 |
|
|
|
 |
 |
 |
|

|
 |
 |
 |
 |
|
|
 |
 |
 |
|
|
|
 |
|

|
|
Ян Мнішак Менскія таямніцы
Дом масонаў
Дом пад нумарам пяць, што месціцца ў Музычным завулку, бадай самы загадкавы ў Верхнім горадзе.
План яго пабудовы быў зацверджаны 15 чэрвеня 1810 года менскім губернскім кіраваннем, а будаўніцтва закончылася толькі праз сем гадоў.
Ад самага пачатку усё, што тычылася гэтага дома, было агорнута таямніцай, бо будавалі яго па замове менскай ложы масонаў "Чырвоная паходня", якая тады налічвала 152 чальца. Напрыканцы ХХ стагоддзя падчас рэстаўрацыі высветлілася шмат адметнасцяў будынка. Найперш тое, што, нягледзячы на вонкава простую форму, ён быў пабудаваны ў форме правільнага масонскага крыжа і не меў вокнаў. Дакладней, яны прысутнічалі, але фармальна — толькі для тых хто глядзеў звонку. Аднак за каляровым шклом праёмы былі закладзеныя цэглай. Такім чынам, ніхто з чужынцаў не мог пракрасціся ў таямніцы збораў ложы. Цікава яшчэ і тое, што няма звестак аб тым, ці быў масонам першы ўладальнік будынка Траян Якуба сын Ключынскі. А вось яго дачка пазначаная ў спісах ордэна.
Праіснаваўшы ўсяго шэсць гадоў, масонская ложа была ліквідаваная, а ўся яе маёмасць публічна спаленая. Будынак здалі ў арэнду, і адзін час тут жыла сям'я кампазітара Станіслава Манюшкі. Пазней у пакоях дома месціўся прызыўны ўчастак войска Расейскай Імперыі. У савецкі час была звычайная камунальная кватэра. Аднак у пачатку ХХІ стагоддзя Дом масонаў зноў набыў культавае значэнне. Пасля 10-гадовай рэстаўрацыі ён ператварыўся ў Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь.
Лошыца
Некалі па тутэйшых алеях гулялі каралеўскія асобы, а яшчэ раней менавіта ў гэтых мясцінах спыніўся ледавік, што паспрыяла з'яўленню надзвычай багатага расліннага свету. Тым не менш, самая яркая тутэйшая легенда не пра каралеўскіх асоб і закамянелых выкапняў, а пра закаханую жанчыну, якая некалі жыла тут і ўжо амаль сто гадоў вяртаецца ў Лошыцу прывідам. Па сведчанням відавочцаў адбываецца тое на поўню ў красавіку, калі красуе тутэйшы маньчжурскі абрыкос. Якраз тады яе светлы сілуэт і праплывае непадалёк ад зруйнаванай капліцы. Сапраўдная ж гісторыя яе жыцця закончылася трагедыяй. Будучы замужняй шляхцянкай, гаспадыня Лошыцы пані Ядзвіга закахалася ў менскага генерал-губернатара Мусіна-Пушкіна. Калі ж пра тое стала вядома, села ў лодку і, адплыўшы ад берага, кінулася ў ваду. Менавіта тады і з’явіўся ў Лошыцы адзіны ў краіне маньчжурскі абрыкос, які ў памяць аб Ядзвізе пасадзіў яе муж Яўстафій Любаньскі. Нібыта ў напамін аб тых падзеях, Бог беражэ іх сядзібу. Так, падчас другой сусветнай вайны, калі ў сядзібе сабраліся высокія нямецкія чыны, прыслуга (маці і дачка Чыжоўскія ды Надзя Майсеева) заклалі ў печку бомбу, але яе выявілі раней, чым павінен быў адбыцца выбух. Не менш уражлівымі гісторыямі ахутаны будынак колішняга млына, што месціцца непадалёк, на другім беразе Свіслачы. Ён дагэтуль спраўна спраўджвае сцверджанні пра тое, што млын — гіблае месца. Прынамсі, тутэйшыя жыхары запэўніваюць, што не памятаюць года, калі б на млыне не знайшлі мерцвяка.
Першая пісьмовая згадка пра Лошыцу звязаная з 1557 годам. Аднак адмыслоўцы мяркуюць, што першую сядзібу тут заклалі ў канцы XV стагоддзя. Сёння, падобна, гісторыя зрабіла свой кругазварот і вярнулася ў Лошыцу фальклорна-этнаграфічным святам “Лошыцкі Фэст”, які набыў форму сярэднявечнага тэатра пад адкрытым небам. Штогод напрыканцы вясны тут скрыжоўваюць мячы рыцары, грае сярэднявечная музыка, ладзіцца кірмаш народных майстроў.
Касцёл Святога Язэпа і кляштар бернардынаў
Відаць, ні пра адну са старадаўніх пабудоў не казалі летась так шмат як пра менскі кляштар бернардынаў, што месціцца ў Верхнім горадзе. А казалі з той прычыны, што мясцовыя ўлады вырашылі пераўтварыць яго ў рэспектабельны гатэльны комплекс. Аднак больш дзесяці тысяч подпісаў вернікаў прымусілі, прынамсі, задумацца над тым наколькі па-людску баляваць у пакоях дзе некалі месціліся алтары.
Заснаванаму ў 1624 годзе па фундацыі краснасельскага старосты Андрэя Кансоўскага кляштару бернардынаў выпаў няпросты лёс. У 1630-я гады паўсталі першыя драўляныя касцёл і канвент, якія праіснавалі нядоўга — у 1644 годзе яны згарэлі. Ад гэтага часу кляштар не аднойчы гінуў у вогнішчы. Пасля чарговага пажару ў 1652 годзе былі адбудаваныя ўжо каменны касцёл у гонар святога Язэпа і кляштарны корпус. Але і яны ў 1656, 1740, 1835-х гадах зноў і зноў гінулі ў полымі і... адбудоўваліся нанова. У 1752 годзе будынкі набылі рысы барока. У пачатку ХІХ стагоддзя інтэр'ер касцёла ўпрыгожвалі 9 каменных алтароў. На хорах былі ўстаноўленыя арганы на 10 галасоў, якія неўзабаве замянілі больш шыкоўныя «на 22 галасы і з 4 мяхамі». Пад касцёлам у крыпце захоўваліся парэшткі прадстаўнікоў вядомых шляхецкіх і магнацкіх родаў: Завішаў, Кансоўскіх, Тышкевічаў. У канцы XVIII стагоддзя кляштарны комплекс, які складаўся з касцёла ды брацкага корпуса, быў абнесены высокай каменнай агароджай з брамамі. Ён уключаў жылыя дамы, трапезную, школу, шпіталь, стайню. У такім выглядзе комплекс кляштара бернардынаў праіснаваў да 1860-х гадоў і быў апошнім дзейным з 8 мужчынскіх каталіцкіх кляштараў ў Менску. Пасля падаўлення паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага яго пакоі сталі вязніцай для паўстанцаў. А 29 жніўня 1864 года кляштар быў зліквідаваны. Потым касцёл прыстасавалі пад праваслаўную палкавую царкву святых Кірыла і Мяфодзія (з 1872 года — пад архіў), а ў кляштары размясціліся казармы Каломенскага пяхотнага палка і дзяржаўная следчая камісія. З 1969 года тут быў Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР. Пазней у касцёле размясціліся Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі ды Архіў літаратуры і мастацтва Беларусі, а ў будынках кляштара — ваенныя камендатура і пракуратура.
Працяг будзе
Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 >
< 8 >
< 9 >
< 10 >
< 11 > < 12 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
|
|
|
 |
|
|
|
 | |