Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

 


Саюз Беларусі і Расіі. Сем захадаў Льва Сапегі

1. Падарункі і падман

Знаёмства з Масковіяй пачалося для Льва Сапегі вясной 1584 года, калі яму не было і 27 гадоў. Прызначаны кіраўніком Рэчпаспалітага пасольства, ён выправіўся да Івана IV, каб падпісаць мір. Наогул жа, мэта візіту зводзілася да вырашэння дзвюх асноўных задач: ваенна-палітычнай (засцерагчы паўднёвыя рубяжы Рэчы Паспалітай ад набегаў крымскіх татар) і гандлёва-эканамічнай (разам з ім 29 беларускіх купцоў на 177 вазах везлі ў Маскву свае тавары). Гарантыяй поспеху павінны былі стаць каштоўныя падарункі ад паноў рады і караля Сцяпана Батуры – пародзістыя коні, залачоная збруя, пістолі, срэбныя кубкі, аздобленая разьбой карэта ды іншае багацце. Але Іван IV раптоўна памёр, і прыйшлося чакаць каранацыі яго сына Фёдара Іванавіча. Для Сапегі гэта былі самыя змрочныя часіны. Спачатку яго ды іншых паслоў, нібы злачынцаў, пад аховай правезлі па ўсёй Маскве, а потым надоўга зачынілі ў сценах пасольскай рэзідэнцыі. Наўкола не сціхалі баярскія звадкі, вуліцы горада былі залітыя крывёю. Стральцы, падбухтораныя Багданам Бельскім, аблажылі Крэмль, забілі князёў Мсціслаўскага ды Шуйскага. Ашалелы натоўп гатовы быў учыніць расправу над кожным, у тым ліку, над замежнымі пасламі… Але абышлося. Нават, прыдалося. Бо менавіта ў гэтыя смутныя дні Сапега здолеў убачыць непрыхаваны твар Масквы, зразумець таямніцы расійскай душы і палітыкі.
Калі безуладдзе скончылася і адбылася першая аўдыенцыя, нечакана паўсталі новыя праблемы. Напачатку маскоўскія баяры ледзь не перарэзалі адзін аднаго ў барацьбе за месца на перамовах, а потым перасварыліся і раз'ехаліся. У выніку размаўляць давялося з невялікай купкай набліжаных да трона асоб. Але і тыя не зусім разумелі, навошта ім мірная дамова з Рэччу Паспалітай.
Пераканаць новага маскоўскага манарха ў неабходнасці міру атрымалася толькі дзякуючы старому, але надзейнаму ў палітыцы спосабу. Сапега наўмысна паведаміў, што туркі нібыта рыхтуюцца да вайны з Масковіяй, і што султан шукае падтрымкі ад палякаў ды беларусаў, якія, натуральна, ўсім сэрцам з Масквой. Скарыстаўшыся нявопытнасцю маладога цара, Сапега дамогся-такі ад Фёдара Іванавіча падпісання дзесяцігадовага міру. Больш таго, здолеў без выкупу вызваліць з палону 900 беларусаў!
Небывалыя вынікі перамоў з Масковіяй прынеслі Сапегу славу самага паспяховага ў Еўропе дыпламата на ўсходнім накірунку. А Сцяпан Батура ўзнагародзіў яго землямі і пасадай падканцлера Вялікага Княства.

2. Агульная рэлігія

Нішто так не аб'ядноўвае народы, як агульная рэлігія. У дачыненні да Беларусі і Расіі гэта – праваслаў'е. Але мала хто ўяўляе, што дзякаваць за такую гістарычную акалічнасць усе мы павінны Льву Сапегу. Менавіта ён першым занепакоіўся, калі ў 1585 годзе стала вядома аб намеры Максіміліяна, брата імператара "Святой рымскай імперыі германскай нацыі" Рудольфа, заняць маскоўскі трон замест Фёдара Іванавіча. Абранне такога цара магло азначаць і тое, што неўзабаве Расія патрапіць у палон каталіцызму. Каб засцерагчыся ад такіх наступстваў, Сапега неадкладна накіраваў у Маскву пасольства Гарабурды, які, пераняўшы дыпламатычны досвед падканцлера, змог пераканаць маскоўскіх баяр у немэтазгоднасці паяднання з каталіцкім светам.
Але такая "немэтазгоднасць" насамрэч тлумачылася ўласнымі інтарэсамі ВКЛ. Сапегу, які ўжо меў на Масковію свае планы, куды больш задавальняла панаванне ў Расіі праваслаў'я. Па-першае, праваслаўе не мела глыбокіх каранёў на каталіцкім захадзе, па-другое, было "сваёй" рэлігіяй і для беларусаў. А гэта значыць, з усіх "заходніх" прэтэндэнтаў на расейскі трон толькі прадстаўнікі ВКЛ (як адзінаверцы) маглі разлічваць на падтрымку набожнага расейскага народа і праваслаўнай царквы.

3. Улада рэальная і ўяўная

У 1587 годзе, страціўшы свайго галоўнага абаронцу Сцяпана Батуру, Сапега разам з тым адчуў, што надышоў час, калі ён самастойна можа вырашыць два самых істотных для сваёй краіны пытання – абараніць незалежнасць Вялікага Княства ад Польшчы і пашырыць сферу свайго ўплыву на Масковію. Прычым, адным крокам – стварыўшы федэрацыю Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы з адзіным каралём (Вялікім князем).
Абраць каралём ён прапанаваў цара Фёдара Іванавіча, паколькі быў упэўнены, што той ніколі не будзе займацца праблемамі Вялікага Княства, ніколі не пакіне спадчынны трон у Маскве і не рызыкне паехаць у Рэч Паспалітую. Такім чынам, абранне цара Фёдара адначасова гарантавала Вялікаму Княству першынство над Польшчай і пазбаўляла ад пагрозы з усходу. Пры гэтым рэальная ўлада заставалася ў руках самога Сапегі.
Натуральна, Сапега зрабіў усё магчымае, каб кандыдатура Фёдара атрымала большасць галасоў. Ён прыняў ў Вільні маскоўскае пасольства на чале з баярынам Ржэўскім і паабяцаў паслам усялякую падтрымку. Затым выправіў ў Маскву князёў Агінскага і Чарнікоўскага ўдакладніць умовы, на якіх будзе падтрымліваць кандыдатуру Фёдара Іванавіча.
Але, калі 4 жніўня 1587 года на Варшаўскім элекцыйным Сойме адбылася сустрэча з маскоўскімі пасламі, тыя нечакана пачалі аспрэчваць амаль кожнае пытанне. Больш за тое, высветлілася, што цар Фёдар у адрозненні ад іншых кандыдатаў адмовіўся выплаціць ў абарону Рэчы Паспалітай дзвесце тысяч рублёў. Пры такіх абставінах цяжка было разлічваць на абранне яго каралём, таму Сапега мусіў адмовіцца ад падтрымкі Фёдара (і, адпаведна, стварэння федэрацыі) ды аддаў свой голас за шведа Жыгімонта Вазу.

4. Ідэалагічная экспансія

Выбары, вайна, падпісанне міру зазвычай пачынаюцца з прапагандысцкай кампаніі. Сэнс яе ў тым, каб папярэдне павярнуць грамадскую думку ў патрэбны накірунак і такім чынам у адказны момант зменшыць рызыку і пазбегнуць вялікіх ахвяр. Пасля правалу на выбарах у слушнасці такога падыходу пераканаўся і Сапега. Ён зразумеў: нельга вырашаць сур'ёзныя пытанні падчас некалькіх сустрэч з непадрыхтаванымі людзьмі. Трэба загадзя фарміраваць свядомасць маскоўскай эліты.
Адным з такіх крокаў стала прыняцце ў 1588 годзе трэцяга статута Вялікага Княства, які гарантаваў эканамічную, палітычную, культурную незалежнасць краіны і быў, бадай, самым прывабным і прагрэсіўным у Еўропе. Статут Вялікага Княства выйшаў на тагачаснай беларускай мове і, што не менш важна, – на мове, даступнай для адукаваных людзей Расіі (эліты). Такім чынам, Сапега свядома ўзяў накірунак на збліжэнне Масковіі і Вялікага Княства. А калі казаць мовай сучасных палітыкаў, – пачалася ідэалагічная экспансія Расіі.

5. "Свой" цар

У 1589 годзе Сапега быў прызначаны канцлерам і цяпер мог ушчыльную заняцца падрыхтоўкай да падпісання ўніі (пагаднення аб саюзе, аб'яднанні дзяржаў). Разам з тым, Сапега разумеў, што час патрабуе новых падыходаў і сродкаў. У выніку пры двары караля Жыгімонта была заснавана сакрэтная школа па падрыхтоўцы шостай калоны, якая павінна была стварыць у Маскве спрыяльныя ўмовы для пасоўвання на расейскі трон "свайго" цара, які і падпісаў бы ўнію. Плёнам гэтай працы стала з'яўленне двух Ілжэдзмітрыяў.
Так расійскі гісторык Салаўёў упэўнены, што менавіта Леў Сапега пры сваім двары выхаваў юнака, якому ўвёў у вушы, нібыта ён – царэвіч Дзмітрый, выратаваны лекарам Сімяонам ад забойцаў, падасланых да яго Барысам Гадуновым у Вугліч у 1591 годзе. Беларускі след прасочваецца і надалей. Вядома, што Ілжэдзмітрый I заявіў пра сябе, як царэвіча, ў маёнтку князя Вішнявецкага, з якім Сапега меў сталыя зносіны, а першы, хто "прызнаў" царэвіча Дзмітрыя, быў слуга канцлера, нейкі Пятроўскі, ураджэнец Масковіі.
Беспамылковым апынуўся і вобраз "народнага героя", на які зрабіў стаўку Сапега. Першы этап кампаніі абышоўся без неспаспадзевак, і 20 чэрвеня 1605 года Ілжэдзмітрый I з трыумфам увайшоў у Маскву. Амаль год ён наводзіў там свае парадкі. Але да падпісання міждзяржаўных пагадненняў справа так і не дайшла. Сапега вінаваціў у гэтым непасрэднага выканаўцу – ваяводу Юрыя Мнішака, той – Сапегу. Так і не знайшоўшы агульнай мовы, яны перасварыліся, і ў выніку 17 мая 1606 года Ілжэдзмітрый I быў забіты дваранскімі наймітамі.
Але, нягледзячы на няўдачу, канцлер Вялікага Княства не адмовіўся ад сваёй задумы. Наадварот, з яшчэ большым імпэтам узяўся за падрыхтоўку новых "царэвічаў".

6. "Уратаванне" братоў-славян

У 1607 годзе на Беларусі, у Прапойску, з'явіўся чарговы "цар", беларус па паходжанні – Ілжэдзмітрый II, або, як яго пазней называлі, "Тушынскі злодзей" (антыгерой). Пры падтрымцы беларускай шляхты, найперш харугвы Будзілы з Мазыра ды корпусу Яна Сапегі, у траўні ён рушыў на Маскву і ў чэрвені заняў Тушына. Паміж тушынцамі ды царскімі войскамі завязаліся жорсткія баі, якія не спыняліся амаль паўтары гады.
Гэту сітуацыю і скарыстаў Сапега. Ён абвясціў, што, як "сапраўдны сябра", абавязаны прыйсці на дапамогу Масковіі ды пакараць "злодзея" Ілжэдзмітрыя II і яго саўдзельнікаў за самавольства ды парушэнне міру між дзвюма дзяржавамі.
19 верасня 1609 са сваім корпусам Сапега быў ужо пад Смаленскам. Следам падышло каралеўскае войска, якім кіравалі Жыгімонт III і яго сын Уладзіслаў. Сюды ж, як па загадзе, прыехалі і маскоўскія дваране, якія раней служылі "Тушынскаму злодзею". Яны гучна віталі "вызваленцаў", ухвалялі караля Рэчы Паспалітай і выказвалі жаданне бачыць яго сына на маскоўскім троне.
Надалей Сапегу заставалася гэтак жа добра завяршыць задуманы ім жа спектакль. Ён тэрмінова ўзяўся за падрыхтоўку дакумента, у якім акрэсліваліся ўмовы каранацыі Уладзіслава і ягонага царавання ў Маскоўскай Русі. 14 лютага 1610 года дакумент быў перададзены маскоўскаму дваранству, і яго падтрымала значная частка баяраў. Наступным крокам трэба было пазбавіцца ад ужо непатрэбных гаспадароў Масквы. У сталіцы пачаліся хваляванні. 19 ліпеня 1610 года Васіля Шуйскага прымусова пастрыглі ў манахі. А ў ноч з 20 на 21 верасня рэчпаспалітае войска заняло Маскву.
Але каранацыя Уладзіслава зацягвалася, бо напачатку Сапега хацеў атрымаць ва ўладанні Вялікага Княства Смаленск і яго землі. 3 чэрвеня 1611 пасля доўгай аблогі Смаленск капітуляваў. Здавалася б, самы час заняцца каранацыяй. Але сродкаў на тое, каб трымаць велізарную армію пад Масквой, ужо не было. Да таго ж, на дапамогу маскоўцам рушыў корпус шведаў на чале з Якавам Дэлагардзі. І Сапега быў змушаны вярнуцца на радзіму. У Маскве засталіся толькі нешматлікія харугвы Яна Сапегі ды Яна Караля Хадкевіча, але і яны праз некаторы час пакінулі горад.

7. Апошні аргумент: вайна

Напрыканцы жыцця Сапега разумеў аб'яднанне Вялікага Княства і Маскоўскай дзяржавы толькі ў адным сэнсе – праз гвалтоўны захоп Масквы. У 1617 годзе ён арганізаваў чарговы паход, у якім апрача беларускіх ды польскіх жаўнераў удзельнічаў 20-тысячны аддзел запарожскіх казакаў. Увосень 1618 года Рэчпаспалітае войска штурмавала Маскву. Але беспаспяхова. Пачалася працяглая аблога, якая хутка ўсім надакучыла. У войску з'явілася расчараванне, жаўнеры патрабавалі абяцанай узнагароды па тысячы злотых. А грошай ў канцлера не было. Апошняй кропкай стала з'яўленне ў небе над Масквой каметы. Яна была успрынятая, як Боскі знак. Усе чакалі жахлівых наступстваў. Але неўзабаве беларускія харугвы спынілі аблогу і падаліся на радзіму. А камета... яна стала своеасаблівым сімвалам пахавання так і не створанага саюза дзвюх дзяржаў.

Уладзімір Давыдоўскі


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 > < 10 > < 11 > < 12 > < 13 > < 14 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2007 Вялікае Княства