-metal) ды ўслаўляюць Завяршыў фестываль выступ айчыннага гурта "ZNICH", які выканаў лепшыя песні са свайго рэпертуару: "Крыжы-абярэгі", "Крыва-Крывейта", "Беларусь", "Язычнік Я". Поруч з Алесем Таболічам на сцэне вылучаўся дудар – фактурны Кастусь Трамбіцкі. Поспех на апошнім "Дударскім фэсце" дадаў Кастусю імпэту, што станоўча адбілася на выступленні ўсяго калектыва.

Анатоль Мяльгуй


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2007 Вялікае Княства