Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

 


На скрыжаванні шляхоў

Хтосьці прыязджае сюды з надзеяй адшукаць рэшткі напалеонаўскага скарбу. Нехта, каб на ўласныя вочы пабачыць месца, дзе пацярпела паразу непераможная французская армія. А іншы, мінаючы тутэйшыя пагоркі, выразна ўяўляе раскіданыя наўкола зіхоткія вогнішчы стомленых ад паходаў яцвягаў, якія, дзелячы спажыву, нават не здагадваюцца, што неўзабаве ім давядзецца перакаваць мячы на аралы і закласці падмурак аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі.

Барысаў – стары і новы

Некалі паміж рэчкамі Нёман і Нараў жыло незалежнае ды ваяўнічае племя яцвягаў, ад нападаў якога пакутавала ўсё Полацкае княства. Не стрываўшы гэткай ганьбы полацкі князь Барыс Усяслававіч сабраў вялікае войска і рушыў на Панямонне. Яго з'яўленне было настолькі раптоўным, што яцвягі не паспелі нават падрыхтавацца да абароны... Палонных адвялі на бераг ракі Беразіны і загадалі рубіць лес, будаваць дамы, пракладаць вуліцы. Неўзабаве на Полацкай зямлі з'явіўся яшчэ адзін горад, які назвалі ў гонар пераможцы – Барысаў. Дзіўна, але тагачасныя летапісцы абмінулі гэтую падзею, і першыя згадкі пра яго з'явіліся толькі праз 25 гадоў пасля заснавання – ў 1127 г. Тым не менш, Барысаў лічыцца адным з самых старажытных гарадоў Беларусі.
Праўда, той Барысаў, які заснаваў полацкі князь, першапачаткова знаходзіўся ў іншым месцы. Аднак ў канцы ХІІІ стагоддзя пад час чарговай вайны ён амаль увесь згарэў і, узважыўшы ўсе "за" і "супраць", гаспадары вырашылі не аднаўляць яго на старым месцы. Адышлі кіламетра на чатыры па цячэнні Беразіны і пачалі будаваць наноў. Спачатку – замак, які паслужыў барысаўчанам да канца XVIII стагоддзя, а потым і сам горад. Але праўду кажуць – свята месца пустым не бывае. На абшарах старога Барысава з цягам часу ўзнік невялікі пасёлак, які, так і называюць – Стара-Барысаў.
Новае ж месца, выбранае для горада, знаходзілася як раз на скрыжаванні сухапутнага шляху ў цэнтральную частку Беларусі і воднага, што звязваў Балтыйскае мора з Чорным. Магчыма таму, калі ў Барысаў трапіў князь літоўскі Вітаўт Вялікі, каб заручыцца падтрымкай мясцовага насельніцтва, ён адразу ж загадаў... выдаць барысаўцам так званы "мядовы прывілей". З таго часу кожны гандляр мёдам павінен быў спыняцца ў Барысаве і плаціць за свой тавар даніну.
На жаль, гэты прывілей не зрабіў жыццё тубыльцаў больш салодкім, бо ўсе "мядовыя" грошы ішлі на аднаўленне горада і замка пасля чарговай апусташальнай вайны. А войны ніколі не абміналі Барысаў. На працягу XVІ стагоддзя расійскія войскі тройчы бралі замак у аблогу. Нешта падобнае паўтарылася і ў наступным, ХVІІ стагоддзі.

Уладары і святыні

Цікава, што часцяком барысаўскімі старастамі станавіліся віленскія ваяводы. Кожны з іх, карыстаючыся сваім высокім становішчам, рабіў для горада ўсё магчымае. Ваявода Ян Глябовіч, напрыклад, уключыў Барысаў у склад Віленскага ваяводства. Мікалай Радзівіл Чорны ў 1563 годзе дамогся для горада магдэбургскага права. А Мікалай Радзівіл Руды аднавіў пасля вайны з Расіяй умацаванні барысаўскага замка.
Тым не менш, у мясцовым касцёле на працягу стагоддзя кожную пятніцу пад час памінальнай службы ўзгадвалі зусім іншага барысаўскага старасту. Ён не меў такіх багаццяў, як Радзівілы і не вылучаўся выбітнымі вайсковымі подзвігамі, як Глябовіч. Але жыхары Барысава яго вельмі любілі. Асабліва тыя, хто быў каталіцкага веравызнання. Звалі таго барысаўскага старасту Адам Казановіч. І менавіта ён у першай палове XVIІ стагоддзя стаў фундатарам першага барысаўскага касцёлу.
Той касцёл праіснаваў каля 160 гадоў. А потым згарэў. У першай палове ХІХ стагоддзя на яго месцы пабудавалі новы – касцёл Дзевы Марыі. Адметна, што службы ў ім не спыняліся да 1937 году, пад час Вялікай Айчынай вайны ў яго не трапіў ні адзін снарад. Калі ж вайна закончылася, ўлады зрабілі ў касцёле спачатку кінатэатр, а пасля перадалі будынак медыцынскаму вучылішчу... Цяпер касцёл дзейнічае і з'яўляецца ў Барысаве самым старажытным храмам.
Мяркуюць, што полацкі князь Барыс быў вельмі набожны і рабіў усё, каб пашырыць хрысціянства. Таму не дзіва, што першая праваслаўная царква паўстала тут значна раней, чым каталіцкі касцёл. Называлася яна царквою Спаса і была вядомая з XVI стагоддзя. А вось Уваскрасенскі сабор быў пабудаваны на яе месцы ў канцы ХІХ стагоддзя. Праект зрабіў Пётр Мяркулаў, інжынер з Пецярбурга, будавалі майстры з мястэчка Івянец, аздабленнем інтэр'ераў займаліся мастакі з Вільні. У выніку сабор атрымаўся настолькі прыгожым, што пецярбургскі часопіс "Нива" не пашкадаваў цэлай старонкі, каб размясціць гравюру з яго выявай.

Знаныя госці

У Італіі кажуць: "Усе шляхі вядуць у Рым", а ў Беларусі – "Усе шляхі праходзяць праз Барысаў". І гэта, відаць, праўда, бо ўсе тытулаваныя асобы, якія наведвалі Беларусь, абавязкова завітвалі ў Барысаў. Падчас Паўночнай вайны тут пабываў шведскі кароль Карл ХІІ. Кажуць, каб пераправіцца праз барысаўскія балоты, ён загадаў засыпаць іх белым пяском. У выніку ўтварылася плаціна, якую так і называлі – каралеўскай грэбляй.
Французскі імператар Напалеон Банапарт наведаў Барысаў на зваротным шляху з Масквы ў Парыж. У той момант яго становішча было незайздросным. З аднаго боку – насоўвалася войска пад кіраўніцтвам Кутузава, з другога – Вітгенштэйна, з трэцяга – Чычагова. А наперадзе – рака Беразіна... Салдаты французскай арміі былі змучаныя цяжкім шляхам, холадам і голадам. Здавалася б, выйсце толькі адно – здацца ў палон. Аднак французскі імператар быў спрактыкаваным стратэгам. Па яго загаду адзін з генералаў выклікаў да сябе паважаных жыхароў Барысава і пачаў распытваць пра брод ля вёскі Ухалод. Неўзабаве некалькі барысаўчан цішком пераправіліся ў стан расійскіх войскаў, якімі камандаваў генерал Чычагоў... У выніку – Чычагоў чакаў Напалеона ля Ухалоду. А той, ведаючы пра гэта, пераправіўся на процілеглы бераг зусім у іншым месцы – ля вёскі Студзёнка.
За сваё жыццё Напалеон наведаў шмат гарадоў, але Барысаў, відаць, запомніў назаўсёды. Бо менавіта тут яго ар'ергардная дывізія (каля трох з паловай тысяч чалавек) трапіла ў палон. Менавіта тут ён зразумеў, хто перамог у гэтай вайне. І яшчэ менавіта пад Барысавам Напалеон згубіў сваю артылерыю. А вось артылерыйскія батарэі расійскіх войскаў 1812 года захаваліся тут да нашых дзён і сталі першым гістарычным помнікам у Барысаве, які ў 1926 годзе быў узяты пад ахову дзяржавы.

Барысаўскі кнігазбор

Згодна паданню, недзе тут, на беразе ракі Беразіны закапаны знакамітыя трафеі, якія Напалеон вывез з расійскай сталіцы – крыж са званіцы Івана Вялікага, упрыгожанні Крамля. Праўда гэта ці не, невядома. Але часам тут насамрэч трапляюцца французскія манеты, гузікі ад французскага мундзіра і нават ядры французскіх гармат. Таму не дзіва, што і зараз у наваколлях Барысава можна сустрэць скарбашукальнікаў, якія не губляюць надзею знайсці Напалеонаўскія багацці.
Самым паспяховым з іх быў адзін з барысаўчан, які жыў на сумежжы XIX і XX стагоддзяў. Праўда, у адрозненні ад іншых, талеры і золата яго асабліва не вабілі. Ён шукаў іншае – карты, каштоўныя паперы, запісваў успаміны відавочцаў падзей 1812-га. І за які-небудзь тагачасны армейскі загад мог выкласці немалыя грошы. Звалі юнака Іванам Каладзеевым.
Атрымаўшы адукацыю агранома, ён ў 18 год стаў уладальнікам 7 тысяч дзесяцін зямлі ў Барысаўскім павеце. Займаўся прадпрымальніцтвам, выконваў абавязкі міравога суддзі. У выніку 30-гадовых пошукаў у Расіі і за мяжой сабраў найбагацейшую бібліятэку па гісторыі вайны 1812 года і лічыўся самым вядомым напалеаністам у Еўропе. У 1901-м на ўласныя сродкі ля вёскі Студзёнка ўстанавіў два помніка ў гонар падзей 1812 года.
Кнігазбор, які склаў Іван Каладзееў, налічваў каля 15000 кніг на ўсіх еўрапейскіх мовах, вялікую калекцыю газет, гравюр, картаў, планаў, арыгінальныя дакументы і аўтографы. А калі ў Маскве сабраліся адкрыць Музей 1812 года, ахвяраваў яму ўсю сваю бібліятэку. Прыкладна палова кніг вярнулася ў Беларусь у 1926 годзе. Аднак большасць была страчана падчас Вялікай Айчынай вайны... Цяпер толькі невялікая частка знаходзіцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі. Але прыналежнасць многіх кніг вызначыць цяжка, бо Каладзееў не меў свайго экслібрыса.

Найноўшая гісторыя

Сёння Барысаў – другі па велічыні прамысловы горад Мінскай вобласці. Тут каля 40 прадпрыемстваў, сярод якіх – самая буйная ў краіне запалкавая фабрыка (заснавана ў 1901 годзе), фабрыка па вытворчасці музычных інструментаў. А яшчэ ёсць завод крыштальных вырабаў і камбінат прыкладнога мастацтва, на якім у свой час быў вытканы самы вялікі габелен у свеце.
У Барысаве заўсёды шмат гасцей. Хтосьці прыязджае сюды з надзеяй знайсці рэшткі напалеонаўскага скарбу. Нехта, каб на ўласныя вочы пабачыць месца, дзе пацярпела паразу непераможная французская армія. Іншы, каб наведаць службу ў велічным Уваскрасенскім саборы... Упэўнены, што і вы рана ці позна абавязкова трапіце ў гэты горад, бо знаходзіцца ён на скрыжаванні ўсіх шляхоў.

Уладзімір Давыдоўскі


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 > < 10 > < 11 > < 12 > < 13 > < 14 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2007 Вялікае Княства