Уладзімір Лобач
Вядзьмарскія працэсы ў Вялікім Княстве
Доўгі час у Заходняй Еўропе шкоднаснае чарадзейства (maleficium) пераследавалася выключна свецкімі ўладамі і не з’яўлялася злачынствам супраць хрысціянскай веры (ерассю), бо, як лічылася, чараўнік верыць у д’ябла, існаванне якога не адмаўляе царква.
Але ўжо з к. ХІІІ ст. паняцці «чарадзей» і «ерэтык» фактычна ідэнтыфікуюцца, прычым з індывідуальнага злачынства чарадзейства ператварылася ў калектыўнае, сектанцкае, і ўжо «кожны выкрыты чараўнік цягне за сабой росшукі ягоных супольнікаў, братоў па секце». Паваротнай кропкай у дзейнасці інквізіцыі стала була Інакенція VIII «Summis desiderantes» (1484), якая за асноўную мэту вызначыла не барацьбу за чысціню веры, а вынішчэнне вядзьмарства.
Неўзабаве дамініканцы Шпрынгер і Інстыторыс выдалі «Молат ведзьмаў» (1487) — «дасканалы» практычны дапаможнік па выкараненні чарадзеяў усіх гатункаў. А ў 1514 г. папа Леў Х на Лютэранскім саборы ўхваляе пастанову аб тым, што вядзьмарства — змяшанае злачынства і мусіць карацца супольна інквізіцыяй і цывільнай уладай.
З гэтага часу лік спаленых ведзьмаў ідзе на дзесяткі тысячаў.
Натуральна, што падобная сітуацыя не магла скласціся ў Вялікім княстве Літоўскім — дзяржаве з моцнымі паганскімі традыцыямі, якая «канчаткова» стала хрысціянскай толькі ў к. XIV ст. і з’яўлялася маргінальнай, перыферыйнай зонай каталіцкага свету. Паказальна, што дзяржаўнае заканадаўства адрэагавала на чарадзейства толькі ў ІІІ Статуце ВКЛ, дзе яно было аднесена да выключных крымінальных злачынстваў («crimen exceptum») і падлягала ў гэтай якасці юрысдыкцыі толькі свецкага суда: «мають судити воеводове, старостове и державцы». Прычым ніякіх каментараў, тлумачэнняў аб ступені цяжкасці чарадзейства, ягоных разнавіднасцях і г.д. Статут не ўтрымлівае. Гэта, канешне, не значыць, што чарадзейства да 1588 г. не пераследвалася. Грунтам для судовых разборак з’яўлялася звычаёвае права, паводле якога цяжкасць пакарання залежала ад цяжкасці нанесенай чараўніком шкоды. З другога боку, разам з пашырэннем каталіцызму і ўзмацненнем яго ўплыву ў дзяржаву пранікаюць усе найноўшыя «здабыткі» Рымскага кананічнага (Цэзарскага) права.
Ужо ў 1436 г. у ВКЛ пачаў дзейнічаць Трыбунал свяшчэннай інквізіцыі, для якога было характэрна «шырокае выкарыстанне даносаў і катавання з мэтай атрымання прызнання абвінавачанага». Красамоўна апісвае дзейнасць інквізіцыі (праўдападобна, што ў заходніх абшарах краіны) М.Гусоўскі:
«...Мне добра вядома,
Мне добра вядома,
Як хрысціянская вера сурова карае
Ўсіх ведзьмакоў-грахаводнікаў, што патаемна
Знаюцца з сілай нячыстай. Іх катуюць люта,
Перш чым спаліць ці ўтапіць, як і тых вінаватых,
Хто з імі знаўся і ведаў аб чарах вядзьмацкіх,
Ды не данёс у царкву на нячысцікаў грэшных.
Хопіць таго, каб прайшлі, пракаціліся дзейкі:
Там той вядзьмачыць ці знаецца з д’ябальскай сілай —
Зараз жа суд і расправа...»
Іначай каралі ведзьмакоў у пачатку XVI ст. на ўсходнебеларускіх землях, куды яшчэ не дайшлі інквізіцыйныя прынцыпы справаводства. Так, у 1534 г. у Віцебску Іван Багданавіч Сапега разглядаў справу нейкай Мар’і Несцераўны, супраць якой сведчылі «вси бояре, мещане Витебъские», што яна «жонка лихая, ведяя». Аднак, нягледзячы на тое, што Сапега «знашолъ ее въ чародействе», пакараннем было простае выгнанне «з места и з волости земли Витебское».
Аднак ужо ў XVII ст. інквізіцыйныя нормы ў судовых працэсах над чараўнікамі (асабліва ў гарадах) пераважаюць незалежна ад канфесійнай адметнасці таго ці іншага рэгіёну. Гэта было выклікана умацаваннем пазіцый касцёла, недастатковасцю звычаёвага права і дзяржаўнага заканадаўства і шырокім бытаваннем чарадзейскіх практык ва ўсіх слаях тагачаснага грамадства. Так, падчас працэсу 1630 г. у Пінску над жонкай вознага Вячоркі Высоцкага суддзі наракалі: «въ правъ земскомъ о чарахъ достаточне не описуеть, бо тымъ не звыкмъ станъ шляхецкий парать лечъ межи людьми простыми звыкло то бывать». Гэткую ж скаргу выказвалі і чальцы гродскага суда ў Наваградку, разглядаючы справу чараўніцы пападдзі Ганны Грамычынай: «...о чародъйцахъ осабливаго права и науки в статутъ великого княства Литовского не маемо...».
Гэтая нястача актыўна запаўнялася нормамі «Майдэборскага», «Цэзарскага» і «Божага» права. Значнай «дапамогай»для суддзяў Рэчы Паспалітай стаў і «Молат ведзьмаў», які ў 1614 г. быў перакладзены на польскую мову.
Не з’яўлялася выключэннем і Гарадзенская справа 1691 г. Падставай для яе стала скарга (пратэстацыя) на жыхара маёнтка Коханава Максіма Знака, падданага гарадзенскіх брыгітак, з боку Сымона Юхальскага з жонкай, месцічаў Горадні, уладальнікаў шынка, на «счараванне асоб з дзецьмі вышэйпамянёных і цэлага дому».
Пасля затрымання Знака разглядам справы займаецца войтаўскі суд у складзе лаўніка Пятра Паўлавіча Шулеўскага, вознага Сымона Баліцкага, пісара Адама Казакевіча і Ераніма Кучынскага. Паводле Статутовага права паміж эканомам брыгітак
Станіславам Вярбіцкім і судом была заключана дамова, паводле якой Знак мусіць быць «спалены на лом», калі, пасля прысягі жалобніка, прызнае выстаўленыя супраць яго абвінавачванні. Калі ж пасля трох катаванняў, знаходзячыся ў добрым розуме, Знак сваёй віны не прызнае — Юхальскі мусіць заплаціць «навязку», а ў выпадку смерці Знака — «галаўшчызну» на карысць брыгітак.
Знак адмаўляе сваю віну, прызнаючыся толькі ў знахарскіх здольнасцях: «не разумею нічога больш, як толькі падзьмухаць умею, калі хто на жывот хворы». Суд прыступае да катаванняў. Аднак, магчыма, перад гэтым абвінавачаны быў абшуканы на прадмет «чараў», магічных сродкаў, з дапамогай якіх можна лёгка пераносіць пакуты. Гэтая працэдура як неабходная падчас суду над чараўнікамі, дэталёва апісаная ў «Молаце ведзьмаў», адкуль у якасці юрыдычнай нормы была перанесена ў ІІІ Статут ВКЛ (р.14, арт.18):
«Нижли естли бы тот злодей в одной муце для чаров спал, а муки не чул, а тые чары были бы при нем найдены ув устех або на голове, у волосех, подпахами або где индей... таковый приличный злодей хотя бы ся за такими чары до злодейства не признал, будеть повинен...». Так, напрыклад, менавіта такія «чары» — «штосьці закручанае ў паперку, павязаную рознымі ніткамі: і тонкімі, і сярэднімі, і грубымі, з рознымі вузялкамі», адшуканыя следствам ( Полацк, 1643 г.) у вопратцы месціча Васіля Брыкуна перад катаваннем — сталі пераканаўчым доказам ягонага злоснага чарадзейства. Падчас першага катавання Знак прызнаецца, што ўчыніў чары на шынок Юхальскага: «плюнуў і кляў тымі словамі, што б як сліна знікла, так і яны (Юхальскія. — У.Л.) каб зніклі», аднак, адчыніць сваіх чараў не можа. Высвятляецца і матывацыя здзейсненага злачынства — канкурэнцыя ў гандлі! Замоўцай чараў выступіла арандатарка другога шынка Полька Жыдоўка, камерцыйныя справы якой ішлі горай, чым у Юхальскага. Яна і накіравала Знака, «каб пана Юхальскага зачараваў і так учыніў, каб піва скісла, і сам каб ссох, і жонка ягоная, і дзеці, і каб з дарогі не павярнуў, і давала яму талер біты...».
Аднак, нягледзячы на прызнанне асабістай віны і раскрыццё прычынаў злачынства, катаванне працягвалася з мэтай выкрыцця як мага большай колькасці чараўнікоў. Знак сведчыць, што даваў чарадзейскія парады Польцы Жыдоўцы, як ёй паправіць свае справы.
Дзеля гэтага ён раіў скрасці з чужога бровару пену з маладога піва і нашмараваць ёй свае бочкі, прамовіўшы: «яко тая пена шуміць, так каб у мяне (у шынку. — У.Л.) людзі шумелі».
«Похвалки» (заклёны), узоры якіх прадэманстраваў Знак, лічыліся адным з найбольш страшных і дзейсных магічных прыёмаў.
Перакананне гэтае было заснаванае на веры ў тое, што слова чараўніка валодае рэальнай энергіяй і сілай. Так, нават у ХІХ ст. у Зах. Беларусі верылі, што вядзьмак «з ветрам пушчае сваё слова, а яно ідзе дарогаю і як нікога не спаткае, то ў дзерава ідзе і яно сохне». Напэўна, такога чараўніка і мела на ўвазе Полька Жыдоўка, калі распавядала Знаку пра нейкага чалавека з Ліпску (Аўгустоўскі пав.), які можа наслаць сухоты на людзей, а плесень — на піва на значнай адлегласці.
Падчас першага катавання Знак узгадвае і нейкую Буслову з Коханава, якая «ўмее дзецям малым шкодзіць, ад кароў малако адняць, шкодзіць у шынках», а таксама мае здольнасць лётаць; Пацейку з Путрышак, што «перадам і задам ходзіць і галавой круціць» (незвычайныя паводзіны маглі лічыцца прыкметай вядзьмарства); упершыню называе Расола з Верцялісак, які, «абышоўшы колам дом» Юхальскага, магічным чынам вызваліў зняволенага там Знака; да гэтага вінаваты ў смерці Юзэфа, які не даў Расолу піва.
Не забыў Знак узгадаць і «бабу Пухнову з Капліц», якая рабіла ўзвар з упудніка і лячыла ім людзей. Здавалася б, нявінны занятак зельніцтвам, насамрэч, мог выклікаць даволі сур’ёзныя праблемы. Так, напрыклад, у справе пападдзі Грамычынай, добрае веданне ёю зёлак стала абцяжарваючым фактам: «а поневатъ тое умъеть не зъ жадныхъ прыстойныхъ наукъ, не зъ цвиченья докторского и школьного, але зъ цвиченья злого, шкодливого». Другое і трэцяе катаванні Знака не далі суддзям новай інфармацыі, пасля чаго ён быў звязнены ў лёхах гарадзенскай ратушы.
Аднак ход працэсу быў раптоўна зменены Расолам з Верцялішак, які, з’явіўшыся ў Гародні, абышоў наўкола ратушу, дзе быў змешчаны Знак, і прамовіў прысутным людзям: «Нічога з гэтага не будзе, хоць бы яго (Знака. — У.Л.) спяклі, ні ў чым не прызнаецца». Пасля таго, як вестка аб з’яўленні Расола дайшла да Знака, той запатрабаваў, каб яго тэрмінова выслухалі суддзі. У сваёй заяве ён сцвярджаў, што «дня ўчарашняга, на допыце меў быццам бы звязанае горла, а быў у мяне ў думках старшы наш чараўнік Расол», які, маўляў, зачараваў яго і не даў сказаць пра свае ўчынкі. «Цяпер жа, — гаворыць Знак, — як перад капланам на споведзі паведамляю, што ёсць (Расол. — У.Л.) найлепшы і старшы чараўнік, бо ўмее дзецям хваробы наслаць, у кароў малако адабраць і ў шынках шкодзіць, і такія зёлкі мае, што перад кожным судом і ўрадам любый з няслушнай справы можа быць вольны».
Здольнасць моцных ведзьмакоў уплываць на псіхічны стан людзей мела месца і ў справе Брыкуна, а таксама селяніна Юркі Барсука на працэсе ў Боркавічах 1722 г. Так, апошняму інкрымінавалі, што праз чары ён заваражыў двух сялян, адняўшы ў іх розум, у выніку чаго яны развалілі печы і грызлі камяні. Сведчыць Знак і пра Пацейку з Путрышак, які, падарыўшы яму гуся, са свету выжыў ягоную жонку, бо як яна «поліўкі з таго гуся папіла — зараз жа ўздзьмулася, як пер’е на гусі дзьмуцца». Паведаміў Знак і пра шляхцянку Пані Судзіцкую, якая «да дубу хадзіла і нажамі дзёўбала і да тых дзірак прамаўляла», «а калі з ужэнду з’язджала, дык праставалосая каля кляштару... аб’язджала на вазку простым на зорак рана і абяцала Немчуку, які яе вёз, баярства, каб нікому не казаў, а апраналася ў той час у халопскае адзенне, каб ніхто не пазнаў, а для таго рабіла, каб з ужэнду не з’ехаць». Падобныя магічныя прыёмы захаваліся на Беларусі да ХХ ст. Так, на Палессі, пры згубе жывёлы ў лесе, гаспадар на захад сонца ўбіваў гостры нож у дрэва і замаўляў. Акрамя таго, Судзіцкая ўчыніла пахвалку, якая патэнцыйна пагражала ўсім жыхарам Коханава: «пры мне ў Коханаве радзілася, а без мяне ані гародніна, ані збожжа радзіць не будзе».
Нарэшце, Знак сведчыў, што Расол з нейкай Банкеччай (Bankieczcza) лётае на гару Роспну (Rospne), дзе ёсць слуп. Цалкам магчыма, што размова ішла пра патаемнае паганскае свяцілішча. Так, яшчэ Сымон Будны наракаў, што «идол и розличных балъвановъ вже от колька сот лет так намножило, иже за ними бога люд посполитый забыл». Вышэйпамянёны Юрка Барсук абвінавачваўся ў тым, што «заўсёды нейкага Бога Ліпавага абараняе», дый нават у ХІХ ст. у в. Полава на Віцебшчыне сяляне старанна хавалі ад духавенства нейкага ідала, вакол якога скакалі па святах. Прычым жыхары Полава лічыліся ў наваколлі наймагутнейшымі чараўнікамі.
Аднак пералік названых Знакам людзей, якія маюць дачыненне да чарадзейства, быў няпоўны. Выкрыць астатніх ён згаджаўся толькі, калі возьмуць самога Расола.
Прызнанні Знака былі падпісаныя суддзямі, і пра яго далейшы лёс мы не ведаем. Праўдзіва, што Максім Знак як чалавек, што прызнаў сваю віну ў шкоданосным чарадзействе і сувязі з іншымі чараўнікамі, мусіў быць асуджаны на спаленне. Цікава, што паводле Статута на гэткае пакаранне маглі быць асуджаны толькі фальшываманетчыкі ды падпальшчыкі дамоў.
Падсумоўваючы, можна заўважыць, што Гарадзенскі працэс 1691 г. быў досыць тыповы для тагачаснай Беларусі. Як і паўсюль, «злачынства» Знака разглядалася як выключна крымінальнае, а не ерэтычнае, аднак, метады следства і суда грунтаваліся на інквізіцыйных нормах Заходняй Еўропы. Прычым прымяняліся гэтыя нормы ў адпаведнасці з дасведчанасцю саміх суддзяў. Часам перанос «інквізіцыйнай тэорыі» на мясцовую глебу выглядаў цалкам недарэчным. Так, напрыклад, у Полацку, калі віна Брыкуна ўжо была даведзена, яго ўсё роўна асуджаюць на пакутлівыя катаванні.
Аднак у параўнанні з Заходняй Еўропай, дзе спальвалі дзесяткі тысяч ведзьмаў, чарадзейскі працэс у ВКЛ (асабліва са смяротным выракам) — з’ява хутчэй выключная, чым штодзённая, звычайная. Бо чарадзейства (знахарства) на Беларусі было (і з’яўляецца дагэтуль) не простым «перажыткам» паганства, а важнай рысай светапогляду і практыкі, асабліва вясковага чалавека.
Старонка < 1 > < 2 >
< 3 >
< 4 >
< 5 >
< 6 > < 7 >
< 8 >
< 9 >
< 10 >
< 11 > < 12 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала