Навигация :


Погода:


Яндекс.Погода

Архивы



Голосование


Как Вам объединение России и Белоруссии?

Есть ли шанс ?
Это тревожит многих жителей двух государств, а также тех, кто иммигрировал по разным причинам. Высказывайтесь, пожалуйста, на этом сайте.

За!
Против!
Безразлично


Результаты опроса

Музыка


Марыя Фралова
"Сярэднявечная цемра"
і музычнае мастацтва Вялікага Княства

Сярэднявечча... Гэта паняцце выклікае супрацьлеглыя і неадназначныя асацыяцыі. З аднаго боку, узгадваюцца жорсткія царкоўныя забароны і полымя інквізіцыі, а з другога – рыцарскія турніры і правансальская паэзія трубадураў. Можна шмат спрачацца наконт таго, наколькі "цёмныя" гэта былі часы ў гісторыі чалавецтва, але відавочна, што сярэднявечная культура, якая існавала на працягу цэлага тысячагоддзя (V-XV стст.), выклікае велізарную цікаўнасць у людзей XXI стагоддзя. Прычым, для сучаснікаў гэтая зацікаўленасць не абмяжоўваецца толькі тэарэтычным досведам – адбываюцца спробы аднаўлення тагачасных культурных традыцый. Дзеля гэтага ладзяцца разнастайныя сярэднявечныя фэсты, адкрываюцца рыцарскія клубы і інш.

Развіццё музычнай культуры Вялікага княства Літоўскага, якое размяшчалася практычна ў цэнтры тагачаснай Еўропы, адбывалася ў непарыўнай сувязі з агульнаеўрапейскімі мастацкімі тэндэнцыямі.
На сённяшні дзень, першымі айчыннымі інструментальнымі калектывамі лічацца вялікакняскія капэлы Гедымінавічаў – Альдоны, Вітаўта і Ягайлы, з якіх і пачалося станаўленне прафесійнай музычнай культуры. Ансамбль Альдоны (Ганны) (1309/10 – 1339), дачкі вялікага князя Гедыміна і жонкі польскага караля Казімежа ІІІ Вялікага, з’яўляецца самай першай вядомай капэлай. З апісанняў польскага гісторыка Яна Длугаша (1415-1480) можна даведацца пра гэту вялікую князёўну, якая "Толькі забавам, танцам і весялосці была аддадзена, і настолькі, што куды б ні выязджала конна ці ў карэце, заўсёды наперадзе суправаджаў яе гурт спевакоў з арфамі, бубнамі, гуслямі, напяваючы песні і розныя мелодыі, што выклікала абурэнне многіх асоб…".
Вітаўт Вялікі падчас свайго панавання (1392-1430) усталяваў цесныя кантакты з прадстаўнікамі заходняй культуры, у прыватнасці з Тэўтонскім Ордэнам. У выніку гэтых сувязяў у ягонай капэле з’явіліся прафесійныя заходнія музыканты, а інструментарый значна папоўніўся перадавымі на той час заходнееўрапейскімі інструментамі. Так, існуюць звесткі аб тым, што ў 1408г. тэўтонцы падаравалі жонцы Вітаўта Ганне клавікорд (найстарэйшая згадка пра клавікорд у Еўропе!) і партатыў.
Значную ролю ў развіцці прафесійнага інструментальнага мастацтва беларускіх земляў эпохі Сярэднявечча адыграў і другі ўнук Гедыміна, кузэн Вітаўта – Ягайла (1386-1434), князь Крэўскі і Віцебскі, Вялікі князь Літоўскі, а з 1385г. – кароль Польскі. Ягоная капэла была сфарміравана адпаведна тагачаснаму еўрапейскаму ўзору. У яе склад была ўключана значная частка прафесійных інструментаў, неабходная для выканання рэпертуару, характэрнага для еўрапейскай музычнай практыкі. Разам з тым, ёсць звесткі, што ў рэпертуар капэлы ўключаліся і арыгінальныя творы мясцовых аўтараў, напісаныя па еўрапейскіх ўзорах (вакальна-інструментальныя творы Мікалая з Радомля і інш.).
Традыцыі прафесійнага інструментальнага музіцыравання, закладзеныя ў капэлах Альдоны, Вітаўта і Ягайлы, падоўжылі ў XVI ст. буйныя магнаты Вялікага княства Літоўскага (Сапегі, Астрожскія, Мікалай Радзівіл Чорны). Яны стваралі пры сваіх дварах высокапрафесійныя капэлы, дзе працавалі як замежныя, так і мясцовыя музыканты. Апрача таго, мецэнаты (каралі Жыгімонт ІІ Аўгуст (1548-1572), Жыгімонт ІІІ Ваза (1587-1632) запрасілі да сябе знаных пры еўрапейскіх дварах музыкантаў і кампазітараў: венгерскага лютніста і кампазітара Валянціна Грэфа Бакфарка (Bakfark, Bekwark 1506/07-1576), лютніста Дыямеда Като (Kato), ці Катона (Katon) або Ката (Kata) (1570 – пасля 1607), прускага кампазітара Сымона Берэнта (1585-1649).
Разам з тым, мясцовыя музыкі (Цыпрыян Базылік, Вацлаў з Шамотул, Крыштаф Клабан, Войцах Длугарай, Андрэй Рагачэўскі, Мікалай Гамулка, Ян Брант) па адукаванасці, прафесійнасці і таленавітасці не саступалі заходнееўрапейскім калегам. Яны папоўнілі скарбніцу агульнаеўрапейскай культуры эпохі Рэнесанса (XV-XVIIстст.) творамі высокага мастацкага ўзроўню, якія сведчаць аб тым, што музычнае мастацтва Вялікага княства Літоўскага мела свае асаблівыя традыцыі і заканамернасці развіцця.
Тое пацвярджае і Ягелонскі (Астрамечаўскі) рукапіс або "Полацкі сшытак" – адзін з найбуйнейшых зборнікаў усходнееўрапейскага барока, які змяшчае як інструментальныя, так і вакальныя творы. У 1962г. ён быў выклеены беларускім вучоным Адамам Мальдзісам з вокладкі ўніяцкага малітоўніка, што захоўваўся ў Ягелонскай бібліятэцы (Кракаў). Згодна з першапачатковай назвай сшытка, пэўны час лічылася, што малітоўнік паходзіць з Полаччыны. Але польскі музыказнаўца Е.Голас высветліў берасцейскае (вёска Астрамечава) ўкладанне рукапісу. Змест сшытка складаюць танцы заходнееўрапейскага (бергамаска, павана, сарабанда) і славянскага (казачок, мазур) паходжання; інструментальныя ансамблі, буйныя сольныя творы (фантазіі, канцоны).
Вядомым помнікам кантавага мастацтва з’яўляецца зборнік "Куранты"(1733), які яднае чатыры сшыткі песень лірычнай тэматыкі. Назва зборніка, хутчэй за ўсё, абумоўлена менавіта тэматычнай скіраванасцю песень, бо курантамі ў XVIII стагоддзі называлі любоўныя песні і свецкія лірычныя канты, як звязаныя, так і не звязаныя з рытмікай старадаўняга танца куранта.
Яшчэ адным яркім прыкладам творчага пераўтварэння агульнаеўрапейскіх тэндэнцый ў музычным мастацтве Вялікага княства Літоўскага з’яўляецца "Віленскі сшытак" (1600) – зборнік свецкай побытавай песенна-танцавальнай музыкі. Творы, змешчаныя ў ім, па часе напісання (прыблізна канец XVI ст.) адносяцца да эпохі Рэнесанса і адпавядаюць тагачасным музычным жанрам, якія мелі агульнаеўрапейскае пашырэнне (рычэркары, такаты, разнастайныя тагачасныя танцы, апрацоўкі канцон і іншых вакальных твораў.) Аўтарам некаторых з іх, а, магчыма, і ўсяго зборніка, быў Дыямед Като (Ката), прыдворны кампазітар і лютніст караля Жыгімонта Вазы. "Віленскі сшытак" дайшоў да нас у двух запісах – арганнай і лютневай табулатурах. Рукапіс захоўваецца ў віленскіх зборах.
У сучаснай музыцы зварот да Сярэднявечча выліўся ў фарміраванне асобнага напрамку – medieval music. На Беларусі адным з першых у гэтым стылі пачаў працаваць у 1992 годзе баранавіцкі гурт "Контрданс", які зараз вядомы пад назвай "Lituus". З гэтага часу на медыевальнай сцэне з’явілася даволі вялікая колькасць гуртоў. Але, уласна, аднаўленнем сярэднявечных музычных традыцый займаюцца толькі некалькі з іх – "Lituus", "Стары Ольса", "Брэвіс", "Ліцвінскі Хмель" і "Artes Liberales". Поруч з сярэднявечнай заходнееўрапейскай музыкай амаль што ўсе названыя гурты (за выключэннем "Ліцвінскага Хмелю") уключаюць ў свой рэпертуар творы музычнай спадчыны Вялікага княства Літоўскага. І не дзіўна! Бо па сваім мастацкім узроўні яны не саступаюць лепшым еўрапейскім узорам тагачаснай музыкі. Ну а тое, што творы музычнага мастацтва Вялікага Княства, створаныя ў так званыя "цёмныя" сярэднявечныя часы, выконваюцца і карыстаюцца поспехам зараз, прайшоўшы выпрабаванне стагоддзямі, гаворыць само за сябе…

 

Анатоль Мяльгуй
На цёмным баку Традыцыі

Фэст «CRIVIA AETERNA. Архаіка і сучаснасць» – адзіны ў Беларусі фестываль neo-folk і dark-wave-музыкі. Пад гэтымі, здавалася малазразумелымі музычнымі тэрмінамі, хаваюцца і сучасныя выканаўцы фальклору, і эксперыментатары ў галіне “цёмнай” электроннай музыкі, і тыя, хто аб’ядноўвае ў адзінае цэлае гэтыя напрамкі сучаснай незалежнай музычнай культуры.

Цікава, што правядзенне фэсту ініцыявала расійская выдавецкая кампанія “Stigmata”. Тым не менш, назва імпрэзы CRIVIA AETERNA (“Крывія назаўсёды” ці “Крывія вечная”) была прапанавана выключна ў звязу з гісторыяй Беларусі. Мо таму арганізатары, каб не адыходзіць ад звышзадачы фэста, што адлюстравалася ў назве, аддалі перавагу беларускім выканаўцам. Але фестываль – жаданая пляцоўка і для гасцей нашай сталіцы. Сёлета на CRIVIA AETERNA завітаў культавы расійскі dark-folk-дуэт MOON FAR AWAY з Архангельска, які прадставіў на суд беларускіх слухачоў апрацоўкі фальклору рускай Поўначы. Але гэты выступ быў на заканчэнне фэсту…
А адкрыць імпрэзу, што гэтым разам праводзілася ў мінскім клубе “Step”, арганізатары даручылі маладому гомельскаму праекту SVALBARD. Як і многія выканаўцы “цёмнай” электроннай музыкі, SVALBARD у канцэртах выкарыстоўвае фанаграму, на якой запісаны электронныя інструменты, “жывым” у выступе гучыць толькі вакал. Бадай, гэта адзіны выпадак, калі выкарыстанне фанаграмы не лічыцца асаблівай заганай. Бо ў гэтым спецыфіка канцэртнай падачы такой музыкі.
Што ж тычыцца музыкі SVALBARD, то яна прадстаўляла своеасаблівы кактэйль з “гатычных” аранжыровак маркотных і панурых мелодый. У той жа час голас выканаўцы, які мае даволі шырокі вакальны дыяпазон, выяўляў драматычную сутнасць тых ці іншых кампазіцый. У выкананні SVALBARD прагучалі песні на вершы аўстрыйскага класіка Райнера Марыя Рыльке (у перакладзе Барыса Пастэрнака), нямецкамоўныя творы, кампазіцыі на вершы рускіх паэтаў. Беларуская тэматыка была прадстаўлена электронным творам паводле паэмы Пятруся Броўкі “Беларусь” і мела заўважную фальклорную арыентаванасць.
Цікавыя электронныя эксперыменты прапанаваў вядомы магілёўскі выканаўца электроннай музыкі і крывіцкі філосаф, які выступае пад псеўданім Войст. Ён стваральнік праекта PRAGNAVIT, які прэзентаваў сталічным слухачам свой чарговы дыск «Svietacjam», што быў выдадзены на лэйбле «Crivia Records» у Расіі. Безумоўна, каб зразумець творчую накіраванасць праекта PRAGNAVIT, аднаго праслухоўвання не дастаткова. Патрэбна вывучэнне гістарычных і філасофскіх пошукаў, які вядзе Войст. Іх вынікі былі прадстаўлены на сцэне фэста CRIVIA AETERNA ў выглядзе тэатралізаванай містэрыі, галоўнай дзеючай асобай якой стаў крывіцкі Жрэц, які здзяйсняў таямнічыя рытуалы, чытаў чароўныя замовы і святыя тэксты. Па словах аўтара, задума альбома «Svietacjam» – пасвячэнне зацікаўленых слухачоў у патаемны сэнс спадчыны і светаўяўлення нашых продкаў – Крывічоў.
У сцэнічнай містэрыі Войста гучыць не толькі складаныя для асэнсавання электронна-музычныя комплексы, але і даўнейшыя акустычныя інструменты – беларуская дуда і акарына, на якіх гралі калегі Войста, ўдзельнікі магілёўскага гурта OSIMIRA Андрусь Палаўчэня і Кастусь Канцавы. Гукі старажытных інструментаў быццам бы вярталі слухачоў у сусвет беларускай Атлантыды – Крывіі, запачаткоўвалі рытуал адраджэння крывіцкай Традыцыі…
Нягледзячы на тое, што праграма «Svietacjam» у выкананні музыкаў праекта PRAGNAVIT прагучала ў канцэртным, больш сціслым варыянце, ягонае музычнае і сцэнічнае ўвасабленне не пакінула абыякавымі слухачоў, якія цёпла прынялі эксперыменты ўдзельнікаў PRAGNAVIT. Думаю, было б справядліва, каб гэтая грандыёзная музычна-сцэнічная дзея ў поўным яе варыянце была прадстаўлена і на Радзіме.
Рытуал-фолк-гурт ESSA на гэтым фестывалі выступіў без свайго лідэра і заснавальніка – знакамітага музыкі і майстра Тодара Кашкурэвіча, які знаходзіўся ў Літве. Вольнае месца ў гурце заняў вучань Тодара – дудар Дзяніс Сухі. Удзельнікі ESSA прапанавалі слухачам твор, які тэматычна адпавядаў скіраванасці фэсту – музычную кампазіцыю паводле беларускага фальклору “Жніўная містэрыя”. У гучанні гурта ESSA спалучаліся мелодыі для дуды, гусляў, а таксама складаныя, багата інтаніраваныя вакальныя партыі Святланы Клепікавай, Вольгі Дзядовік і Аляксандры Емельянавай. Трэба адзначыць, што музыканты знайшлі той патрэбны баланс інструментальнага і вакальнага гука, які робіць ESSA ўнікальным калектывам на беларускай пост-фолк-сцэне.
Наступную фестывальную прэм’еру прапанаваў мінскім слухачам магілёўскі гурт OSIMIRA, які прэзентаваў кампазіцыі са свайго новага альбому “DRUVA”. Па сваёй акустычнай атмасферы гэта праца значна адрозніваецца ад папярэдняга  альбому “Прошча”. Яе адрозненні ў тым, што ў музыцы OSIMIRA стала менш “электрычнага” гуку, затое акустычны складнік музыкі быў заўважна пашыраны. На запісу стала больш гукаў і партый дуды, акарыны… Па-новаму загучалі ў альбоме сурмы, жалейкі, колавая ліра, дудкі, парняты, вурган, шархуны, чароткі і шмат іншых музычных артэфактаў.
Мо таму слухачы з такой зацікаўленасцю слухалі песні OSIMIRA, што адчулі навізну і творчы пошук знаных музыкаў, якія цяпер збольшага гастралююць па краінах Еўропы і ў Расіі. Лепшыя песні з новага альбома “Яр’еў Конь”, “Страла”, “Я скакала, плясала”, “Правяду русалку” былі з вялікай цікавасцю ўспрыняты слухачамі. А іх гарачыя апладысменты – адзнака творчага падыходу музыкаў да пярлін нацыянальнай фальклорнай скарбонкі. Нельга не адзначыць індывідуальны ўклад у поспех OSIMIRA яго лідэра, цудоўнага выканаўца і аранжыроўшчыка Андруся Палаўчэні, віртуоза-інструменталіста Кастуся Канцавога, вакалістак Вольгі Брацянковай і Вольгі Пытковай. На жаль, гэтым разам не ўдалося адчуць асалоду ад віртуознасці і артыстычнасці скрыпачак OSIMIRA Кацярыны Донды і Ларысы Прэабражэнскай, якія не ўдзельнічалі ў гэтым канцэрце.
Завяршыць канцэртную праграму фэста «CRIVIA AETERNA. Архаіка і сучаснасць», як і ў мінулым годзе, было даручана архангелагародцам – dark-folk-дуэту MOON FAR AWAY. Яго ўдзельнікі, якіх ведаюць пад псеўданімамі COUNT ASH (кампазіцыя, гітара, клавішныя) і ANASTASIA (вакал) прадставілі беларускім слухачам вельмі светлыя, меланхалічныя мелодыі, характэрныя для еўрапейскага музычнага неакласіцызму і фальклору Поўначы Расіі. Слухачоў асабліва захапіла выканаўчая манера вакалісткі ANASTASIA, якая здолела перадаць самыя тонкія нюансы фальклорных і аўтарскіх твораў гурта. Мне ж асабіста падалося, што многім тутэйшым рускамоўным выканаўцам трэба было б у парадку загада пазнаёміцца з бездакорным вымаўленнем расіянкі ANASTASIA, каб яшчэ раз упэўніцца, што іх “тутэйшая” руская мова – пародыя на “великий и могучий”.
Як і беларусы, удзельнікі MOON FAR AWAY цяпер не толькі ствараюць кампазіцыі ў стылістыцы dark-wave dark-folk, але і звяртаюць пільную ўвагу на спадчыну свайго народа. І робяць гэта творча, па-за камерцыйнай накіраванасцю. Гэта вельмі важна, бо з рускім фальклорам у Беларусі знаёмыя толькі паводле рэпертуару “разухабістых” Бабкінай ды Кадышавай! Таму важны элемент праграмы фэсту «CRIVIA AETERNA. Архаіка і сучаснасць» – знаёмства беларускіх слухачоў са спадчынай суседняга народа таксама быў выкананы. Але гэтага, відавочна, недастаткова. На мой погляд, фэст патрабуе пашырэння, у першую чаргу стылістычнага і геаграфічнага. Ды і працягласці ў адзін дзень для такой імпрэзы ўжо яўна недастаткова.

 

Анатоль Мяльгуй
Купальскае кола

Беларускае Купалле прайшло праз стагоддзі неспакойнай і супярэчлівай нацыянальнай гісторыі, на працягу якой змянялася ў залежнасці ад патрабаванняў часу, але дагэтуль захавала прыгожую і рамантычную сістэму абрадавых дзеянняў, павер’яў, варажбы, ігрышчаў ды песень. Сёлета ў Мінску гэта дахрысціянскае свята набыло незвычайнае ўвасабленне – вылілася ў І Міжнародны фестываль “Купальскае кола”, у якім прынялі ўдзел беларускія, украінскія і расійскія музычныя гурты так званага pagan-metal стылю.

Ідэя pagan-metal-фэсту належыць лідэру гурта “ZNICH” Алесю Таболічу, які, дарэчы, падчас святкавання ўзяў на сябе ролю князя Купаліша. Ну а першым калектывам, што распачаў фэст, стаў беларускі гурт “ЛЮТАВЕР’Е”, які ў сваёй творчасці прытрымліваецца ідэі славянскага адзінства. І таму назвы песень гурта адпаведныя: “Рось”, “Рускі ўдзел”, хоць і выконваюцца яны па-беларуску.
Купальскае свята маладыя музыкі іншага гурта “ПЯРЭВАРАЦЕНЬ” віталі адпаведнай “Купальскай песняй”. Былі ў выступленні калектыва і новая песня-візітоўка “Пярэварацень” ды кавер на твор гурта "Цемназор" з назвай “Сокалы ляцяць”. Гэтыя кампазіцыі далі падставу гаварыць пра новы ўзровень выканаўчага майстэрства, стылявога сінтэзу і вядомасці гурта.
Слухачы горача віталі сваіх фаварытаў – гурт “LITVINTROLL” і яго харызматычнага лідэра Андрэя Апановіча. Але цяпер гераіняй сцэны стала беларуская дуда Андрэя – без гэтага інструмента нельга ўявіць філасофію дахрысціянскага светапогляду нашага народа! І што б там ні казалі крытыкі, спасылаючыся на падабенства “LITVINTROLL” да зоркі сусветанага pagan-metal “IN EXTREMO”, беларускі гурт дэманструе адметнасць гучання, у першую чаргу праз адмысловыя малюнкі музычных твораў і незабыўны тэмбр беларускіх дудаў. Нават іх “Шатландзец” пад гукі тамтэйшай валынкі - хайленда мае “беларускі акцэнт”. Адметнасць стылю можна было адчуць таксама падчас выканання песняў “Лысы верабей”, “Змрок”, “Дуброва”. Ну а візітоўку гурта – песню “Пахне чабор” на вершы Петруся Броўкі – спявалі разам усе прысутныя.
Падзеяй стаўся выступ гурта з Украіны “ТІНЬ СОНЦА”. “Гарны ўкраінскі парубкі” прапанавалі вельмі меладычны і тэхнічна дасканалы “хуткі” metal-rock. Музыкі добра вядомыя ў Беларусі па ўдзеле ў трыб’юце (прысвячэнні) легендарнаму беларускаму гурту “GODS TOWER”. Беларускія слухачы і крытыкі ў адзін голас адзначылі запамінальную інтэрпрэтацыю песні “Twilight Sun”, якая ўвайшла на трыб’ют пад назвай “Пісня Чугайстра”. Уразіў таксама інструментарый украінцаў, дзе была шыкоўнага выгляду бандура з запаленымі на грыфе пахучымі зёлкамі. Надзвычай ярка і запамінальна гучала яна ў сольных партыях і разам са скрыпкай ды гітарай. Да таго ж артыстычныя ўкраінцы падчас свайго выступу паказалі сапраўднае рок-шоу: яны ўвесь час мяняліся месцамі на сцэне, танчылі гапак з інструментамі, здзіўлялі віртуознымі гітарнымі “трукамі” і вялі нязмушаны дыялог з публікай. Героіка-патрыятычная тэматыка песень гурта “ТІНЬ СОНЦА” хутка знайшла падтрымку ў сэрцах яго беларускіх прыхільнікаў, якія раскупілі ўсе дыскі, прывезеныя калектывам у Мінск.
Больш просталінейны па структуры, але энергічны pagan-metal адыгралі на “Купальскім Коле” расійскія госці – гурт “ALKONOST”. Іх стылёвая адметнасць – “цяжкі” саунд, над якім лунае магутны і высокі, класічна пастаўлены голас вакалісткі. Музыкі выконваюць шмат кампазіцый славянска-фэнтэзійнай, ваяўнічай тэматыкі (war-pagan-metal) ды ўслаўляюць Завяршыў фестываль выступ айчыннага гурта “ZNICH”, які выканаў лепшыя песні са свайго рэпертуару: “Крыжы-абярэгі”, “Крыва-Крывейта”, “Беларусь”, “Язычнік Я”. Поруч з Алесем Таболічам на сцэне вылучаўся дудар – фактурны Кастусь Трамбіцкі. Поспех на апошнім “Дударскім фэсце” дадаў Кастусю імпэту, што станоўча адбілася на выступленні ўсяго калектыва.


Реклама на сайте




Друзья и партнёры


Защита прав потребителей.