Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

 


Кароткі трыумф узурпатара. Транята (1263–1264г.)

Першы ўнутраны крызіс Вялікага Княства, які распачаўся з забойства Міндаўга, пагражаў самому яго існаванню. Дзяржава, у якой разгараецца ўнутраная смута, хутка траціць адзінства і часта становіцца лёгкай здабычай мацнейшых суседзяў. Нашае гаспадарства ўратавалася толькі дзякуючы шчаслівай збежнасці міжнародных абставінаў, менавіта, часовай адсутнасці сур’ёзнай ваеннай пагрозы звонку. Самыя блізкія тэрытарыяльна, а таму і найбольш небяспечныя яе ворагі, былі або аслабленыя, або моцна занятыя іншымі справамі.

Галіцка-Валынскага княства трапіла ў залежнасць ад татараў і ўжо не магло праводзіць актыўныя вайсковыя аперацыі супраць Літвы. Татары былі за далёка, каб рэальна пагражаць Панямонню, да таго Залатая Арда, таксама перажывала перыяд крызісу і смуты.
Рыцары Тэўтонскага ордэну ў Прусіі аж да 1283 г. займаліся выключна ўнутранымі справамі – ламалі супраціў тубыльчых балцкіх плямёнаў. У інфлянцкай нямецкай калоніі не было ўнутранай згоды – рыжскі архібіскуп і горад Рыга канфліктавалі з Інфлянцкім ордэнам. Спадарыня Гісторыя падаравала маладой ліцвінскай дзяржаве трохі спакойнага часу – усяго толькі два дзесяткі гадоў, але іх якраз хапіла, каб пераадолець унутраны крызіс. Прычына крызісу была адна – вольнае месца на вялікакняскім троне, за якое разгарэлася зацятая і бязлітасная барацьба.
Смерць Міндаўга пацягнула за сабой яшчэ некалькі палітычных забойстваў. У гісторыі чалавецтва атрута ўладай – адна з самых небяспечных душэўных хваробаў. Яна дзейнічае як моцны наркотык і прымушае хворага на ўладу чалавека многім ахвяраваць, каб яе здабыць і ўтрымаць – часам аж да страты чалавечага аблічча. Брат падымаў руку на брата, сын на бацьку, а бацька на сына... Вось і ў Літве ў 1264 г. у смяротнай барацьбе за гаспадарскі трон сышліся блізкія сваякі – стрыечныя браты з рода Міндаўга.
Пасля смерці першага гаспадара пасад вялікага князя спачатку заняў адзін з арганізатараў ягонага забойства – пляменнік (сын сястры) Міндаўга – жамойцкі князь Транята. Галіцка-Валынскі летапісец напрамую звязвае яго з выканаўцам забойства нальшанскім князем Даўмонтам: "Даўмонт шукаў, з кім мог бы забіць Міндаўга і знайшоў сабе Траняту сястрыніча міндаўгавага і з тым думаў забіць Міндаўга. Транята ж быў тады на Жамойці."
Да гэтага Транята лічыўся саюзнікам Міндаўга. Незадоўга да замаху яны разам хадзілі ў вайсковы паход на сталіцу Інфлянцкага ордэна Вердэн. Здавалася, усё складвалася для жамойцкага кунігаса як найлепей. Афіцыйна ён не меў дачынення да забойства першага гаспадара (забіваў Даўмонт). На падставе сваёй прыналежнасці да рода Міндаўга (сын загінуўшага гаспадара – Войшалк, лічыўся выключаным са свецкага жыцця, бо пайшоў у манахі) Транята мог законна і з трыумфам уехаць у сталічны Наваградак. Ягоным надзейным заплеччам заставалася родавае ўладанне ў Жамойціі – матэрыяльная ды вайсковая апора, а таксама месца адступлення на выпадак няўдачы. Супернікаў амаль не засталося, пра гэта паклапаціўся яшчэ Міндаўг, пазабіваўшы ды павыганяўшы мацнейшых кунігасаў з Літоўскай зямлі. Сур’ёзным канкурэнтам бачыўся толькі стрыечны брат Таўцівіл (сын брата Міндаўга) – князь багатага Полацка. Неўзабаве высветлілася, што і той не жывіў у душы братэрскіх пачуццяў да Траняты і меў свае планы адносна літоўскага вялікакняскага трону. Транята прыспешыў развіццё падзеяў і запрасіў Таўцівіла на нараду па ўладкаванню краіны: "І паслаў па брата свайго Таўцівіла ў Полацак, кажучы яму: "Брат! Прыходзь, падзелім зямлю і маёмасць Міндаўгаву" *.
І тут, як паведамляе летапісец: "пачаў думаць Таўцівіл, хочучы забіць Траняту, а Транята сам думаў тое на Таўцівіла".
Напэўна, яны абодва стараліся, каб спатканне выглядала па-братэрску сардэчным, абменьваліся абдымкамі ды пацалункамі. Але пры гэтым адзін аднаму не давяралі, кожны паклапаціўся пра ўласную бяспеку і меў пры сабе надзейную ахову. Лёс Міндаўга быў яскравым прыкладам таго, як магла вырашыцца праблема пераемнасці ўлады. Сустрэча, як і варта было чакаць, дабром не скончылася. Прайграў Таўцівіл – загінуў, здраджаны чалавекам з бліжэйшага атачэння. Летапісец безстаронне сведчыць: "І пранёс задуму Таўцівілаву баярын яго Пракоп Палачанін, Транята ж апярэдзіў і забіў Таўцівіла і пачаў княжыць адзін."
Транята зноў меў шчасце і, каб замацаваць свой поспех, вырашыў высекчы род Таўцівіла пад корань. Чарговай ягонай ахвярай меў быць сын Таўцівіла – адпаведна, стрыечны пляменнік Траняты. Аднак задуму яго перакрыжаваў слаўны горад Полацак. Палачане не спалохаліся крыважэрнага кунігаса, адмовіліся выдаць свайго княжыча і дапамаглі яму з’ехаць у Вялікі Ноўгарад – далей ад літоўскіх межаў. Полацак – слаўнейшы, старажытнейшы ды багацейшы беларускі горад аддаўна ўважліва сачыў за выдарэннямі ў саюзнай Літве. Выратаванне маладога князя было не толькі праявай высакародства ды хрысціянскай міласэрнасці, але мела выразны палітычны кантэкст. Палачане недвузначна выказалі свае адносіны да ўзурпатара Траняты, а таксама да свайго князя, які быў балтам па паходжанні. Гэты ўчынак становіцца ў доўгі шэраг фактаў, якія супярэчаць даўняй версіі пра заваёву балцкімі (літоўскімі) кунігасамі беларускіх земляў і гарадоў. Бо цяжка ўявіць, каб гордыя палачане, спрадвеку рашуча бараніўшыя свае спрадвечныя свабоды (у 14 ст. Полацак далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага на правах шырокай аўтаноміі) ратавалі сына заваёўніка, уваходзячы ў небяспечны канфлікт з уладаром Літвы. Не выклікае сумненняў, што Таўцівіл быў запрошаны на полацкі стол у якасці г.зв. служылага князя паводле старажытнай традыцыі – па рашэнню веча. Этнічнае паходжанне князя ў гэтым выпадку не мела істотнага значэння, галоўнае – ягоны ваенны талент. Акрамя таго, полацкі князь мусіў быць праваслаўным хрысціянінам. У найстаражытным асяродку беларускага хрысціянства гэта разумелася само сабой, гэтаксама як і ў іншых частках Русі, дзе хрысціянства мела даўнія традыцыі. Князь-язычнік, трапіўшы ў суцэльнае хрысціянскае атачэнне павінен быў прыняць хрышчэнне. Так было ў Полацку, а таксама ў Пскове, Вялікім Ноўгарадзе і ўсіх іншых местах Русі.
Іншая справа – на самой Літве (Віленшчына, Гарадзеншчына, Наваградчына) з яе мешаным хрысціянска-паганскім (славянска-балцкім) насельніцтвам, маладзейшымі і менш трывалымі хрысціянскімі традыцыямі. Там на веравызнанне князя ўвагі звярталі значна меньш. Гаспадар мог заставацца язычнікам, а мог прыняць хрысціянства, што было ягонай асабістай справай. Напрыклад, Міндаўг хрысціўся (у каталіцтва) з палітычных меркаванняў, а потым вярнуўся да веры продкаў, як толькі паправілася міжнароднае становішча краіны.
Язычнік Транята, напэўна, не надта добра арыентаваўся ў хрысціянскіх правілах ды звычаях, або быў свядомы іх меньшай трываласці ды цвёрдасці ў Літве – краіне з даўняй і моцнай традыцыяй язычніцтва. Таму ў змаганні за ўладу ён, верагодна, бачыў сур’ёзным супернікам хрысціяніна-манаха Войшалка, які па родаваму праву, як сын Міндаўга, меў нашмат большыя правы на гаспадарскі трон.
Войшалк, здаецца, аналагічна ацэньваў сітуацыю, бо не стаў чакаць свайго сваяка ў Наваградку, а хуценька з’ехаў на Палессе – у Пінск, знайшоўшы там, як сёння кажуць, палітычны прытулак. Напэўна, Войшалк добра ведаў стрыечнага брата, таму не спадзяваўся на абарончую моц сваіх манаскіх шатаў.
Можна паспрабаваць уявіць, як у галоўную браму Наваградка пад гул трубаў ды грукат бубнаў уязджае на пародзістым кані Транята, убраны ў багатыя даспехі, з перакінутай цераз плячук касматай звярынай шкурай. За ім валам валіць верная жамойцкая дружына, якая сапраўды шчыра весяліцца ды радуецца незвычайнай падзеі. Воям Траняты ёсць чаму радавацца – наперадзе іх чакае багацце і слава. Наваградчане стаяць абапал дарогі на валах і вуліцах, вітаюць пераможцу, але, падобна, мала хто робіць гэта шчыра – у горадзе занадта шмат (тое выявіцца трохі пазьней) засталося прыхільнікаў забітага гаспадара і ягонага жывога яшчэ сына.
За сваё кароткае кіраванне Транята паспеў арганізаваць адну даволі буйную вайсковую аперацыю – выправу на Мазовію і ордэнскую Прусію (менавіта, на ваколіцы Торуня – каля 400 км ад Літвы). Да ягонага войска далучыліся атрады яшчэ непакораных крыжакамі прусаў. Ордэнскі храніст Пётра Дзюзбург занатаваў: "Мазоўша, другі супраць Памезаніі, і рабункам і агнём спустошыў абедзьве зямлі. Астатнія наехалі на Хэльмінскую зямлю ды, апроч таго, што нарабілі там шмат шкодаў, то яшчэ здабылі замак Бежглава, ды забралі быдла і маёмасць братоў (рыцараў ордэна – А.К.) і людзей, якія хаваліся ў замку. Браты і людзі, якія бараніліся ў адной вежы, ацалелі".
Аднак цешыцца ўладай над Літвой Траняце давялося нядоўга. Праз некалькі месяцаў зімой 1263/1264 гадоў (дакладная дата невядомая) ён сам стаў ахвярай замаху – верныя слугі Міндаўга адпомсцілі за смерць свайго пана. Галінска-Валынскі летапіс інфармуе: "пасля пачалі думаць канюшыя Міндаўга, чатыры парабкі, як бы ім забіць Траняту; ён жа ішоў да мыйніцы? мыцца, яны падпільнаваўшы ў гэты час, яго забілі". Застаецца толькі канстатаваць спрадвечную гістарычную заканамернасць – той, хто выпусціў на волю дэмана забойства, урэшце сам стаў ягонай ахвярай.
Некаторыя з польскіх храністаў, зыходзячы з логікі выдарэнняў, у пошуку адказу на пытанне: "Каму гэта было патрэбна?", назвалі арганізатарам ліквідацыі Траняты Войшалка. Невядома, праўда тое ці не, але ад смерці Траняты пачаўся найвышэйшы ўзлёт палітычнай кар’еры таго нібыта князя, нібыта чарняца-манаха...

Алесь Краўцэвіч

_________________________

* Выказванні дзеючых асобаў на старонках сярэднявечных летапісаў і хронік – тагачасны літаратурны прыём, таму не могуць лічыцца аўтэнтычнымі.


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 > < 10 > < 11 > < 12 > < 13 > < 14 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2007 Вялікае Княства