|

|
|
Скарына аказваў пратэкцыю Рафаэлю
Ужо амаль 500 год кожны
абраны Папа Рымскі мае магчымасць штодня сузіраць адзін з самых
цудоўных твораў позняга Рэнесансу. Сярод чатырох фрэсак, размешчаных
у працоўным кабінеце Пантыфіка Станца дэлла Сэн'ятура (Stanza della
Segnatura), "Афінская школа", бадай што, утойвае больш за ўсё загадак.
На фрэсцы, яшчэ вядомай як "Філасофія", Рафаэль размясціў каля
пяцідзесяці славутых сучаснікаў, "замаскіраваўшы" іх пад
старажытнагрэчаскіх філосафаў. Не абмінуў увагай і сябе.
З усіх пяцідзесяці выяваў толькі адна асоба засталася нявызначанай
– чалавек, які на карціне знаходзіцца справа ад аўтара.
Дык хто ж стаіць
побач з Рафаэлем? Адказ на гэта пытанне ўжо не першае
стагоддзе шукаюць гісторыкі і мастацтвазнаўцы ўсяго свету і,
падаецца, нядаўна яго знайшлі ў Мінску. Даследчыкі з лабараторыі
Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі
сцвярджаюць, што загадкавая постаць належыць нашаму выбітнаму суайчынніку,
асветніку і першадрукару Францыску Скарыну. Звышсмелых довадаў
навукоўцы не баяцца: у іх на руках – доказы ўласнае тэорыі.
Скарына – мецэнат
Дацэнт Рыгор Равяка
прадэманстраваў табліцу з іксамі, ігрыкамі і шматлікімі каэфіцыентамі.
Вынікі экспертызы на прадмет падабенства "суседа" Рафаэля на
знакамітай фрэсцы і аўтапартрэта Скарыны, змешчанага ў ягонай
"Бібліі", шакіравалі нават тых, хто здаўна займаецца распрацоўкай
версіі "скарынінскага" следу ў жыцці Рафаэля. Гэта адна і
тая ж асоба!
Значнасць адкрыцця беларускіх даследчыкаў нават не ў самім
факце выявы філосафа на рафаэлевым творы. Скарына быў даволі
вядомым чалавекам у вучоных колах Італіі, а ягоны партрэт
нават змешчаны ў знакамітай "Зале сарака" Падуанскага
універсітэта. Куды большую цікаўнасць уяўляе адказ на пытанне,
чаму Рафаэль намаляваў Скарыну побач з сабой.
У той час было прынята паказваць сябе на маштабных заказных
палотнах. Аднак побач з сабой жывапісцы малявалі альбо сааўтараў,
альбо тых, хто аказаў ім пратэкцыю ў атрыманні заказа на работу.
Такім чынам мастакі нібы дзякавалі сваім мецэнатам і дабрадзеям.
Вядома, аднак, што менавіта гэтую работу Рафаэль пісаў адзін.
Значыць, хутчэй за ўсё, побач з майстрам – аўтар ідэі роспісу,
ці чалавек, які дамогся, каб малады мастак атрымаў заказ.
– Агульнапрызнана, што ідэя роспісу Станца дэлла Сэн'ятура не
магла належаць Рафаэлю, – тлумачыць Рыгор Равяка. – Не вельмі вядомы
яшчэ мастак перабіраецца з Фларэнцыі ў Рым у 1508-м – і адразу ж
атрымлівае замову на роспіс Папскіх пакояў?! Без пратэкцыі тут яўна
не абышлося…
Чорныя плямы біяграфіі
З часоў Першых скарынаўскіх
чытанняў (1988) біяграфія асветніка вывучалася даволі педантычна. І
ўсё ж такі, у ёй дагэтуль хапае перыядаў, пра якія беларускім
даследчыкам амаль нічога не вядома.
Адна з самых цікавых такіх "чорных плямаў" – з 1506 па 1512 гады.
Што і дзе рабіў Францішак да абароны доктарскай дысертацыі па медыцыне
ў Падуі? Магчыма, бадзяўся па прасторах Вялікага княства Літоўскага, а
магчыма, пашыраў свае веды ў закрытай для простых смяротных Ватыканскай
бібліятэцы, меў зносіны з дзеячамі італьянскага Рэнесансу.
Рыгор Равяка працуе кіраўніком групы сістэмнага аналізу ў
навукова-даследчай лабараторыі інфармацыйна-кібернетычных сістэм,
што існуе пры БДУІР. Скарынай Рыгор Максімавіч займаецца
вось ужо 15 гадоў.
– Творы Скарыны разглядаюцца толькі з боку іх тэкставага
складніка. Аднак нельга забывацца на багатую графіку, –
даводзіць ён. – Многія месцы ў той жа "Бібліі" зашыфраваныя.
Для таго, каб прачытаць графічны тайнапіс, неабходна прымяніць
прынцып люстэркавай сіметрыі. Калі прыкласці да гравюры люстэрка
пад пэўным вуглом, перад намі прадстане зусім іншая выява.
У якасці доказу сп. Равяка дэманструе, як можна прачытаць
схаваны змест аўтапартрэта Скарыны. У люстэрку, паднесеным да
яго часткі пад пэўным вуглом, узоры на пілоне храма трансфармуюцца
ў… аблічча святога Францыска Асізскага, які ўзносіць над
галавой вазу з галінкамі дуба.
Тэхніка, якой пры гэтым карыстаўся Скарына, была вядомая на
Усходзе яшчэ за стагоддзі да яго. Аднак у Еўропе толькі
пасвечаныя асобы – адзінкі на ўвесь кантынент – маглі валодаць
і карыстацца тымі ведамі. Да прыкладу, з сучаснікаў Скарыны
гэты метад выкарыстоўваў Леанарда да Вінчы, з якім яны папросту
маглі перасякацца. Як і з Мікалаем Капернікам (Скарына і Капернік
прыкладна ў адзін час вучыліся і ў Кракаве, і ў Падуі): некаторыя
даследчыкі, незалежна ад сп. Равякі, сцвярджаюць, што ў "Бібліі"
зашыфравана геліяцэнтрычная сістэма…
Дык чаму Скарына не мог быць знаёмым і з Рафаэлем Санці?
Калі прымаць версію скарынінскай пратэкцыі для Рафаэля,
дык відавочна, што Францішак павінен быў мець вельмі добрыя
зносіны з непасрэдным заказчыкам роспісу Станца дэлла Сэн'ятура
– тагачасным Папам. Фантастычна? А чаму не. Узгадайма, да
прыкладу, што сучаснік Скарыны, ліцвін Мікола Гусоўскі,
пра якога ў Еўропе вядома значна менш, быў добра знаёмым
з папам Львом X, і сам атрымліваў ад яго заказы, у тым ліку
на напісанне "Песні пра зубра".
Скарына выйграе справу
Антрапаметрычная
экспертыза ўяўляе сабой дасканалы навукова-матэматычны
метад параўнання чалавечых выяваў і ў асноўным выкарыстоўваецца
ў крыміналістыцы. Сучасныя экспертызы праводзяцца з выкарыстаннем
высокатэхналагічных сродкаў, у тым ліку адмысловага праграмнага
забеспячэння, якое маюць на ўзбраенні толькі спецыялісты.
Сутнасць: на выявах, якія параўноўваюцца, праводзіцца замер
розных антрапаметрычных параметраў (даўжыня носа, адлегласць
паміж вачыма і г.д.), якія потым супастаўляюцца.
Усяго такіх замераў робіцца ля тузіна. Самае вялікае разыходжанне
параметраў у праведзенай экспертызе – 0,05 адзінак. Пры
гэтым, у сучаснай судовай практыцы, калі разыходжанне складае
0,06 адзінак і меней, партрэты лічацца ідэнтычнымі. Такім
чынам, калі б справа аб ідэнтычнасці разглядалася ў сучасным
беларускім судзе, вынікі экспертызы паслужылі б доказам
на карысць Скарыны.
Экспертызу праводзілі крыміналісты Акадэміі МУС Беларусі па
замове аспіранткі БДУІР Настассі Паўлоўскай, якая праз год мае
абараніць дысертацыю па… матэматычным мадэляванні. Аднак у яе
працы вельмі вялікі культурны складнік.
– Мадэляванне вельмі важнае для грамадскіх працэсаў, для
ўзнаўлення і расшыфроўкі культурнай спадчыны, – перакананая
аспірантка. – Тэма маёй дысертацыі – "Узнаўленне і
крыптаграфія друкаваных выданняў на аснове "Бібліі" Скарыны".
Пра сваё адкрыццё Наста гаворыць аб'ектыўна, але не без імпэту:
– Паглядзіце ўважліва на гэтыя два партрэты: нават не ўзброенае
камп'ютэрнымі тэхналогіямі чалавечае вока ўгледзіць тут
падабенства. Тое, што мы зрабілі – без пафасу, сур'ёзнае
даследаванне. Вельмі смелая гіпотэза, якую няшмат хто хацеў
прымаць, фактычна атрымала доказ. Зараз мы прадчуваем цікавасць
з боку іншаземных даследчыкаў, як расійскіх, так і заходніх.
За свае даследаванні Настасся ўжо атрымала шэраг міжнародных
узнагародаў, сярод якіх Залаты дыплом за лепшую навуковую
працу на Міжнародным форуме па праблемах навукі і адукацыі
ў Маскве. У бліжэйшых планах сп-ні Паўлоўскай – выйсці на
даследчыкаў рафаэлеўскага жывапісу ў іншых краінах, у тым
ліку ў самой Італіі.
Што да калегаў беларускіх, то некаторыя з іх дагэтуль ставяцца
да вынаходніцтваў Рыгора Максімавіча і Настассі з непрыхаванай
доляй іроніі. А палеміка Рыгора Равякі з прадстаўнікамі
Нацыянальнай акадэміі навук, што мела месца ў сярэдзіне 90-х у
рэспубліканскім друку, нават скончылася судовым разбірацельствам.
Аднак на гэтым спіс праблем, з якімі сутыкаюцца даследчыкі,
не абмяжоўваецца. Аказваецца, пры правядзенні экспертызы
яны карысталіся выявамі, якія па памерах не перавышаюць
некалькіх сотняў квадратных сантыметраў! Таму, што доступу
да больш якасных няма.
– Відарысы дрэнныя. У нас была вельмі вялікая праблема з
аўтапартрэтам, таму што мы не мелі доступу да арыгінала
"Бібліі". Зараз прадпрымаем спробы знайсці больш якасныя малюнкі:
для гэтага трэба, да прыкладу, шукаць іншыя экземпляры "Бібліі"
– у Маскве, Санкт-Пецярбурзе. Справа ў тым, што з прычыны пэўных
умоваў захоўвання выявы на розных асобніках часам адрозніваюцца.
Даследчыкі спадзяюцца ў бліжэйшы час правесці яшчэ некалькі
экспертызаў з больш якаснымі выявамі. Калі і яны будуць
увенчаныя гэткім жа поспехам, сумніваў у сяброўстве Скарыны
з Рафаэлем не застанецца.
Мікола Анішчанка
Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 > < 10 > < 11 > < 12 > < 13 > < 14 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
| |
|