|

|
|
Ліцьвінскія хронікі. Міндоўг
(фрагменты)
У XIII стагоддзі назоў Літва альбо Лютва быў надзвычай распаўсюджаны на славянскіх землях. Існавалі, а часткова і засталіся такія селішчы ў Чэхіі, Славаччыне, на Смаленшчыне. Свая “Літва”, а дакладней “terra Lytua” была нават у Румыніі. Прычым, царкоўныя службы і дзяржаўнае справаводства там вяліся на славянскай мове. Шмат такіх мястэчак і на абшарах тагачаснай цэнтральнай Беларусі. Паміж Наваградкам і Менскам. Таму не дзіва, што дзяржава, якая ўзнікла на гэтых землях, займела менавіта такую назву.
Адметна і тое, што заснавальнік Вялікага Княства, князь Міндоўг альбо Міндаў меў па сцверджанню лінгвістаў славянскае імя. А калі ўзгадаць выснову гісторыка Ермаловіча пра тое, што Міндоўг мог з'яўляцца нашчадкам полацкага князя Рагвалода і правесці паралель – Літва-Лютва-Люты – навідавоку славянскія вытокі. Што, зрэшты, не супярэчыць ідэі славяна-балцкага субстрата. Тым не менш, ідэнтыфікацыя Літвы дагэтуль застаецца адным з найбольш дыскусійных пытанняў. Хаця першапрычына спрэчак палягае хутчэй у палітыцы, чым жаданні аднавіць гістарычную праўду.
Князь Міндоўг – заснавальнік Вялікага Княства – па характары і вобразу жыцця быў ваяром. Па тактыцы – стратэгам. Па светапоглядзе – як і бальшыня тагачасных ліцвінаў – язычнікам.
Тым не менш, у 1246 годзе Міндоўг прымае праваслаў’е, пасля чаго заможны Навагрудак абірае яго сваім князем. Але такое рашэнне сыходзіць не толькі з рэлігійных меркаванняў ды набожнасці заможных наваградчан. Яны робяць стаўку найперш на ваярскі вопыт Міндоўга. І маюць рацыю. Ужо праз тры гады княжання раздробленая на маленькія княствы Літва пераходзіць пад адзіную ўладу Міндоўга.
Пры гэтым Міндоўг назаўсёды губляе сваіх былых саюзнікаў. Паўднёвае Галіцка-Валынскае княства – цяпер яго зацяты вораг. На землях пляменнікаў Таўцівіла ды Эдзівіда пачынаецца мяцеж. Да іх далучаюцца жамойцкі князь Вікінт, Лівонскі Ордэн ды Рыжскае арцыбіскупства.
Каб разбурыць гэтую кааліцыю Міндоўг ідзе на прамыя зносіны з Рымам і прымае хрышчэнне паводле каталіцкага абраду. Такі крок дае магчымасць не толькі закончыць вайну з найменшымі стратамі, але і надаць ліцвінскім землям статус еўрапейскай дзяржавы – статус, які на той час можна было атрымаць толькі з рук Папы Рымскага.
Перамовы аб хрышчэнні пачаліся яшчэ ў 1251 годзе. Ліцвінскія паслы сустрэліся з Папай Рымскім Інакенціям IV ў яго міланскай рэзідэнцыі. І неўзабаве Інакенцій IV выдае булу аб тым, што прымае “новае Літоўскае каралеўства да права і ўласнасці Святога Пятра”. А свайму біскупу Кульмскаму дае наступны наказ: “Даручаю... нашаю ўладаю каранаваць Міндова на караля ўсяе Літовіі і ўсіх земляў, якія ён з дапамогаю сілы Божае ўжо вырваў ці вырве з рук няверных. Учыні таксама, каб усе прысутныя там безумоўна падпарадкоўваліся яму як каралю ва ўсім, што датычыць каралеўскай годнасці. Але так, каб і ён сам і ягоныя наступнікі прызнавалі, што згаданае каралеўства і памянёныя землі яны атрымалі навечна з апостальскага пасаду”.
Неўзабаве папскі пасланец выпраўляецца ў Літву для хрышчэння і каранацыі Міндоўга каралеўскай каронаю. Каранацыя адбываецца ўлетку 1253 года (па іншых звестках увесну 1252 года) ў Наваградку. Якраз з гэтага моманту і пачынаецца гісторыя Каралеўства Літовія (Лютовія) альбо Вялікага княства Літоўскага – першае дзяржавы нашых продкаў.
На жаль, першы саюзнік Вялікага Княства – Лівонія – нічым не дапамагла Міндоўгу ў ягонай барацьбе з Галіцка-Валынскім князем Данілам. Больш таго, няўдачы ў гэтай вайне прымусілі Міндоўга пакінуць Навагрудак.
Аднак ваярскае жыццё вялікага князя на гэтым не скончылася. І, калі ў 1258 годзе на Літву рушыў татарскі хан Бурундай (у летапісах – “Кадан”) Міндоўг паўстае з небыцця і вядзе сваё войска ў бой. Праўда, сёння пра тую перамогу Мідоўга над Каданам (Койданам) сведчаць толькі легенды і назва мястэчка, якое ад таго часу завецца – Койданава.
Як і ў жыцці кожнага сапраўднага мужчыны і тым больш ваяра, у Міндоўга была свая ракавая жанчына. А пачалося ўсё са скону яго другой жонкі – Марты, якая дала мужу дзіўны наказ: пасля яе смерці ажаніцца з яе роднаю сястрою, жонкаю нальшчанскага князя Даўмонта. Міндоўг выканаў апошнюю просьбу Марты і падманам ды сілаю ўзяў за сябе чужую жонку. Але пры гэтым прыдбаў лютага ворага ў асобе Даўмонта.
Тагачась у Куроніі, Земгаліі і Жамойціі ўзнімаецца паўстанне супраць крыжакоў. Жамойцкія ўладары на чале з князем Транятам звяртаюцца да Міндоўга па дапамогу. Міндоўг парывае адносіны з Ордэнам, выракаецца каталіцкай веры, абвяшчае сябе язычнікам і ідзе ратаваць язычніцкую Жамойцію. Разам ліцвіны і жамойты перамагаюць крыжакоў. Але жамойцкія магнаты хутка забываюцца на сяброўскую паслугу і ўпотай рыхтуюць змову цяпер ужо супраць Міндоўга. Іх мэта – ліцвінскі трон і карона.
Транята і Даўмонт – іх саюз стане для Міндоўга ракавым...
Адчуваючы нядобрае, напрыканцы 1262 года Міндоўг выпраўляецца ў Рым. Там ён просіць у Папы Рымскага Урбана IV дараванне за разрыў з хрысціянствам і вяртаецца ў каталіцтва. Затым выпраўляецца на вайну. Але цяпер галоўную небяспеку для яго ўяўляюць ужо не ворагі, а саюзнікі.
У 1263 годзе нальшанскі князь Даўмонт і жамойцкі Транята, паразумеўшыся, наважваюцца на забойства. Заманіўшы Міндоўга ў пастку, яны забіваюць яго разам з двума сынамі.
Гэтае забойства скаланула жыццё Вялікага Княcтва і яго суседзяў настолькі, што сведчанні пра яго занатаваныя як ва ўсходніх так і заходніх летапісах. Прычым, усе летапісцы асуджаюць завадатараў і выканаўцаў забойства.
У краіне пачынаецца хаос, перадзел улады ды земляў. Здзяйсняецца шэраг палітычных забойстваў. У выніку – да ўлады прыходзіць найбольш жорсткі і разліковы з прэтэндэнтаў – князь Транята.
На гэтым і заканчваецца жыццялетапіс першага караля літоўскага Міндоўга. Зрэшты, гісторыя гэтая мае свой паскрыптум.
У 1618 годзе каля мястэчка Аглона ў Лівоніі была знойдзеная мармуровая пліта з напалову сцёртым надпісам: “Mendocus Dux Lithuanas...”, і датай – 12 верасня 1263 года. Лічыцца, што гэтая пліта стаяла на магіле Міндоўга, на месцы яго забойства. Тым не менш, народныя паданні запэўніваюць, што пахаваны Міндоўг ў Наваградку. А на месцы яго магілы насыпаны вялікі курган, які дагэтуль завуць гарой Міндоўга.
Уладзімір Давыдоўскі
Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 > < 10 > < 11 > < 12 > < 13 > < 14 >
Тэксты пададзены на мове арыгінала
|
|
|