|

|
|
Паўночныя Афіны
Кажуць, заснавана гэтае
мястэчка было ў XIV стагоддзі ваяром па мянушцы Рак, але раскіданыя
наўкола шматлікія курганы сведчаць, што людзі пасяліліся тут значна
раней – яшчэ ў каменным веку. Дарэчы, у той час, згодна адной з
навуковых версій, селішча знаходзілася якраз на гандлёвым шляху,
які злучаў Дняпро і Нёман. А, калі так, то Іслач і Свіслач, ці не
адно і тое ж? І ці не Рака, абагаўлёная продкамі-язычнікамі, стала
найменнем гэтаму мястэчку, а яго жыхарам – заступніцай і карміцелькай?
І, хто ведае, магчыма, на пытанне: "Ты чый?", некалі тубыльцы з
гонарам адказвалі: "Я – Ракаў".
Сёння Ракаў – усяго толькі
вёска ў Валожынскім раёне, а калісьці... Калісьці гэтае мястэчка
пазначалі на мапах, як буйны абарончы цэнтр. І замак тут стаяў.
Праўда, драўляны... У XV стагоддзі ён належаў канцлеру Вялікага
княства Літоўскага Кежгайлу, потым перайшоў да магнацкага роду
Завішаў. А ў пачатку XVII стагоддзя з'явіўся новы гаспадар –
Шымон-Самуэль Сангушка, які называў Ракаў і яго наваколле не інакш,
як... графствам, а сябе – "графам на Ракаве". І гэта не было блазнотай
уладара – жыццё пры Сангушках стала для мястэчка часам росквіту і
далучэння да духоўных скарбаў. З'явілася друкарня, дамініканскі кляштар
(1686), кляштар базыльян (1702). Ракаў набыў славу гандлёвага цэнта і,
як варты пашаны горад, атрымаў шмат прывілеяў...
А калі Вялікае Княства заняпала, Ракаў стаў часткай Расійскай
імперыі. Натуральна, і гаспадарыць тут пачалі пераможцы. У
прыватнасці, генерал-фельдмаршал М.Салтыкоў. Менавіта тады,
нягледзячы на галечу, ў Ракаве на месцы былога кляштара базыльян
з'явілася Прэабражэнская царква. Цікава, што ад самага пачатку і
дагэтуль набажэнствы ў ёй ніколі не спыняліся. Нават у гады, калі
амаль усе нашыя суайчыннікі ў графе "веравызнанне" пісалі "атэіст".
Увогуле, Ракаў – тыповае беларускае мястэчка, дзе выдатна
ўжываюцца розныя канфесіі. Акрамя царквы тут ёсць касцёл,
пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя. Ёсць і капліца, якая
старэй за касцёл амаль на паўстагоддзя.
Але вернікаў ўсіх канфесій здаўна аб'ядноўвае адна невялікая
крыніца, якая знаходзіцца непадалёк ад праваслаўных могілак.
Кажуць, аднойчы яе вадой спаласнуў твар сляпы чалавек і...
пачаў бачыць. З таго часу да крыніцы едуць людзі з розных
куткоў Беларусі. Адны, каб вылечыцца ад хваробаў вачэй.
А другія з надзеяй, што цудадзейная вада дапаможа зірнуць
на навакольны свет па-іншаму. Так Дунін-Марцінкевіч, завітаўшы
сюды, наноў адкрыў для сябе Ракаў і маляўніча адлюстраваў
яго ў сваіх вершаваных аповесцях. А вядомая паэтка Эліза
Ажэшка назвала Ракаў не інакш, як "Паўночнымі Афінамі".
Гісторыя гэтая пачалася ў 1804 годзе, калі на высокім беразе
Іслачы, насупраць гарадзішча, пабудаваў маёнтак новы гаспадар
– Эдмунд Здзяхоўскі. Пра яго вядома няшмат, а вось яго сыны
– Мар'ян і Казімір, якія нарадзіліся тут, праславілі Ракаў
далёка за межамі Беларусі і надалі яму той самы шарм Паўночных
Афінаў.
Малодшы, Казімір стаў пісьменнікам, а старэйшы, Мар'ян,
– літаратуразнаўцам, філосафам, публіцыстам, прафесарам
Кракаўскага і Віленскага універсітэтаў. І, трэба адзначыць,
паспяваў усюды. У Польшчы яго ведалі, як шчырага паляка,
у Расіі ён быў вядомы як русін, дакладней, Урсін. Нават
у Эстоніі яго прымалі за свайго. Не дзіва, што ў самім Ракаве,
у радавым маёнтку Здзяхоўскіх, госці ніколі не пераводзіліся.
Прычым, не абы якія. А людзі цікавыя і знакамітыя – мастакі,
паэты, пісьменнікі. Нават Тарас Шаўчэнка завітаў сюды. І
ніхто б не здзівіўся, калі б заехаў сам Леў Талстой. А не
заехаў, відаць, толькі з аднае прычыны – быў заўзятым самотнікам.
Затое паштоўкі са зваротным адрасам "Ясная поляна" прыходзілі
ў Ракаў не аднойчы. Леў Талстой настолькі сур'ёзна ставіўся
да перапіскі з Мар'янам Здзяхоўскім, што перад тым, як адаслаць
свой першы ліст, чатыры разы перапісваў яго. У выніку атрымаўся
сапраўдны артыкул. Не менш адказна працаваў Талстой і над
прадмовай да кнігі Здзяхоўскага, якая выйшла ў Лейпцыгу.
А ў 1909 годзе, калі паўстала пытанне, хто будзе прадстаўляць
Льва Талстога ў "Международном толстовском альманахе", расійскі
пісьменнік без ваганняў назваў прозвішча літаратара з Ракава
Мар'яна Здзяхоўскага.
Але ні літаратурай адзінай жыў тады Ракаў. Тут нарадзіўся
і пісаў свае творы кампазітар Міхаіл Грушвіцкі (1828-1904)
– аўтар музыкі да "Дзядоў" Міцкевіча і "Вясковага лірніка"
Сыракомлі. Сапраўдны бум перажывала вядомая яшчэ з XVI стагоддзя
ганчарная вытворчасць. Дынастыі майстроў былі не менш папулярнымі
за мастакоў. Гісторыя нават захавала іх прозвішчы: Аляшкевічы,
Петрашкевічы, Каласоўскія, Жылінскія, Латышовы, Падліпскія,
Сасноўскія...
На жаль, час, калі Музы
пакінулі сваю Кастальскую крыніцу, што ля Парнаса і пасяліліся ля
Ракаўскай, незваротна мінуў. Тым не менш, многае ў гэтым мястэчку
нагадвае пра былое: Прэабражэнская царква, капліца... На старых
(надзвычай ахайных) вуліцах – брук. Сям-там з-пад бярвення ды цагляных
надбудоў выглядаюць падмуркі з дзікіх валуноў. А на даляглядзе –
старажытныя курганы. Неўпрыкмет губляецца адчуванне часу, і здаецца –
яшчэ імгненне, і загучаць першыя акорды "Лірніка"...
Уладзімір Давыдоўскі
Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 > < 10 > < 11 > < 12 > < 13 > < 14 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
|
|
|