Вялікае Княства
Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка By | Rus | Pol | Eng

 

 


Ab actu ad potentiam
(Ад сапраўднага да магчымага)

Нехта з сатырыкаў сказаў, што гісторыя пачынаецца тады, калі ўжо нічога немагчыма праверыць. Як у кожным жарце, тут ёсць доля праўды, ды не малая. І што самае цікавае, пры тых жа ўмовах часам робяцца гістарычныя адкрыцці. Пра адно з іх і пойдзе далей гаворка.

У 2003 годзе літаратуразнаўца Жанна Некрашэвіч-Кароткая наведала кракаўскую бібліятэку князёў Чартарыскіх, каб бліжэй пазнаёміцца з шэдэўрам беларускай паэзіі эпохі Адраджэння – "Песняй пра зубра" Міколы Гусоўскага. Справа ў тым, што арыгінальнае выданне гэтага твора захавалася (і знаходзіцца ў названай бібліятэцы) ў адзіным экземпляры збору твораў паэта, які пабачыў свет у 1523 годзе ў друкарні Хераніма (Гераніма) Ветара. Гартаючы старонкі рарытэтнага выдання, даследчыца убачыла нешта незвычайнае…
"На апошняй старонцы экземпляра бібліятэкі князёў Чартарыскіх, – распавядае Ж.Некрашэвіч-Кароткая, – паўстаў перад маімі вачыма намаляваны бюст з тварам, павернутым у профіль, на пастаменце, што стаіць на ўзгорку, парослым травою. Дзівосная выява з трох бакоў заключана ў рамку і знаходзіцца ў атачэнні некалькіх надпісаў, зробленых на трох мовах: лацінскай, старагрэчаскай і старагабрэйскай. Зверху – па-лацінску: "Лепш за ўсё звычайна запамінаецца апошняе". Ніжэй, у непасрэднай блізкасці да партрэтнай выявы – ізноў па-лацінску: "Не прызнаю аніякай мяжы", прычым слова "мяжа" (terminus) напісана на "пастаменце". Яшчэ ніжэй – зноў па-лацінску: "Чалавеку прызначана чакаць дзень, і не саграшыш у вяках". Ніжэй – па-старагрэчаску: "Будзьце пільнымі, бо не ведаеце ані дня, ані часу". Нарэшце, самы ніжні надпіс – па-старагабрэйску: "Блаславёны Бог навечна, амэн, з апошнімі днямі Яго". Уздоўж левай рамкі партрэтнай выявы – надпіс па-старагрэчаску: "Ты бачыш канец доўгага жыцця". Уздоўж правай рамкі – надпіс па-старагабрэйску: "Ты зрабіў, і гэта не праміне" ("Звязда", 31 мая, 2003г.).
Даследчыца ўпэўнена – гэта партрэт Міколы Гусоўскага! Патлумачу: гісторыя не захавала партрэтнай выявы ці апісання знешнасці паэта (у адрозненні ад Ф.Скарыны, які змяшчаў свае гравюрныя партрэты ва ўласных выданнях). Усе выявы М.Гусоўскага, якія можна ўбачыць у падручніках, на асобных карцінах і г.д. – плод фантазіі і ўяўлення сучасных мастакоў: А.Кашкурэвіча, Э.Агуновіча, Я.Куліка, В.Басалыгі, М.Селяшчука, А.Марачкіна, М.Купавы. Адкрыццё сапраўднага партрэта славутага паэта было б сенсацыяй. Чаму было б? Таму што з Ж.Некрашэвіч-Кароткай шмат у чым можна паспрачацца (дарэчы, ніхто з вядомых і аўтарытэтных беларускіх навукоўцаў, такіх як А.Мальдзіс, В.Чамярыцкі, не пацвярджаюць яе вынаходніцтва).
Лацінскае слова "terminus" мае акрамя значэння "мяжа" яшчэ адно: Тэрмінусам называўся Бог Мяжы. І тое, што гэта подпіс на пастаменце, дазваляе лічыць знойдзены партрэт выявай бажаства. Змешчаныя ля яго выказванні абсалютна не пярэчаць таму, бо гавораць аб прамежкавым стане чалавечага існавання – паміж жыццём і смерцю, аб вартасці і дарэмнасці чалавечых спраў. Да таго ж, надта сумніўным здаецца сам так званы партрэт. Хіба ў традыцыях рэнесансавай культуры ствараць такі вобраз дзеяча, што ўваходзіў у склад польска-літоўскай дыпламатычнай місіі, ды ў кнізе з прысвячэннем каралеве Боне Сфорца? Узгадайце тыя ж скарынаўскія партрэты, дзе няма ні растрапаных ветрам валасоў, ні аголенага торсу.
Магчыма, знаходка Ж.Некрашэвіч-Кароткай – не партрэт М.Гусоўскага, а друкарскі знак выдаўца. Для таго, каб дакладна гэта ведаць, трэба, насуперак сцверджанню аб немагчымасці праверкі гістарычных фактаў, даследаваць іншыя выданні Хераніма Ветара. Так бывае ў гісторыі: няверны крок прыводзіць да адкрыцця новых шляхоў.

Наталля Якавенка




Ad impossibilia nemo obligatur
(Да немагчымага нікога не абавязваюць)

Гісторыя, безумоўна, дама капрызная: часта мяняе свае погляды, шмат чаго недагаворвае, нярэдка хлусіць. Затое сумаваць з ёй не даводзіцца – можа падкінуць сюрпрыз там, дзе, здавалася б, не павінна існаваць ніякіх праблем. Прыкладам нават гісторыя беларускай літаратуры.

Здаўна павялося, што "яблык раздору" прыносіць жанчына. Так і ў айчыннай гісторыі: Жанна Некрашэвіч-Кароткая знайшла "партрэт" Міколы Гусоўскага, а прафесар Ніна Мечкоўская нечакана паставіла пад сумненне аўтарства камедыі "Пінская шляхта", якую, як дагэтуль было вядома і навукоўцам, і школьнікам многіх пакаленняў, напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Але пра ўсё па парадку.
Створаная ў 1866 годзе, "Пінская шляхта" была знойдзена ў архіве калекцыянера старажытнасцяў Аляксандра Ельскага ў 1884г, пасля смерці В.Дуніна-Марцінкевіча, а затым і ў архіве этнографа і фалькларыста Яна Карловіча (відаць, існавала некалькі спісаў камедыі). Пры жыцці пісьменнік ніводнага разу не згадаў пра гэты твор як уласны. Між тым, у знойдзеных рукапісах яго почарк.
П’еса зусім не падобная на ўсе папярэднія творы В.Дуніна-Марцінкевіча. Узяць хаця б "Ідылію" – "Пінская шляхта" на парадак вышэй па стылі, сюжэтабудаванні, тэматыцы. Няўжо драматург перарос сам сябе? Калі нават так, чаму тады не абнародаваў новы звышудалы твор? Прыкладна тыя ж пытанні ўзніклі і ў Ніны Мечкоўскай. Свае адказы на іх яна апублікавала ў альманаху "Wiener Slawisticxer" (BD.46, 2000г.) і патлумачыла для айчынных СМІ ("СБ" за 30.06.2006г.).
Паводле высноў прафесара Н.Мечкоўскай, тэма "Пінскай шляхты", якая з’яўляецца пародыяй на тагачасную судовую бюракратычную сістэму, чужая для В.Дуніна-Марцінкевіча. А між тым твор напісаны што называецца з веданнем справы, таму аўтар – чалавек, які добра разбіраўся ў юрыспрудэнцыі. Магчыма, гэта юрыст па адукацыі, пісьменнік, чыя творчасць вызначалася вострай сатырычнай скіраванасцю, – Францішак Багушэвіч! Ну а тое, што ёсць аўтограф п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча, яшчэ не значыць, што гэта яго твор. Пасля падаўлення паўстання 1863 года пісьменнікам цяжка было друкаваццца, таму распаўсюджваліся рукапісныя копіі твораў. Так што і В.Дунін-Марцінкевіч мог перапісаць камедыю, створаную іншым аўтарам. Знайшлі ж у яго ўласным архіве адну з копій "Тараса на Парнасе" (і яшчэ выдвігалі гіпотэзу прыналежнасці Дуніна-Марцінкевіча да напісання, пакуль вядомы літаратуразнавец Генадзь Кісялёў не даказаў, што паэма належыць Канстанціну Вераніцыну).
Гучыць нібыта доказна, але Ніне Мечкоўскай можна не менш абгрунтавана запярэчыць. Адзін з апанентаў – даследчык творчасці драматурга Язэп Янушкевіч – сцвярджае наступнае: у 1830-я гады Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч падпрацоўваў у прыватнай юрыдычнай канторы Юзэфа Бараноўскага. Пазней пісьменніка абвінавачвалі ў падробцы дакументаў, чаму ён навучыўся ў таго ж Ю.Бараноўскага. Такім чынам, пэўнае веданне юрыспрудэнцыі мае месца. А прызнацца пасля паўстання Каліноўскага ў напісанні твора, дзе крытыкуецца дзяржаўная судовая сістэма, было немагчыма. Вось таму і не згадваў пісьменнік пра п’есу.
Але самым моцным контраргументам можа быць ліст дачкі В.Дуніна-Марцінкевіча Камілы, напісаны пасля смерці бацькі Я.Карловічу, у якім ёсць радок: "Акрамя таго, дасылаю яшчэ адзін твор майго бацькі, "Пінская шляхта"…" (Язэп Янушкевіч "За архіўным парогам", Мн., 2002г.). Па ўсяму відаць, Ніна Мечкоўская пра гэты дакумент нічога не ведае. Цікава, што яна можа сказаць у адказ – што Каміла Марцінкевіч памылілася?..

У спрэчцы павінна нараджацца ісціна. Пакуль яе няма – паміж дзвюма рознымі меркаваннямі паўстала праблема, якая наўрад ці вырашыцца ў бліжэйшай будучыні. Застаецца спадзявацца на суд Гісторыі, але пры яе няўстойлівым характары вынікі могуць быць самымі непрадказальнымі.

Наталля Якавенка


Старонка < 1 > < 2 > < 3 > < 4 > < 5 > < 6 > < 7 > < 8 > < 9 > < 10 > < 11 > < 12 > < 13 > < 14 >

Тэксты пададзены на мове арыгінала

 

 

Падзелы:  Пачатак | Факты | Гісторыя | Літаратура | Музыка | Мастацтва | Галерэя | Бібліятэка | FAQ | Даведка

Copyright © 2006-2007 Вялікае Княства