Легенды Вялікага Княства. Старажытная зямля. 2003
Альбом "Легенды Вялікага Княства. Старажытная Зямля." рабіўся па слядох першага надзвычай паспяховага праекта, і ў поўнай меры яго можна было б назваць, як і кінастужкі, што выходзяць пасля нашумеўшага бестселера, "Легендамі Вялікага Княства – 2". "Старажытная зямля" таксама сталася адметнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі, але (як тое найчасцей бывае і ў кіно) не змагла паўтарыць поспеху першага праекту. Чаму? Па-першае, таму, што ад пачатку была запраграмавана на паўтарэнне ідэй, закладзеных у папярэднім альбоме, бракавала "свежых" рашэнняў, ды і само стварэнне яго адбывалася ў надзвычай экстрэмальных умовах, зморанымі няпростым існаваннем ў Беларусі творчымі людзьмі. Што далей? У кіно зазвычай выходзіць стужка "Як мы здымалі Цітанік-1 і Цітанік-2", у якой актыўна выкарыстоўваюцца кадры што не ўвайшлі ў фінальны варыянт. Калі "Легенды" пойдуць гэткім жа шляхам, то нічога кепскага ў тым не будзе, бо, паверце, "за бортам" засталося шмат вартых твораў. Хаця, наколькі я ведаю, у прадзюсера гэтай серыі Арыны Вячоркі ёсць ідэі палепш...
Легенды Вялікага Княства. 1999
"Легенды Вялікага Княства" – першы з серыі дыскаў, аб'яднаных унікальнай канцэпцыяй – праз голас ды гукі інструментаў данесці да слухача дух Сярэднявечча й Рэнесансу. Яго з'яўленне сталася ў пэўным сэнсе рэвалюцыйнай падзеяй у культурным жыцці Беларусі і паклала пачатак шырокага прызнання музыкі напрамку медыеваль.
На дыску былі прадстаўлены ўзоры музычнага фальклору і музыкі часоў Вялікага княства, творы сучасных кампазітараў. Усе разам яны склалі музычны партрэт нашае краіны эпохі росквіту.
Працаваць над гэтым альбомам было цікава, гэтак жа як і ісці сцежкай, якой яшчэ ніколі ніхто не хадзіў. Альбом меў некалькі пілотаў, працяглы час апрабоўваўся, перарабліваўся. У выніку колькасць музычнага матэрыялу пераўзышла фармат дыска. Таму многія з "легенд" цяпер можна пачуць толькі на нешматлікіх "пілотах", якія з цягам часу набылі вартасць рарытэтаў.
Вялікае Княства. The Best SE. 2008
Гэта ўжо трэцяе выданне альбома, які з'явіўся ў 1993 годзе пад назовам "Голас Дажджу" і быў перавыдадзены ў 2004 як "The Best". Што ў цяперашнім? Усё тыя ж выдатныя музыканты "Вялікага Княства", фірменны саунд пачатку 90-х, якасныя акустычныя інструменты. Дадалося новае візуальнае рашэнне, упершыню альбом дапоўнены тэкстамі песень. У ім сабрана ўсё, што тычыцца гэтага праекта.
Выданне ў пэўным сэнсе вымушанае, бо папярэднія тыражы памерам у некалькі соцень адзінак разыходзіліся літаральна за некалькі месяцаў, і ў выніку было шмат "пакрыўджаных". Зараз запланаваны вялікі наклад.
Сімвалічна яшчэ і тое, што першы альбом гурта "Вялікае Княства" з'явіўся напярэдадні шырокай папулярнасці музыкі медыеваль (і яе адгалінаванняў), а цяпер перавыдаецца ўжо на заміранні настальгіі па сярэднявеччу.
Дзеля Бога і Вялікага Княства даўняй Рэчы Паспалітай. 2004
Гэтую кнігу склалі працы вядомых навукоўцаў і даследчыкаў даўніны Беларусі і Польшчы: Анатоля Грыцкевіча, Валерыя Пазднякова, Ганны Дылаговай, Віктара Слівоўскага, Аляксандра Стральцова-Карвацкага, Вячаслава Шведа, Аляксандра Радзюка, Андрэя Вашкевіча, Ігара Кузняцова, Леаніда Ваўчка і інш. Галоўная тэма іх доследаў – становішча шляхты, духавенства і сялянаў каталіцкага веравызнання на землях Вялікага Княства Літоўскага ў XVIII – першай палове XX стагоддзя.
Паводле слоў укладальніка і рэдактара выдання А. Стральцова-Карвацкага, яно неабходна для таго, "каб досьвед мінулых пакаленьняў польска-літоўскай эліты быў знаны, каб быў тыражаваны і каб гэтыя матэрыялы трапілі да свайго чытача на палічку і ў бібліятэку, і выхавалі яшчэ не адно пакаленьне патрыётаў і каталікоў".
Мой край і яго людзі ў Вялікім Княстве. 2004
Праект "Мой край і яго людзі ў Вялікім Княстве" вылучаецца сярод іншых тым, што ў ім прымалі ўдзел навучэнцы школ, ліцэяў, гімназій, каледжаў, ПТВ і тэхнікумаў з розных абласцей Беларусі. У адвольнай форме (сачыненняў, эсэ, інтэрв’ю, малюнкаў, калажаў) яны выявілі ўласнае веданне і разуменне гісторыі Вялікага княства Літоўскага, а найперш ролі сваёй малой радзімы і яе выбітных асоб у лёсе гэтай магутнай дзяржавы.
Праца вымагала не проста добрага валодання фактычным матэрыялам – гістарычнымі звесткамі, але і ўмення глыбока пранікнуць у сутнасць падзей, што адбываліся ў пэўнай мясцовасці, убачыць іх перадумовы і наступствы, звязаўшы са шматвяковай гісторыяй Вялікага Княства.
Сярод агульнай колькасці вучнёўскіх работ (больш за тры дзесяткі) адзінаццаць атрымалі вышэйшую ўзнагароду – дыплом першай ступені, і менавіта яны складаюць гэты зборнік.