Уладзімір Давыдоўскі У XIII стагоддзі назоў Літва альбо Лютва быў надзвычай распаўсюджаны на славянскіх землях. Існавалі, а часткова і засталіся такія селішчы ў Чэхіі, Славаччыне, на Смаленшчыне. Свая “Літва”, а дакладней “terra Lytua” была нават у Румыніі. Прычым, царкоўныя службы і дзяржаўнае справаводства там вяліся на славянскай мове. Шмат такіх мястэчак і на абшарах тагачаснай цэнтральнай Беларусі. Паміж Наваградкам і Менскам. Таму не дзіва, што дзяржава, якая ўзнікла на гэтых землях, займела менавіта такую назву. Князь Міндоўг – заснавальнік Вялікага Княства – па характары і вобразу жыцця быў ваяром. Па тактыцы – стратэгам. Па светапоглядзе – як і бальшыня тагачасных ліцвінаў – язычнікам. Як і ў жыцці кожнага сапраўднага мужчыны і тым больш ваяра, у Міндоўга была свая ракавая жанчына. А пачалося ўсё са скону яго другой жонкі – Марты, якая дала мужу дзіўны наказ: пасля яе смерці ажаніцца з яе роднаю сястрою, жонкаю нальшчанскага князя Даўмонта. Міндоўг выканаў апошнюю просьбу Марты і падманам ды сілаю ўзяў за сябе чужую жонку. Але пры гэтым прыдбаў лютага ворага ў асобе Даўмонта. Гэтае забойства скаланула жыццё Вялікага Княcтва і яго суседзяў настолькі, што сведчанні пра яго занатаваныя як ва ўсходніх так і заходніх летапісах. Прычым, усе летапісцы асуджаюць завадатараў і выканаўцаў забойства...
Ліцвінскія хронікі. Міндоўг
(фрагменты)
Адметна і тое, што заснавальнік Вялікага Княства, князь Міндоўг альбо Міндаў меў па сцверджанню лінгвістаў славянскае імя. А калі ўзгадаць выснову гісторыка Ермаловіча пра тое, што Міндоўг мог з'яўляцца нашчадкам полацкага князя Рагвалода і правесці паралель – Літва-Лютва-Люты – навідавоку славянскія вытокі. Што, зрэшты, не супярэчыць ідэі славяна-балцкага субстрата. Тым не менш, ідэнтыфікацыя Літвы дагэтуль застаецца адным з найбольш дыскусійных пытанняў. Хаця першапрычына спрэчак палягае хутчэй у палітыцы, чым жаданні аднавіць гістарычную праўду.
Тым не менш, у 1246 годзе Міндоўг прымае праваслаў’е, пасля чаго заможны Навагрудак абірае яго сваім князем. Але такое рашэнне сыходзіць не толькі з рэлігійных меркаванняў ды набожнасці заможных наваградчан. Яны робяць стаўку найперш на ваярскі вопыт Міндоўга. І маюць рацыю. Ужо праз тры гады княжання раздробленая на маленькія княствы Літва пераходзіць пад адзіную ўладу Міндоўга.
Пры гэтым Міндоўг назаўсёды губляе сваіх былых саюзнікаў. Паўднёвае Галіцка-Валынскае княства – цяпер яго зацяты вораг. На землях пляменнікаў Таўцівіла ды Эдзівіда пачынаецца мяцеж. Да іх далучаюцца жамойцкі князь Вікінт, Лівонскі Ордэн ды Рыжскае арцыбіскупства.
Каб разбурыць гэтую кааліцыю Міндоўг ідзе на прамыя зносіны з Рымам і прымае хрышчэнне паводле каталіцкага абраду. Такі крок дае магчымасць не толькі закончыць вайну з найменшымі стратамі, але і надаць ліцвінскім землям статус еўрапейскай дзяржавы – статус, які на той час можна было атрымаць толькі з рук Папы Рымскага.
Перамовы аб хрышчэнні пачаліся яшчэ ў 1251 годзе. Ліцвінскія паслы сустрэліся з Папай Рымскім Інакенціям IV ў яго міланскай рэзідэнцыі. І неўзабаве Інакенцій IV выдае булу аб тым, што прымае “новае Літоўскае каралеўства да права і ўласнасці Святога Пятра”. А свайму біскупу Кульмскаму дае наступны наказ: “Даручаю... нашаю ўладаю каранаваць Міндова на караля ўсяе Літовіі і ўсіх земляў, якія ён з дапамогаю сілы Божае ўжо вырваў ці вырве з рук няверных. Учыні таксама, каб усе прысутныя там безумоўна падпарадкоўваліся яму як каралю ва ўсім, што датычыць каралеўскай годнасці. Але так, каб і ён сам і ягоныя наступнікі прызнавалі, што згаданае каралеўства і памянёныя землі яны атрымалі навечна з апостальскага пасаду”.
Неўзабаве папскі пасланец выпраўляецца ў Літву для хрышчэння і каранацыі Міндоўга каралеўскай каронаю. Каранацыя адбываецца ўлетку 1253 года (па іншых звестках увесну 1252 года) ў Наваградку. Якраз з гэтага моманту і пачынаецца гісторыя Каралеўства Літовія (Лютовія) альбо Вялікага княства Літоўскага – першае дзяржавы нашых продкаў.
На жаль, першы саюзнік Вялікага Княства – Лівонія – нічым не дапамагла Міндоўгу ў ягонай барацьбе з Галіцка-Валынскім князем Данілам. Больш таго, няўдачы ў гэтай вайне прымусілі Міндоўга пакінуць Навагрудак...
Аднак ваярскае жыццё вялікага князя на гэтым не скончылася. І, калі ў 1258 годзе на Літву рушыў татарскі хан Бурундай (у летапісах – “Кадан”) Міндоўг паўстае з небыцця і вядзе сваё войска ў бой. Праўда, сёння пра тую перамогу Мідоўга над Каданам (Койданам) сведчаць толькі легенды і назва мястэчка, якое ад таго часу завецца – Койданава...
Тагачась у Куроніі, Земгаліі і Жамойціі ўзнімаецца паўстанне супраць крыжакоў. Жамойцкія ўладары на чале з князем Транятам звяртаюцца да Міндоўга па дапамогу. Міндоўг парывае адносіны з Ордэнам, выракаецца каталіцкай веры, абвяшчае сябе язычнікам і ідзе ратаваць язычніцкую Жамойцію. Разам ліцвіны і жамойты перамагаюць крыжакоў. Але жамойцкія магнаты хутка забываюцца на сяброўскую паслугу і ўпотай рыхтуюць змову цяпер ужо супраць Міндоўга. Іх мэта – ліцвінскі трон і карона.
Транята і Даўмонт – іх саюз стане для Міндоўга ракавым...
Адчуваючы нядобрае, напрыканцы 1262 года Міндоўг выпраўляецца ў Рым. Там ён просіць у Папы Рымскага Урбана IV дараванне за разрыў з хрысціянствам і вяртаецца ў каталіцтва. Затым выпраўляецца на вайну. Але цяпер галоўную небяспеку для яго ўяўляюць ужо не ворагі, а саюзнікі.
У 1263 годзе нальшанскі князь Даўмонт і жамойцкі Транята, паразумеўшыся, наважваюцца на забойства. Заманіўшы Міндоўга ў пастку, яны забіваюць яго разам з двума сынамі.
У краіне пачынаецца хаос, перадзел улады ды земляў. Здзяйсняецца шэраг палітычных забойстваў. У выніку – да ўлады прыходзіць найбольш жорсткі і разліковы з прэтэндэнтаў – князь Транята.
На гэтым і заканчваецца жыццялетапіс першага караля літоўскага Міндоўга. Зрэшты, гісторыя гэтая мае свой паскрыптум...
У 1618 годзе каля мястэчка Аглона ў Лівоніі была знойдзеная мармуровая пліта з напалову сцёртым надпісам: “Mendocus Dux Lithuanas...”, і датай – 12 верасня 1263 года. Лічыцца, што гэтая пліта стаяла на магіле Міндоўга, на месцы яго забойства. Тым не менш, народныя паданні запэўніваюць, што пахаваны Міндоўг ў Наваградку. А на месцы яго магілы насыпаны вялікі курган, які дагэтуль завуць гарой Міндоўга...
Наталля Якавенка
Ab actu ad potentiam
(Ад сапраўднага да магчымага)
Нехта з сатырыкаў сказаў, што гісторыя пачынаецца тады, калі ўжо нічога немагчыма праверыць. Як у кожным жарце, тут ёсць доля праўды, ды не малая. І што самае цікавае, пры тых жа ўмовах часам робяцца гістарычныя адкрыцці. Пра адно з іх і пойдзе далей гаворка.
У 2003 годзе літаратуразнаўца Жанна Некрашэвіч-Кароткая наведала кракаўскую бібліятэку князёў Чартарыскіх, каб бліжэй пазнаёміцца з шэдэўрам беларускай паэзіі эпохі Адраджэння – "Песняй пра зубра" Міколы Гусоўскага. Справа ў тым, што арыгінальнае выданне гэтага твора захавалася (і знаходзіцца ў названай бібліятэцы) ў адзіным экземпляры збору твораў паэта, які пабачыў свет у 1523 годзе ў друкарні Хераніма (Гераніма) Ветара. Гартаючы старонкі рарытэтнага выдання, даследчыца убачыла нешта незвычайнае…
"На апошняй старонцы экземпляра бібліятэкі князёў Чартарыскіх, – распавядае Ж.Некрашэвіч-Кароткая, – паўстаў перад маімі вачыма намаляваны бюст з тварам, павернутым у профіль, на пастаменце, што стаіць на ўзгорку, парослым травою. Дзівосная выява з трох бакоў заключана ў рамку і знаходзіцца ў атачэнні некалькіх надпісаў, зробленых на трох мовах: лацінскай, старагрэчаскай і старагабрэйскай. Зверху – па-лацінску: "Лепш за ўсё звычайна запамінаецца апошняе". Ніжэй, у непасрэднай блізкасці да партрэтнай выявы – ізноў па-лацінску: "Не прызнаю аніякай мяжы", прычым слова "мяжа" (terminus) напісана на "пастаменце". Яшчэ ніжэй – зноў па-лацінску: "Чалавеку прызначана чакаць дзень, і не саграшыш у вяках". Ніжэй – па-старагрэчаску: "Будзьце пільнымі, бо не ведаеце ані дня, ані часу". Нарэшце, самы ніжні надпіс – па-старагабрэйску: "Блаславёны Бог навечна, амэн, з апошнімі днямі Яго". Уздоўж левай рамкі партрэтнай выявы – надпіс па-старагрэчаску: "Ты бачыш канец доўгага жыцця". Уздоўж правай рамкі – надпіс па-старагабрэйску: "Ты зрабіў, і гэта не праміне" ("Звязда", 31 мая, 2003г.).
Даследчыца ўпэўнена – гэта партрэт Міколы Гусоўскага! Патлумачу: гісторыя не захавала партрэтнай выявы ці апісання знешнасці паэта (у адрозненні ад Ф.Скарыны, які змяшчаў свае гравюрныя партрэты ва ўласных выданнях). Усе выявы М.Гусоўскага, якія можна ўбачыць у падручніках, на асобных карцінах і г.д. – плод фантазіі і ўяўлення сучасных мастакоў: А.Кашкурэвіча, Э.Агуновіча, Я.Куліка, В.Басалыгі, М.Селяшчука, А.Марачкіна, М.Купавы. Адкрыццё сапраўднага партрэта славутага паэта было б сенсацыяй. Чаму было б? Таму што з Ж.Некрашэвіч-Кароткай шмат у чым можна паспрачацца (дарэчы, ніхто з вядомых і аўтарытэтных беларускіх навукоўцаў, такіх як А.Мальдзіс, В.Чамярыцкі, не пацвярджаюць яе вынаходніцтва).
Лацінскае слова "terminus" мае акрамя значэння "мяжа" яшчэ адно: Тэрмінусам называўся Бог Мяжы. І тое, што гэта подпіс на пастаменце, дазваляе лічыць знойдзены партрэт выявай бажаства. Змешчаныя ля яго выказванні абсалютна не пярэчаць таму, бо гавораць аб прамежкавым стане чалавечага існавання – паміж жыццём і смерцю, аб вартасці і дарэмнасці чалавечых спраў. Да таго ж, надта сумніўным здаецца сам так званы партрэт. Хіба ў традыцыях рэнесансавай культуры ствараць такі вобраз дзеяча, што ўваходзіў у склад польска-літоўскай дыпламатычнай місіі, ды ў кнізе з прысвячэннем каралеве Боне Сфорца? Узгадайце тыя ж скарынаўскія партрэты, дзе няма ні растрапаных ветрам валасоў, ні аголенага торсу.
Магчыма, знаходка Ж.Некрашэвіч-Кароткай – не партрэт М.Гусоўскага, а друкарскі знак выдаўца. Для таго, каб дакладна гэта ведаць, трэба, насуперак сцверджанню аб немагчымасці праверкі гістарычных фактаў, даследаваць іншыя выданні Хераніма Ветара. Так бывае ў гісторыі: няверны крок прыводзіць да адкрыцця новых шляхоў.
Наталля Якавенка
Ad impossibilia nemo obligatur
(Да немагчымага нікога не абавязваюць)
Гісторыя, безумоўна, дама капрызная: часта мяняе свае погляды, шмат чаго недагаворвае, нярэдка хлусіць. Затое сумаваць з ёй не даводзіцца – можа падкінуць сюрпрыз там, дзе, здавалася б, не павінна існаваць ніякіх праблем. Прыкладам нават гісторыя беларускай літаратуры.
Здаўна павялося, што "яблык раздору" прыносіць жанчына. Так і ў айчыннай гісторыі: Жанна Некрашэвіч-Кароткая знайшла "партрэт" Міколы Гусоўскага, а прафесар Ніна Мечкоўская нечакана паставіла пад сумненне аўтарства камедыі "Пінская шляхта", якую, як дагэтуль было вядома і навукоўцам, і школьнікам многіх пакаленняў, напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Але пра ўсё па парадку.
Створаная ў 1866 годзе, "Пінская шляхта" была знойдзена ў архіве калекцыянера старажытнасцяў Аляксандра Ельскага ў 1884г, пасля смерці В.Дуніна-Марцінкевіча, а затым і ў архіве этнографа і фалькларыста Яна Карловіча (відаць, існавала некалькі спісаў камедыі). Пры жыцці пісьменнік ніводнага разу не згадаў пра гэты твор як уласны. Між тым, у знойдзеных рукапісах яго почарк.
П’еса зусім не падобная на ўсе папярэднія творы В.Дуніна-Марцінкевіча. Узяць хаця б "Ідылію" – "Пінская шляхта" на парадак вышэй па стылі, сюжэтабудаванні, тэматыцы. Няўжо драматург перарос сам сябе? Калі нават так, чаму тады не абнародаваў новы звышудалы твор? Прыкладна тыя ж пытанні ўзніклі і ў Ніны Мечкоўскай. Свае адказы на іх яна апублікавала ў альманаху "Wiener Slawisticxer" (BD.46, 2000г.) і патлумачыла для айчынных СМІ ("СБ" за 30.06.2006г.).
Паводле высноў прафесара Н.Мечкоўскай, тэма "Пінскай шляхты", якая з’яўляецца пародыяй на тагачасную судовую бюракратычную сістэму, чужая для В.Дуніна-Марцінкевіча. А між тым твор напісаны што называецца з веданнем справы, таму аўтар – чалавек, які добра разбіраўся ў юрыспрудэнцыі. Магчыма, гэта юрыст па адукацыі, пісьменнік, чыя творчасць вызначалася вострай сатырычнай скіраванасцю, – Францішак Багушэвіч! Ну а тое, што ёсць аўтограф п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча, яшчэ не значыць, што гэта яго твор. Пасля падаўлення паўстання 1863 года пісьменнікам цяжка было друкаваццца, таму распаўсюджваліся рукапісныя копіі твораў. Так што і В.Дунін-Марцінкевіч мог перапісаць камедыю, створаную іншым аўтарам. Знайшлі ж у яго ўласным архіве адну з копій "Тараса на Парнасе" (і яшчэ выдвігалі гіпотэзу прыналежнасці Дуніна-Марцінкевіча да напісання, пакуль вядомы літаратуразнавец Генадзь Кісялёў не даказаў, што паэма належыць Канстанціну Вераніцыну).
Гучыць нібыта доказна, але Ніне Мечкоўскай можна не менш абгрунтавана запярэчыць. Адзін з апанентаў – даследчык творчасці драматурга Язэп Янушкевіч – сцвярджае наступнае: у 1830-я гады Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч падпрацоўваў у прыватнай юрыдычнай канторы Юзэфа Бараноўскага. Пазней пісьменніка абвінавачвалі ў падробцы дакументаў, чаму ён навучыўся ў таго ж Ю.Бараноўскага. Такім чынам, пэўнае веданне юрыспрудэнцыі мае месца. А прызнацца пасля паўстання Каліноўскага ў напісанні твора, дзе крытыкуецца дзяржаўная судовая сістэма, было немагчыма. Вось таму і не згадваў пісьменнік пра п’есу.
Але самым моцным контраргументам можа быць ліст дачкі В.Дуніна-Марцінкевіча Камілы, напісаны пасля смерці бацькі Я.Карловічу, у якім ёсць радок: "Акрамя таго, дасылаю яшчэ адзін твор майго бацькі, "Пінская шляхта"…" (Язэп Янушкевіч "За архіўным парогам", Мн., 2002г.). Па ўсяму відаць, Ніна Мечкоўская пра гэты дакумент нічога не ведае. Цікава, што яна можа сказаць у адказ – што Каміла Марцінкевіч памылілася?..
У спрэчцы павінна нараджацца ісціна. Пакуль яе няма – паміж дзвюма рознымі меркаваннямі паўстала праблема, якая наўрад ці вырашыцца ў бліжэйшай будучыні. Застаецца спадзявацца на суд Гісторыі, але пры яе няўстойлівым характары вынікі могуць быць самымі непрадказальнымі.